У сучасных філалагічных працах, прысвечаных вывучэнню канцэптасферы, адным з ключавых аб’ектаў з’яўляецца канцэпт дарогі. Ён вызначаецца як адзін з элементаў сімвалічнай карціны свету. Напрыканцы ХХ ст. канцэпт дарогі разглядаўся ў розных аспектах: як ментальны аб’ект, які адлюстроўвае нацыянальную карціну свету, як канструкт абстрактнага ўзроўню асэнсавання рэчаіснасці. Практычна ўсе даследчыкі прызнаюць, што пры вывучэнні канцэптаў неабходна ўлічваць спецыфічны метад, з дапамогай якога іх даследаванне можна праводзіць у двух напрамках — ад канцэптаў да спосабаў іх рэпрэзентацыі ў мове і наадварот. Так, можна ўлічваць значэнні слоўніка, лексемы, якія даюць ацэнкавую характарыстыку, фразеалагізмы і тэксты мастацкіх твораў. Навукоўцы адзначаюць неабходнасць выпрацоўкі кагнітыўнага метаду, які дазволіць вызначыць прыроду механізмаў асэнсавання і разумення гэтага канцэпту. У працах сучасных даследчыкаў выкарыстоўваецца комплексны падыход, пры якім важным з’яўляецца вылучэнне трох складнікаў катэгорыі «канцэпт»: паняцце, вобраз, семантыка. Таму ў артыкуле будзе засяроджана ўвага на аналізе гэтых кампанентаў.
Канцэптам дарогі цікавіліся розныя даследчыкі. Н.Д. Аруцюнава, Л.Г. Неўская, А.А. Іпалітаў, А.Г. Праабражэнскі, М.М. Бахцін, Т.Б. Шчапанская суладна адзначалі, што ў славянскай канцэптуальнай карціне свету «шлях», «дарога» і пласт лексікі, які іх пазначае, займае вельмі важнае месца, паколькі ў народнай культуры дарога і злучаная з ёй сімволіка адлюстроўвае важныя этапы жыцця чалавека. Больш таго, дарога адносіцца да ліку тых базавых элементаў культуры, якія маюць усеагульны характар і з’яўляюцца, такім чынам, важнейшымі элементамі «выявы свету». Паводле меркавання А.А. Іпалітава, «канцэпт дарога валодае шматслаёвай і шматкампанентнай структурай і ўяўляе сабой аб’ект розных дзеянняў. Большую частку структуры канцэпту дарогі складаюць паняцці, якія аб’ядноўваюцца інтэгральнымі семамі тып дарогі (шаша, траса) і кампанент дарогі (скрыжаванне, паварот)» [4, с. 133]. Звычайна рух, звязаны з дарогай, перадаецца разнастайнымі дзеясловамі руху, напрыклад, ехаць, ездзіць, ісці, ехаў, паехаў, ездзіў, едзе, прыязджае, прыязджаюць і г.д. Таксама дарога атаясамліваецца з паняццямі шлях, сцежка, поле. Рэальнае функцыянаванне падобных паняццяў у фальклорных жанрах абумоўлена не толькі адценнямі лексічных значэнняў дадзеных слоў, але і іх жанравымі кантэкстамі. Адзначым, што этымалогія паняцця дарогі ў сучасных лінгвістычных даследаваннях прадстаўлена досыць шырока, аднак сімвалічнае значэнне дадзенага слова выяўлена ў фальклорных жанрах недастаткова, у прыватнасці, у вясельнай абрадавай паэзіі.
Каб не прапусціць новыя матэрыялы, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне!
Вынікі даследавання і іх абмеркаванне Як адзначае А.Я. Леўкіеўская, «дарога — рытуальна і сакральна значны локус (месца), які мае шматзначную семантыку і функцыі. Дарога суадносіцца з жыццёвым шляхам, шляхам душы ў замагільны свет і семантычна вылучаецца ў пераходных рытуалах. Дарога — месца, дзе выяўляецца лёс, поспех чалавека пры яго сустрэчах з людзьмі, жывёламі і дэманамі. Дарога — разнавіднасць мяжы паміж «сваёй» і «чужой» прасторай» [5, с. 125]. У свядомасці нашых продкаў дарога набыла амбівалентнае значэнне, бо, з адного боку, з ёй звязвалі гора і пакуты (па дарозе маладых хлопцаў адпраўлялі ў рэкруты, па дарозе селянін нёс на кірмаш свае апошнія пажыткі, па дарозе пралягаў апошні шлях нябожчыка ў іншы свет), з другога боку, вобраз дарогі суадносіўся з пазітыўным значэннем (па дарозе маладыя ехалі да вянца).
