Зіхацяць агнямі ёлкі ў групе дзіцячага садка, мігаюць у акенцах таямнічым святлом шматлікія гірлянды, дзеці з нецярпеннем рыхтуюцца да сустрэчы з Дзедам Марозам. Цікава пагутарыць з малымі, што яны ведаюць пра гэтага казачнага персанажа?
Аказваецца беларускія хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама іх бацькі добра знаёмыя не толькі з Дзедам Марозам, яго ўнучкай Снягуркай, снегавіком-паштавіком, але падрабязна расказваюць пра Санта-Клаўса, аленя Рудольфа, гномаў і эльфаў, якія дапамагаюць чараўнікам развозіць падарункі. І гэта не дзіва.
На паліцах амаль кожнай крамы горада стаяць святочна апранутыя ў чырвоныя пінжачкі і шапачкі з бразготкамі Санта-Клаўсы. І лялькі, і нават штучныя елачкі спяваюць калядныя песенькі на англійскай мове.
Зусім рэдка, толькі ў старых бабулінах скрынях сустракаюцца персанажы рускіх казак — Дзеды Марозы, у традыцыйна доўгіх футрах, валёнках, з чароўнымі посахамі. А пра беларускага Бога зімы Зюзю многія нават не чулі.
Каб выправіць гэту недарэчнасць, я вырашыла пазнаёміць сваіх выхаванцаў з беларускім чараўніком і яго сябрамі, абапіраючыся на кнігу “Чароўны свет”, выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».
Зюзю беларусы з даўніх часоў ведалі як клапатлівага і справядлівага Бога зімы. Гэта быў высокі стары ў белым кажуху з белымі валасамі і доўгай барадой. Хадзіў ён па снезе босы, а ў руках — заўсёды была жалезная булава.
Калі Зюзя бачыў нядбайныя адносіны гаспадароў да сябе ці сваёй гаспадаркі, то ён злосна грукаў булавой аб зямлю ці вугал хаты. Беларусы з павагай адносіліся да бога зімы і заўсёды стараліся заручыцца яго падтрымкай, каб добра перазімаваць халодную і цяжкую зіму.
Падчас каляднай сямейнай вячэры сяляне для Зюзі выстаўлялі каля хат пачастунак са словамі: “Зюзя, ідзі куццю с намі есці!” У лясах, палях Зюзя пільна сачыў за зямлёй, раслінамі, звярамі падчас іх зімоўкі.
Зацікавіла выхаванцаў і гісторыя пра сваяка Зюзі, яго памагатага — Ледзянога Дзеда. Гэты персанаж масціў лёдам дарогі, каб сялянам лягчэй было з лесу дровы вазіць, забіраць з балота сена ці пераязджаць праз раку ў суседнюю вёску.
А яшчэ Ледзяны дзед вымарожваў паветра, робячы яго чыстым і здаровым. Ледзянога дзеда ў розных частках Беларусі называлі Панам, Марозам Марозавічам, дзедам Марозам, прыпісваючы яму рознае чарадзейства.