Рэформа 1861 г. карэнным чынам змяняла характар сацыяльных адносін у беларускім грамадстве. Панскі двор, які на працягу некалькіх стагоддзяў выступаў у ролі мясцовага агента дзяржаўнай улады, траціў свае ўладныя паўнамоцтвы. Дзяржаўная бюракратыя цяпер абыходзілася без яго пасярэдніцтва, непасрэдна кіруючы новаўтворанымі ўстановамі сялянскага самакіравання. Страта функцыі прадстаўніка дзяржаўнай улады была непасрэдна звязаная і са стратай такога важнага для панскага двора фактара, як прымусовая прыгонная праца сялянства. Дворныя гаспадаркі цяпер мусілі радзіць сабе ўжо ў прынцыпова іншых эканамічных умовах. У беларускай савецкай гістарыяграфіі гісторыя сялянства з’яўлялася адным з прыярытэтных накірункаў. Але адносіны вёскі з панскім дваром разглядаліся амаль выключна праз прызму эканамічнай эксплуатацыі сялян зямянствам. Польскія даследчыкі таксама ў апошнія гады шмат увагі надаюць гісторыі памеснай шляхты на беларускіх землях. Асабліва гэта датычыць успамінаў памешчыкаў, іх літаратурнай творчасці [1], а таксама сацыяльна-эканамічнай і палітычнай дзейнасці [2], [3]. У дадзеным артыкуле мы спрабуем асвятліць эвалюцыю адносін паміж панскім дворам і сялянскай вёскай у Беларусі найперш у сацыяльна-культурным вымярэнні, паказаць суб’ектыўнае бачанне гэтых адносін вачыма і зямяніна, і селяніна, а таксама акрэсліць уплывы аб’ектыўных чыннікаў, якія вызначалі іх характар і кірунак развіцця.
Пра характар адносін паслярэформеннай вёскі і панскага двора можна даведацца найперш са шматлікіх мемуараў, якія пазней ствараліся якраз прадстаўнікамі памеснай шляхты. Адразу варта зазначыць, што гэты «панскі» погляд з’яўляецца аднабаковым і даволі істотна скажае рэальнасць, тым больш, што многія мемуары пісаліся ўжо тады, калі іх аўтары пасля сацыяльных катаклізмаў ХХ ст. знаходзілся вельмі далёка ад сваіх родавых гнёздаў, а свет былых панскіх маёнткаў уяўляўся ім своеасаблівым страчаным раем. Як сцвярджае польскі даследчык Міраслаў Устшыцкі, для большасці шляхецкіх мемуарыстаў характэрнай з’яўлялася вера ў натуральнасць патрыярхальнага ўкладу вясковага жыцця, ідэя апекі над сялянамі з боку панскага двора, погляд на іх, як на «малодшых братоў» [1, s. 282]. Гэты ж аўтар паўтарае тую думку, што адносіны паміж панамі і сялянамі на «ўсходніх крэсах» нават на пачатку ўжо ХХ ст. істотна адрозніваліся ад той сітуацыі, якая, напрыклад, склалася на тэрыторыі Вялікапольшчы, што ўваходзіла ў склад нямецкай дзяржавы: «У параўнанні з Велькапольшай, дзе селяніну падавалі руку і трактавалі як партнёра ў такой самай сферы дзейнасці, адрозненні былі каласальныя. За Бугам яшчэ на пачатку ХХ ст. выключна адзінкі спрабавалі нясмела ўводзіць больш партнёрскія стасункі ў адносінах пераважна з заможнымі сялянамі…» [1, s. 282].
На ўсходзе былой Рэчы Паспалітай ідэя захавання выразнай сацыяльнай дыстанцыі паміж дваром і вёскай, стэрэатыпы пра натуральную вышэйшасць памешчыкаў над сялянамі, трывала захоўваліся і часта нават культываваліся ў асяроддзі землеўладальнікаў. Ідылічную карціну патрыярхальнага і шчаслівага сужыцця вёскі і панскага двора ў парэформенныя гады (з захаваннем, натуральна, поўнай дамінацыі двора амаль ва ўсіх сферах жыцця) падаюць многія мемуарысты зямянскага паходжання. Караль Барысовіч, які паходзіў з маёнтка Разальмава Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні так ахарактарызаваў парэформенныя ўзаемаадносіны сялян і двора: «Пасля скасавання прыгону стасункі тыя былі, аднак, надалей трывалыя, без бізуна з боку пана і без прымусу. Памешчык быў лекарам, суддзёй, праўным дарадцам, апякуном — так прынамсі было ў Разальмаве. Па лекі, дровы, пазыку пад пазнейшую адпрацоўку ішлі (сяляне — С.Т.) да двора, дзе рэдка сутыкаліся з адмовай. Таму сцежкі, якія злучалі двор з вёскай пераважна не зарасталі травой, а таксама пустазеллем непрыязнасці і ненавісці». Барысовіч сцвярджаў, што двор і вёску паядноўвалі не толькі матэрыяльныя інтарэсы, але і старадаўні звычай, паводле якога адносіны паміж панам і сялянамі ўспрымаліся ў патрыярхальным ключы, як адносіны паміж бацькам і дзецьмі. На вялікія святы вяскоўцы тлумна прыходзілі да двора, каб выказаць пану свае віншаванні. Бацька мемуарыста з кожным цалаваўся, пасля чаго запрашаў усіх да святочнага стала, дзе размаўляў з сялянамі пра іх сямейныя справы і клопаты: «Вясновае сонца асвятляла гэтую учту і здавалася мне, што лепшы дзень — супрацоўніцтва і братняй любові надыдзе ўжо хутка» [4, s. 38-39].
