Па словах прадстаўніка прадпрымальніка Віктара Вайцяшонка, арэндадаўцы, у прыбудове да гандлёвага цэнтра, дзе раней працавала «Карона», плануюць адкрыць новы магазін. Некаторым арандатарам з гандлёвых радоў над былой «Каронай» прапанавалі пераехаць на «Модуль».
Нібыта ў новы корпус прыходзіць буйны магазін з нізкімі цэнамі на адзенне і абутак. Гандлёвыя рады на самім “Модулі” працуюць ужо шмат год, а на прыбудове над “Каронай” адчыніліся каля года таму.
Прадпрымальніцы Вользе Рамановіч патэлефанавалі з адміністрацыі арэндадаўцы 13 снежня, паведамілі, што скасоўваюць дагавор. У жанчыны трое дзяцей, старэйшыя платна вучацца, малодшаму пяць гадоў. Ёсць крэдыт на кватэру.
– Пытаюся, чаму скасоўваюць. Кажуць, у аднабаковым парадку. І ўсё.
Святлана Чамянцова прадае мужчынскае адзенне.
– Жыву адна, ніякай апоры. Мне 56 гадоў, куды пайсці? Крыўдна і балюча, у новым корпусе “Модуля” такія ж беларускія іпэшнікі, чаму іх становяць на нашы косці? Мне прапанавалі іншае месца на “Модулі”, пытаюся, што стане з папярэднікам. Кажуць, мы яму заяву аб скасаванні арэнды занясём, у яго яшчэ адзін пункт ёсць. Як я буду суседзям у вочы глядзець? (заўвага “РГ”: праз пару гадзін пасля размовы жанчыне вусна паабяцалі захаваць арэндны пункт за ёй).
Выканкам: нікога не крыўдзіць
17 снежня ў Маладзечанскім райвыканкаме адбылася сустрэча прадпрымальнікаў з намесніка старшыні райвыканкама Генадзем Актанаровічам.
– Вайцюшонку было сказана: ўсім, хто быў на сустрэчы, даць магчымасць «ушчыльніцца» і працаваць, каб ніхто нікога не пакрыўдзіў. Ён прыняў да ведама. Гэта было рэкамендавана вусна, выканаць цягам двух-трох дзён. Ён сказаў, што будзе над гэтым працаваць, – пракаментаваў Актанаровіч.
Член савета індывідуальных прадпрымальнікаў гандлёвага аб’екта «Модуль» Дзмітры Запуняка гаворыць, што гандлярам на 19 снежня новых пунктаў не прапанавалі.
Гандляроў ці “ушчыльняюць”,ці перасяляюць
Па словах прадстаўніка адміністрацыі арэндадаўцы, нікога з гандляроў “на вуліцу выкідаць” не збіраюцца.
– Тых, хто працуе ў новым корпусе, мы размяшчаем у дзеючым гандлёвым цэнтры. Тых, хто працуе ў дзеючым гандлёвым цэнтры, ці “ўшчыльняем”, ці перасяляем. У некаторых арандатараў – два аб’екты. Адзін пакідаем яму, другі аддаём новаму арандатару. Астатнім змяншаем плошчу пункта. Перасяленне закранула нязначную частку арандатараў.
Пытанні, якія ўзнікаюць, вырашаем. Працэс не аднаго дня.
Могуць адкрыць харчовую гандлёвую сетку
Па словах прадстаўніка адміністрацыі, на сёння ўсе гандлёвыя аб’екты здадзеныя. Свабодных месцаў няма.
– З’яўленне дадатковых гандлёвых аб’ектаў заўсёды сыграе толькі ў плюс. Новы тавар, павялічыцца колькасць прапаноў для пакупнікоў. Для прадаўцоў могуць захавацца працоўныя месцы, з’явяцца новыя.
Цяпер вядуць перамовы з будучымі арандатарамі. Сярод іншага, плануюць адкрыць адну з буйнейшых харчовых гандлёвых сетак.
Праваабаронца: арэндадаўца дзейнічае па законе
Незалежны праваабаронца, прадстаўнік праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінскі камітэт” па Маладзечанскім раёне Эдуард Баланчук лічыць, што ў дадзеным выпадку арэндадаўцы маюць рацыю.
– Арэндадаўца мае права заключыць дагавор і назначыць тэрмін арэнды. Калі дзеючы дагавор ён перарывае па сваёй ініцыятыве, павінен выплаціць кампенсацыю ці прадаставіць такое ж памяшканне арандатару, калі гэта прапісанае ў дагаворы. Але ў дагаворы арандатараў такога няма, таму арэндадаўца дзейнічае па законе. Канешне, проста так выкінуць чалавека – несправядліва. Трэба шукаць рашэнне, якое задавальняе ўсіх.
Каб была прадпрымальніцкая салідарнасць, і 100-200 чалавек стала на бок тых, каму прапанавалі з’ехаць, магчыма, нешта б вырашылася. На мой погляд, дамова складзеная кабальна і працуе на арэндадаўцу, які мае права працягваць яе ці не. Але арандатары самі яе падпісалі.
Патрэбна заўсёды ўважліва ставіцца да фармуліровак яшчэ да падпісання дагавора. Каб не атрымалася так, што па законе адзін бок мае рацыю, а другі не бачыць выйсця з сітуацыі.
Матэрыял створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, vitebsk4.me, часопіса «Бінокль» і «Рэгіянальнай газеты».