Гісторыя войнаў — балючы, а разам з тым важны элемент мінуўшчыны. Памяць пра супрацьстаянне паміж краінамі і народамі ў мінулым часта адмоўна адбіваецца на іх суіснаванні ў сучаснасці. Аднак цалкам адмовіцца ад гэтай памяці немагчыма. Гісторыкам у гэтай сітуацыі важна не рабіць падзел на сваіх і чужых і маляваць адмоўны партрэт ворага, але акцэнтаваць увагу на адмоўнасці самой з’явы ваеннага супрацьстаяння, што несла разбурэнні і смерці. Разам з тым сапраўдным даследчыкам важна максімальна паглыбіцца ў гістарычны матэрыял і крытычна ставіцца да многіх «патрыятычных міфаў», створаных у межах нацыянальных гістарыяграфічных школ ХІХ— ХХ стст.
Адной з найбольш складаных старонак у беларускай гісторыі былі войны сярэдзіны XVII ст., у выніку якіх насельніцтва беларускіх зямель скарацілася больш чым на палову [1, c. 130–134, 2, с. 119].
Ваенныя катаклізмы пачаліся з казацкага паўстання на чале з Багданам Хмяльніцкім, якое ўспыхнула ў 1648 г. на ўкраінскіх землях і ў хуткім часе перакінулася на паўднёвыя і ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага. Галоўным кіраўніком падаўлення казацкіх і сялянскіх хваляванняў на беларускіх землях стаў польны гетман Януш Радзівіл, які здолеў наладзіць абарону дзяржавы і выціснуць грамады бунтаўнікоў за яе межы. Поспехі войска ВКЛ шмат у чым тлумачыліся жорсткасцю гетмана і яго падначаленых, што паўплывала на фарміраванне і культываванне ў гістарыяграфіі, асабліва савецкага перыяду, «чорнай легенды» пра Я. Радзівіла, у дзеяннях якога бачылася крайняя нецярпімасць літоўскага магната адносна беларусаў і ўкраінцаў. Пісьмовыя крыніцы сапраўды малююць змрочную карціну ўзброеннага супрацьстаяння войска ВКЛ і паўстанцаў. Аднак зірнуць на гэтыя драматычныя падзеі з іншай перспектывы дазваляюць матэрыялы другога кшталту. У нашым распараджэнні маецца цэлы комплекс іканаграфічных крыніц, які не мае аналагаў і які ў літаральным сэнсе дазваляе ўбачыць усходнія землі ВКЛ і Кароны Польскай — сучасныя ўсходнія беларускія і ўкраінскія тэрыторыі. Стварэнне серыі малюнкаў і чарнавых накідаў было звязана з дзейнасцю Я. Радзівіла і дазваляе ў тым ліку ў іншым святле пабачыць гэтую неардынарную і супярэчлівую асобу.
У згаданым іканаграфічным комплексе можна вылучыць некалькі частак:
1) малюнкі Абрагама ван Вестэрфельта; 2) гравюры, змешчаныя ў шостым томе «Theatrum Europaeum»; 3) малюнкі невядомага аўтара, змешчаныя ў рукапісе «Літоўскі паход 1651 г.»; 4) чарнавыя накіды рукі, верагодна, самога Я. Радзівіла.
Каб не прапусціць новыя артыкулы і даследаванні, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне!
Найбольш якаснымі па выкананні і прадстаўленні рэалій тагачаснага жыцця ўсходніх зямель Рэчы Паспалітай іканаграфічнымі крыніцамі з’яўляюцца малюнкі галандца Абрагама ван Вестэрфельта, выкананыя на замову гетмана ў час паходаў супраць казакаў 1648–1653 гг. (мал. 1, 2).
Галоўнай мэтай стварэння гэтых малюнкаў было праслаўленне подзвігаў Я. Радзівіла, таму на іх адлюстраваны месцы, звязаныя з перамогамі войск ВКЛ або дыпламатычнымі трыумфамі гетмана. У другой палове XVII ст. малюнкі А. ван Вестэрфельта трапілі ў нясвіжскі архіў Радзівілаў і захоўваліся там да канца XVIII — пачатку XIX ст., калі пры невядомых абставінах былі згублены. На шчасце, у канцы XVIII ст. па распараджэнні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які ў час свайго візіту ў Нясвіж у 1784 г. сам аглядаў малюнкі галандца, іх скапіравалі. Копіі 25 малюнкаў шмат гадоў пазней трапілі ў рукі расійскіх даследчыкаў і былі апублікаваны Якавам Смірновым у 1908 г. Цікавасць да іх была выклікана ў першую чаргу вялікай колькасцю выяў старажытных пабудоў Кіева. Акрамя 25 копій канца XVIII ст., расійскаму даследчыку таксама ўдалося выявіць больш познія копіі двух малюнкаў А. ван Вестэрфельта [3, с. 197–512]. Прынята лічыць, што ў час Другой Сусветнай вайны малюнкі, апублікаваныя Я. Смірновым, былі згублены. Але адносна нядаўна былі адкрыты і апублікаваны яшчэ 15 малюнкаў галандскага мастака, якія дагэтуль былі невядомыя даследчыкам.
