Самастойную групу ў сістэме грамадскай абраднасці складаюць святы і абрады, функцыянальнай дэтэрмінантай якіх з’яўляецца патрэбнасць тых ці іншых сацыяльных груп ва ўрачыстым адлюстраванні важных для іх падзей і рэалій працоўнага жыцця. Прафесійныя святы, функцыянаванне якіх у грамадстве абмежавана канкрэтнай сферай гаспадарчай дзейнасці і абумоўлена сацыяльна-прафесійным статусам чалавека, складаюць вялікі цыкл у групе працоўных святаў і абрадаў [1, с. 184-185]. Прафесійныя святы ўяўляюць сабой складаную сістэму традыцыйных і новых элементаў, якія ўзнікалі ў розныя часы і ў розным сацыяльна-прафесійным асяроддзі. Менавіта гэта і вызначае, што пад уздзеяннем навукова-тэхнічнага прагрэсу, палітычных, эканамічных і культурных змен прафесійныя святы набываюць новыя рысы, змест, структуру, грамадскія функцыі, мастацкае афармленне, а таксама адлюстроўваюць сацыякультурную дынаміку.
Святочная культура беларусаў на працягу доўгага перыяду развіцця і функцыянавання адрознівалася разнастайнасцю і шматпланавасцю, а таксама несла на сабе адбітак тых змен, якія адбываліся ў грамадстве. Працэсы трансфармацыі і рэгенерацыі культуры закранулі многія святы, у тым ліку і прафесійныя. З гэтай прычыны актуальнасць даследавання звязана з адлюстраваннем уплыву грамадска-палітычных працэсаў на прафесійную святочную культуру, а таксама на фарміраванне новага святочнага календара беларусаў.
Каб не прапусціць новыя артыкулы ды даследаванні, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне!
Мэтай дадзенага даследавання з’яўляецца гісторыка-этнаграфічная характарыстыка правядзення прафесійных святаў у канцы XX — пачатку XXI ст., а таксама вывучэнне сацыякультурнай дынамікі ў сувязі з правядзеннем прафесійных святаў. Навуковая значнасць даследавання абумоўлена ўключэннем рэгіянальнага кампаненту, а таксама заключаецца ў стварэнні карціны правядзення прафесійных святаў у Гомельскім раене ў канцы XX — пачатку XXI ст. Навізна даследавання звязана з уключэннем у навуковы зварот арыгінальных фактаў аб святкаванні прафесійных святаў у Гомельскім раене, атрыманых падчас правядзення палявога этнаграфічнага даследавання. За час палявой этнаграфічнай працы, якая праводзілася аўтарам у 2010-2011 гг., былі атрыманы 9 разгорнутых інтэрв’ю ад мясцовых жыхароў, а таксама матэрыялы анкетавання, удзел у якім прынялі 50 чалавек. Дадзеныя даследавання дазваляюць ахарактарызаваць рэгіянальны аспект у святкаванні прафесійных святаў, а таксама паглядзець на дадзеную з’яву вачамі мясцовых жыхароў.
На тэрыторыі Гомельскага раена ў канцы XX ст. (1996 г.) пражывала 76,2 тыс. чалавек, з іх 73,3 тыс. — сельскіх жыхароў [2, с. 18]. Па выніках перапісу 2009 г. ў Гомельскім раене пражывала 69,9 тыс. чалавек, з іх сельскае насельніцтва складала 67,4 тыс. чалавек [3].
Па сваей прафесійнай прыналежнасці насельніцтва Гомельскага раёна прадстаўлена працаўнікамі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, настаўнікамі, культработнікамі, бібліятэкарамі, медработнікамі, працаўнікамі гандлю, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання, лясной гаспадаркі, сацыяльнай абароны і г. д. [2, с. 19].
У Рэспубліцы Беларусь ушаноўваюцца прадстаўнікі ўсіх прафесій. Некаторыя святы з’явіліся зусім нядаўна, іншыя, як Дзень медыка, Дзень настаўніка, Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі — шырока адзначаліся ў БССР. У канцы 1990-х гг. указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у знак прызнання заслуг работнікаў асобных прафесій, галін народнай гаспадаркі і сфер дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь былі ўсталяваны яшчэ некаторыя прафесійныя святы [4, с. 235].
Жыхары Гомельскага раена, якія прынялі ўдзел у анкетаванні, сваімі прафесійнымі святамі назвалі дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі, дзень настаўніка, дзень культработніка, дзень працаўнікоў паштовай сувязі, дзень спажывецкай кааперацыі, дзень будаўніка, дзень працаўнікоў лясной гаспадаркі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання насельніцтва, дзень бібліятэкара, дзень энергетыка, дзень машынабудаўніка, дзень сувязі, дзень пажарнай службы, медыцынскага работніка і інш.
