Найти в Дзене
Наш край

Рэчыцкія ўмацаванні

Рэчыцкія ўмацаванні — комплекс драўляна-земляных абарончых збудаванняў 12-18 ст. у Рэчыцы. Умацаваны цэнтр старажытнай і сярэдневяковай Рэчыцы займаў звычайнае першабытнаабшчыннае гарадзішча (пл. 0,25 га), якому надалі авальную форму, абнеслі валамі аддзялілі ад берагавога плато дугападобным ровам. Даследчыкі мяркуюць, што ўжо ў 13 ст. пасад, які паўколам атачаў умацаваны цэнтр, меў уласную лінію ўмацаванняў.

З апошняй чвэрці 15 ст. і да 1569 тэрыторыя вакол Рэчыцы была зонай грабежніцкіх нашэсцяў крымскіх татар. Пасля чарговага набегу ў 1529 дзяржаўца рэчыцкі Сямён Палазовіч прасіў у вялікага князя ВКЛ i караля Польшчы Жыгімонта I Старогападтрымкі гораду. У грамаце aд 30.5.1529 кароль адзначыў заслугі Палазовіча і загадаў усе прыбыткі з Рэчыцкай мытніцы, корчмаў мядовых, піўных і вінных накіроўваць на рамонт і будаўніцтва замка (гл. Рэчыцкі замак). У жніўні 1561 ў час надання Рэчыцы новых вольнасцей вялікі князь BKЛ і кароль Польшчы Жыгімонт II Аўгуст вызваліў яе мяшчан “от работ замков украиных”, пакінуўшы за імі “замок свой Речицкий и теж острог около места перкеопы по давному поспол з волощаны обити”. У наданні канкрэтна гаворыцца пра ўмацаванні “места”, узгадваецца абавязак мяшчан даваць па 1 чалавеку “сторожей до брам местских”. Брамы гэтыя не названы, аднак паводле іншых гістарычных крыніц гэта Чарнігаўская i Мінская брамы.

У выніку ваенных падзей 16 ст., асабліва Лівонскай вайны 1558-1583, Рэчыцкія ўмацаванні, відаць, былі знішчаны. У 1593 рэчыцкі староста М. Буйвід мусіў закласці 3 свае вёскі з фальваркамі за 1 тыс. коп. грошаў i пусціць гэту суму “на поправу замку Его королевской милости Речицы, который моцно опал”. Будаўнічыя работы, верагодна, былі праведзены паспяхова, таму што ў пач. 17 ст. польскі гісторык А. Гваньіні адзначыў наяўнасць у Рэчыцы “замка i места”.

Паводле плана сярэдзіны 17 ст., горад у гэты час меў 3 лініі абароны. Першая лінія — умацаванні замка, якія складаліся з землянога кальцавога вала i 5 вежаў на ім (2 вежы размяшчаліся над Дняпром, 3 — з боку горада). Уезд у Рэчыцу ажыццяўляўся з паўднёвага боку праз разрыў у земляным вале. Да другой лініі абароны адносіліся ўмацаванні ўласна “места”, яны ўключалі дугападобны вал, які ўпіраўся канцамі ў бераг Дняпра. На вале стаялi 14 прамавугольных у плане драўляных вежаў з прасламі сцен-гародняў. У лініі падковападобнага форбурга ста­яла прамавугольная 15-я вежа. Трэцяя лінія абароны складалася з комплексу бастыённай фартыфікацыі, які атачаў Рэчыцу з поўдня, захаду i поўначы. Яна замыкалася ў прыбярэжнай частцы горада лініяй земляных умацаванняў. Мост, які звязваў Рэчыцу з левабярэжным Падняпроўем, адыгрываў важную ролю ў арганізацыі абароны горада, лёгка прымаўся ў выпадку ваеннай небяспекі. Пры ўездзе ў Рэчыцу, на самым беразе ракі, стаяла яшчэ адна вежа, якая кантралявала доступ у прырэчную частку горада.

Страціўшы ў 18 ст. сваё стратэгічнае значэнне, Рэчыца ўжо не мела патрэбы ў моцных умацаваннях. Таму Рэчыцкія ўмацаванні пасту­пова разбураліся i на іх месцы з’явіліся звычайныя гарадской пабудовы.