У 1991 г. яны былі набыты Музеем Польскага Войска ў Варшаве з прыватнай калекцыі, а ў 2000 г. — апублікаваны польскім даследчыкам Янам Якубам Дрэшчыкам [4]. Праўда, гэта публікацыя засталася незаўважанай шырокім колам даследчыкаў, а якасць публікацыі малюнкаў не на надта высокім узроўні. Да таго ж атрыбуцыя польскім даследчыкам некаторых малюнкаў патрабуе ўдакладнення. Акрамя таго, два арыгінальныя малюнкі А. ван Вестэрфельта змешчаны ў рукапісе «Літоўскі паход 1651 г.» Такім чынам, да нашага часу пераважна ў копіях дайшлі 43 малюнкі галандскага мастака.
У 1652 г. пабачыў свет, а ў 1663 г. быў перавыдадзены шосты том «Theatrum Europaeum» — нямецкага гістарычнага шматтомнага выдання, у якім былі змешчаны дзве гравюры з адлюстраваннем бітвы пад Лоевам 31 ліпеня 1649 г. і ваеннага лагера войск ВКЛ, узведзенага вакол Рэчыцы неўзабаве пасля згаданай бітвы [5]. Аўтарам гравюр быў капітан артылерыі Крыштаф Эйгірд, а самі гравюры маюць характар планаў, якія паўсталі на аснове здымкі мясцовасці, што вялася ў час падрыхтоўкі да бітвы пад Лоевам і ўзвядзення абарончага лагера вакол Рэчыцы. Як капітан артылерыі, К. Эйгірд меў добрую інжынерную падрыхтоўку, таму ён таксама мог удзельнічаць у праектаванні абарончых умацаванняў.
Адносна нядаўна быў выяўлены нямецкамоўны рукапіс «Літоўскі паход 1651 г.», які захоўваецца ў Страгоўскім манастыры ў Празе [6]. Ён змяшчае 12 малюнкаў з адлюстраваннем бітваў, палявых умацаванняў, ваенных лагераў і баявых пастраенняў войска ВКЛ (мал. 3).
З гэтага вынікае, што аўтарам рукапісу быў нейкі нямецкі афіцэр з атачэння Я. Радзівіла. Акрамя таго, як пісалася вышэй, у гэтым альбоме маюцца два малюнкі, якія, па ўсёй верагоднасці, належаць руцэ А. ван Вестэрфельта: панарама Кіева і пасмяротны партрэт казацкага палкоўніка Марціна Нябабы. Калі ў першым выпадку аўтарства галандскага мастака лёгка вызначыць па подпісе на самім малюнку, то ў другім выпадку яно з’яўляецца гіпатэтычным.
Крыху збоку ад вышэйпералічаных малюнкаў па характары выкананання і тэматыцы захоўваецца калекцыя чарнавых малюнкаў, аўтарам якіх быў, па ўсёй верагоднасці, сам гетман Януш Радзівіл. Частка з іх захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску, а частка — у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. На 46 аркушах з мінскага архіва, многія з якіх спісаны з двух бакоў [7, aрк. 1–47 адв.], знаходзім малюнкі, якія не носяць характар праектаў, як меркавалі папярэднія даследчыкі [8, 9], а адлюстроўваюць ужо існучыя будынкі, рэчы ці, у выпадку планаў гарадоў, наяўную горадабудаўнічую сітуацыю (мал. 4, 5).
Толькі ў некалькіх выпадках можна казаць пра спробу праектавання. Абсалютная большасць малюнкаў з’яўляюцца чарнавікамі альбо накідамі, якія рабіліся хутка на месцы. Некаторыя з малюнкаў былі выкананы «начыста», прычым для выканання чыставога варыянта выкарыстоўваліся зробленыя перад гэтым чарнавікі. Той, хто рабіў гэтыя малюнкі, відавочна, імкнуўся зафіксаваць цікавыя збудаванні ці рэчы, якія ён бачыў у месцах, куды трапляў. Доўгі час лічылася, што аўтарам гэтых накідаў быў канюшы ВКЛ Багуслаў Радзівіл, паколькі яго імя стаіць на першай старонцы альбома. Аднак вывучэнне саміх накідаў указвае на відавочную памылку. Адным з галоўных аргументаў на карысць таго, што аўтарам гэтых чарнавых малюнкаў быў не Багуслаў, а яго стрыечны брат Януш Радзівіл, з’яўляецца наяўнасць сярод іх планаў і замалёвак кіеўскіх будынкаў. Час стварэння гэтай калекцыі можна ўмоўна вызначыць 1648–1655 гг. [10].