Іншыя мемуарысты шляхецкага паходжання таксама ахвотна прыпамінаюць розныя эпізоды, калі сяляне прыхільна выказваліся пра часы паншчыны. Так, Караль Барысовіч апісвае размову з адным старым селянінам: «У 1917 годзе… размаўляў са старым разальмаўскім селянінам Змітраком. Памятаў ён добра часы паншчыны — і, як кожны амаль старэйшы чалавек — быў перакананым кансерватарам. У размове пра свабоды ўставіў: А навошта тая “свабода”? Якой яшчэ трэба. Хіба кепска было за часоў паншчыны ў вашага дзеда: карова ў мужыка здохла, пан загадваў выдаць з фальваркавага хлеву, — хлеба не хапіла, — выдалі з “імбару”, а цяпер… хто дапаможа? Толькі зладзейства не любіў стары пан, але быў справядлівы і “ўважны” пан: часам — як цяжарную бабу загадваў высякчы — то заўсёды казаў па “жывот” яму выкапаць» [4, s. 37].
Каб не прапусціць новыя матэрыялы і даследаванні, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне!
Ужо сам акт абвешчання вызвалення сялян расійскім ўладамі ў 1861 г. выклікаў шматлікія хваляванні вяскоўцаў, незадаволеных умовамі вызвалення, якія, так напраўду, мала што змянялі ў іх жыцці. Для ўладальнікаў гэтыя хваляванні часта ўяўляліся небяспечнай пагрозай самым падставам іх існавання, а таксама горкім расчараваннем спадзяванняў на пабудову гарманічнага сужыцця з вёскай. Ядвіга Кяневіч з Мазырскага павета пісала ў канцы 1862 г.: «(…) страшэнны рэвалюцыйны пажар ахопліваў нас з усіх бакоў (…) што тут казаць пра ўплыў двароў, калі бачым, што ён быў ніякі, нават там, дзе з поўным пасвячэннем народу аддаваліся» [5, s. 100, 101]. Асабліва ж балючым для памешчыкаў ударам стаў той факт, што значная частка сялянства ў часе паўстання 1863 г. адкрыта выступіла на баку расійскіх уладаў і часта з ахвотай удзельнічала ў цкаванні сваіх жа ўладальнікаў. Так, Ядвіга Кеневіч пісала 28 лютага 1863 г. «Дадзены мужыкам заклік лавіць (паўстанцаў — С.Т.) прыняты імі з захапленнем — больш чым войска стараліся (.) У той дзень 19 адчыталі на набажэнствах і таксама паведаміла ім духавенства: Скончылася над вамі праклятае панаванне ляхаў. І эхам радасці адказалі: Лавіць Палякаў!» [5, s. 104]. Многія запалоханыя землеўладальнікі ўцякалі са сваіх маёнткаў, каб схавацца ў гарадах пад аховай расійскіх войскаў. 5 мая 1863 г. Ядвіга Кяневіч напісала: «Ва ўсім павеце хіба мы адныя засталіся на месцы (…) Раз’юшаныя сяляне сочаць, хапаюць і вяжуць уласных паноў, катуюць тых, каго схопяць у лесе» [5, s. 137]. У выніку такога стаўлення з боку сялян памесная шляхта пачала баяцца магчымых пагромаў з боку вёскі. Караль Барысовіч узгадваў, што ў 1863 г. памешчыкі Магілёўскай губерні думалі пра стварэнне мабільных узброеных аддзелаў самаабароны супраць сялян, на выпадак іх выступленняў супраць паноў [4, s. 57-58]. Ён жа прыводзіў прыклад, што ў адным з паветаў Магілёўскай губерні некалькі ўладальнікаў сабраліся пагуляць у карты, што выклікала вельмі нечаканую рэакцыю сялян: «Вечарам мужыкі напалі на двор, павязалі паноў як баранаў і завезлі да ваеннага начальніка павета» [4, s. 61]. У выніку такіх здарэнняў толькі пашыралася дыстанцыя паміж дваром і вёскай, абрываліся ранейшыя сувязі. Ядвіга Кяневіч напісала 10 кастрычніка 1863 г.: «Перапыняем на колькі магчыма ўсякія адносіны з вёскай, навучаныя прыкладам іншых, да чаго гэта прыводзіць. Апостальства нашае нікому сёння не патрэбнае» [5, s. 152].
