Гомельскі раёнчык “Гарэлае балота” (цяперашні трохкутнік “Рагачоўская – вакзал – Перамогі”) здавён лічыўся ў горадзе месцам змрочным, нядобрым, а ўначы – і небясьпечным. У 1944 годзе ў раён “Гарэлага балота” звозілі падбітую вайсковую тэхніку з усяе Гомельшчыны – потым яе рэзалі на Аўтарэмзаводзе. Мой тата, якому ў той час акурат было адзінаццаць гадоў, разам зь сябрамі дасьледвалі той жалезны лябірынт амаль штодня. Тым больш, хлопцам было на што паглядзець. Спаленые савецкія Т-34. Падбітыя нямецкія “тыгры” жоўтага колеру, напэўна перакінутыя з Афрыкі, з арміі Ромеля. Кавалкі збітых самалётаў усіх магчымых прызначэньняў. Нямецкія легкавікі, прытым некаторыя выглядалі цалкам спраўна. Склад згарэлых, скарожаных жалезяк амаль не ахоўваўся. Вось хлопцы і лазілі ўсярэдзіну падбітых танкаў і броневікоў, расшукваючы трафеі. Больш за ўсё ў пацаноў цаніліся нямецкія гранаты на драўляных дзяржальнях – імі было зручна глушыць рыбу на Сожы. Рыба потым мянялася на хлеб і амерыканскую тушонку. Калі