Адным з прафесійных святаў, якое трывала ўвайшло ў жыцце насельніцтва Гомельскага раена, з’яўляецца Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Яго святкаванне ў 1960-1980-я гг. прыходзілася на другую нядзелю кастрычніка, а з канца 1990-х гг. — на трэцюю нядзелю лістапада. Як адзначыла жыхарка в. Чкалава Г.М.Седаусава, 1968 г. н.: «Я заўседы адчуваю гонар за сваю прафесію, за тое, што мы кормім народ». Аднак характар святочнасці ў правядзенні Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі залежаў ад многіх фактараў, у тым ліку і эканамічнага. Так, напрыклад, як паведамляе гомельская раенная газета «Маяк» за 1995 г.: «Цяжкі час перажывае зараз важнейшая галіна нашай эканомікі — сельская гаспадарка… Людзі з трывогай глядзяць у будучае…» [5, с. 1]. Але, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, арганізатары святочных урачыстасцяў з нагоды Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі рабілі ўсе магчымае, каб стварыць святочны настрой для вяскоўцаў — і тут не абыходзілася без арганізацыі конкурсаў, своеасаблівых кірмашоў, уручэння сувеніраў і г. д. (Т.П. Мялешка, 1946 г. н., в. Рудня Марымонава). На сучасным этапе Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі адзначаецца ў маштабах гаспадарак, а таксама на раенным узроўні. На раенных святах у Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі праходзіць падвядзенне вынікаў палявых работ, узнагароджанне перадавікоў вытворчасці, а завяршае ўрачыстасці святочны канцэрт мастацкай самадзейнасці.
З 1960-х гг. у краіне сталі адзначацца такія святы, як Дзень міліцыі, Дзень медыцынскага работніка, Дзень работнікаў гандлю, Дзень машынабудаўніка і інш. За перыяд свайго існавання гэтыя святы адрозніваюць своеасаблівая камернасць і ўстойлівасць — звычайна святочныя мерапрыемствы праходзілі ў вузкім прафесійным асяроддзі ў форме ўрачыстых сходаў, застолляў, а таксама віншаванняў сваіх калег. З канца 1990-х гг. гэтыя святы атрымалі сваю новую прывязку да святочнага календара і захавалі свае характэрныя рысы.
Дзень настаўніка, які святкуецца ў Беларусі ў першую нядзелю кастрычніка, найбольш выразна нясе на сабе адбітак новых тэндэнцый. Так, напрыклад, у многіх школах Гомельскага раена добрай традыцыяй стала правядзенне да Дня настаўніка дня вучнеўскага самакіравання, калі вучні выконваюць ролю настаўніка і праводзяць заняткі. Распаўсюджаны і такія формы святкавання Дня настаўніка, як святочныя канцэрты, КВЗ, якія рыхтуюць вучні, а таксама святочныя застоллі ў асяроддзі педагогаў.
Напрыканцы 1990-х гг. на афіцыйным узроўні былі ўведзены такія прафесійныя святы, як Дзень банкаўскіх работнікаў, Дзень унутраных войск, Дзень работнікаў культуры, Дзень аўтамабіліста і дарожніка і г.д.
Свае прафесійнае свята работнікі культуры раена ўпершыню адзначылі 10 кастрычніка 1999 г. пасвячэннем у прафесію маладых работнікаў, а ў раенным Доме культуры прайшоў святочны канцэрт, на якім прысутнічалі госці з Украіны і Расіі [6, с. 2]. Правядзенне Дня культработніка мае сваю ўстойлівую традыцыю — віншаванні, пасвячэнні ў культработнікаў, узнагароджанне граматамі і каштоўнымі падарункамі лепшых працаўнікоў, а таксама святочны канцэрт і правядзенне «агеньчыка».
Адным з апошніх прафесійных святаў, якое было уведзена ў Беларусі, з’яўляецца Дзень бібліятэк. Упершыню гэтае свята стала адзначацца ў Беларусі 15 верасня 2001 г. І было устаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзень бібліятэк для большасці рэспандэнтаў адзначаецца разам з калегамі, але і не выключаны сямейны характар правядзення свайго прафесійнага свята. У працоўным калектыве бібліятэкі прыняты віншаванні з прафесійным святам ад кіраўніцтва, якое выражаецца ў віншаванні па тэлефоне, паштоўкамі, а таксама на старонках раеннай газеты.
Такім чынам, матэрыялы палявога этнаграфічнага даследавання, а таксама звесткі перыядычнага друку дазваляюць ахарактарызаваць і паказаць сацыякультурную дынаміку ў правядзенні прафесійных святаў як неад’емнай часткі культурна-бытавых працэсаў у Гомельскім раене ў канцы XX — пачатку XXI ст. Шырокую папулярнасць сярод насельніцтва Гомельскага раена мае Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Гэта абумоўлена не толькі пераважнай болынасцю занятых у сельскай гаспадарцы, але і таксама маштабнасцю, адкрытасцю для іншых жыхароў населенага пункта. Іншыя прафесійныя святы адрозніваюцца камернасцю і правядзеннем святаў у асяроддзі саслужыўцаў і калег.
Новыя прафесійныя святы, ўведзеныя ў святочны каляндар, даволі трывала ўвайшлі ў жыцце мясцовага насельніцтва і прадстаўнікоў пэўных прафесійных груп. Прафесійныя святы ў Гомельскім раене ў канцы XX — пачатку XXI ст. не страцілі сваіх грамадскіх функцый, аказваюць важнае значэнне ў жыцці працоўных калектываў, а таксама садзейнічаюць сацыялізацыі асобы.