У беларускай савецкай гістарыяграфіі звычайна падкрэсліваўся грабежніцкі ў стасунку да сялян характар рэформы 1863 г. А між тым, яна была цяжкім выпрабаваннем і для памешчыкаў, якія са страхам чакалі яе наступстваў. Ядвіга Кяневіч пісала ў кастрычніку 1863 г. пра працу так званых праверачных камісій, якія ва ўмовах паўстання 1863 г. пераглядалі ўстаўныя граматы паміж памешчыкамі і сялянамі на карысць апошніх: «Агульны лямант тут нанова распачаўся. Праверачная камісія, распачаўшы працу, ясна паказала свой намер — поўнага зрабавання ўладальнікаў, адабрання ім усёй уласнасці» [5, s. 150].
У такіх умовах многія землеўладальнікі спрабавалі да мінімума абмежаваць канктакты з навакольнымі сялянамі, а таксама пазбегнуць залежнасці ад іх працоўнай сілы. Развіццё новых тэхналогій дазваляла двару скарачаць патрэбы ў паслугах часовых работнікаў з сялян. Часам гэтыя патрэбы пакрываліся коштам прыцягнення парабкаў з аддаленых, нават замежных краёў, якіх некаторыя памешчыкі пачалі асаджваць на сваіх землях. Антоні Кяневіч пісаў у сваіх успамінах, што «яго дзед адкупіў за 100 рублёў ад заможнага яўрэя ў Каралеўстве Польскім некалькі сялянскіх сямей, што адпрацоўвалі таму за пазыкі, і пасяліў гэтыя сем’і ў асобнай калоніі каля свайго маёнтка, збудаваўшы для іх невялікія хаты, а таксама надзяліў кавалкамі зямлі. За гэта перасяленцы адпрацоўвалі ў фальварку» [6, s. 34-35].
Канфлікты паміж вёскай і дваром пачалі імкліва нарастаць у часе рэвалюцыі 1905 г. Ірэна Галынская пісала пра падобныя падзеі на Ўсходзе Беларусі: «У 1905 годзе сяляне пачалі бунтаваць, узброеныя банды хадзілі разбіваць і нішчыць маёнткі, часта забіваючы ўладальнікаў двароў. Нашы сяляне нас не чапалі, а калі аднойчы прыйшла такая банда з Чарнігаўшчыны, наш поп з Чарацянкі Айцец Міхал прыбег з крыжам у руцэ (…) стаў перад імі ў дзвярах нашага дому: “Не дам рабаваць і забіваць дзяцей, а калі хочаце, дык спачатку забіце мяне (…)”. Мужыкі знялі шапкі, поп іх перахрысціў крыжам, і ўсе адышлі. Скончылася ўсё перапалохам дзяцей і службы» [7, k. 25].
У гэтакіх умовах многія памешчыкі выкарыстоўвалі своеасаблівыя стратэгіі прыстасавання, скіраваныя на максімальные пазбяганне канфліктаў з сялянамі. Ірэна Галынская пісала пра стаўленне яе бацькі да лясных злодзеяў з ліку мясцовых сялян, што той наказваў сваім ляснікам, каб яны толькі палохалі такіх, але давалі магчымасць уцячы, каб не даводзіць канфлікт да небяспечнай развязкі. У выніку, як пісала мемуарыстка: «У часе рэвалюцыі нічога у нас не знішчылі, і нас не пераследавалі. Былі заўсёды добразычлівыя» [7, s. 31]. Тут варта падкрэсліць, што якраз недахоп лесу, які амаль увесь належаў панам, з’яўляўся адной з самых балючых праблем развіцця сялянскай гаспадаркі. У вёсках нават гаварылі, што той, хто не злодзей у лесе, і ў хаце не гаспадар. Таму паводзіны бацькі Ірэны Галынскай з гэтага пункту гледжання былі абсалютна рацыянальнымі. Пад час руска-японскай вайны, як успамінала мемуарыстка, прызваныя ў войска мясцовыя сяляне прыходзілі ў панскі двор, прасілі пана паклапаціцца пра іх сем’і, а пані давала ім крыжыкі. Бацька Ірэны Галынскай арганізаваў у сваім маёнтку школу [7, s. 33]. Мемуарыстка таксама ўспамінае пра біццё вепраў у маёнтку, на якое талакой збіраліся мясцовыя сяляне, каб дапамагчы ў разборцы забітых свіней. Кожная жанчына магла штосьці забраць з сабой са свежаніны: «У часе той працы распавядаліся казкі, навіны, а каля паўночы, калі біла 12-ая гадзіна, распачыналіся аповяды пра духаў і страхі» [7, s. 34].