Беларускі фальклор багаты на матывы і сітуацыі, звязаныя з тэмай дарогі. Калі ў літаратуры матыў звязаны з тэмай вандравання, а само вандраванне выступае як метафара жыццёвага шляху ці як сімвалічны знак карэнных, лёсавызначальных змен у жыцці герояў, то семантыка дарогі ў беларускім фальклоры больш шматгранная і глыбокая. Вобраз дарогі ў комплексе абрадавых дзеянняў даследавалі Л.Г. Неўская, Т.Я. Шчапанская, аднак яны ў асноўным выяўлялі толькі міфалагічную аснову сюжэтаў ў пахавальных абрадах. Значэнне дарогі, як надзвычай важнага прагматычнага кампанента вясельных песень толькі адзначалася. Уяўляе цікавасць тыпалагічнае вывучэнне сімволікі гэтага вобраза ў вясельных песнях на базе лакальна-рэгіянальных фактаў, каб у далейшым падаць яго ў шырокім нацыянальным кантэксце вясельнай абраднасці.
Дарога ў вясельных песнях Гомельшчыны — не проста «паласа зямлі, якая прызначана для перамяшчэння, або месца, па якім трэба прайсці або праехаць» [7, с. 176]. Яна месца, якое мае сімвалічны сэнс і выклікае адпаведны абраду эмацыйны стан. Калі ў Л.Г. Неўскай дарога ў пахавальным абрадзе суадносіцца як «спалучэнне сфер жыцця і смерці (свайго і чужога) і дасягненне ператварэння ў выніку такога спалучэння» [6, с. 228], то ў вясельным абрадзе сімвалічнае значэнне дарогі — спалучэнне сфер жыцця перад вяселлем і пасля яго, пераход маладых з аднаго грамадскага становішча ў іншае, змена статусу. Наступны прыклад паказвае, што ў нявесты пасля замужжа змяняецца ўсё жыццё. Метанімічным пазначэннем дарогі становяцца калёсы, шлях падаецца ў ідылічным модусе мастацкасці с проціпастаўленнем былога і будучага:
Тарарай, калёсы, тарарай,
Да вязіце дзевачку з пеклаўрай! [3, с. 415].
Варта адзначыць, што вобраз дарогі ў вясельных песнях звязаны з міфалагічнымі ўяўленнямі. Па дарозе жаніха да маладой праводзяцца шмат засцерагальных дзеянняў, спалучаных з варажбой і прыкметамі аб будучым лёсе маладых. Выконваліся песні, каб магічным шляхам зберагчы маладых і вясельны поезд ад звышнатуральнага ўздзеяння, забяспечыць будучай сям’і добры шлях. Паводле народных вераванняў і прыкмет, на дарозе, асабліва на скрыжаваннях, існуюць злыя духі, якіх неабходна ўлагодзіць. Вядома павер’е: каб маладыя жылі доўга і шчасліва, то «сватам усе павінны ўступаць дарогу, яны нікуды не зварочваюць, а едуць прама да нявесты» [1, с. 137]. Інакш ставяцца да маладых. Іх шлях з перашкодамі і выкупам: «Маладым перастаўляюць сталамі дарогу ў вузкім месцы, часта на мосце, або нават праз вуліцу працягваюць вяроўку, каб маладыя ніяк не маглі аб’ехаць перашкоду. Маладую ўсаджваюць на крэсла, падкідваюць тры разы ўверх, жадаючы ёй шчасця; за ёю паднімаюць і маладога, патрабуючы выкуп» [1, с. 141]. У вёсцы Міхнаўка Брагінскага раёна, калі маладую пасля вяселля забіралі ад бацькоў, то «ўвесь час маладыя дзяржаліся за рукі платочкам так, каб праз іх ніхто не прайшоў і ўперад іх ніхто не ўвайшоў» [9, с. 41, Брагінскі раён]. Паспяховае пераадоленне ўсіх вясельных перашкод дазваляе, як лічыцца, жаніху і нявесце дасягнуць галоўнай мэты — пазбавіцца ад дзеянняў злых сіл. Пазбавіцца ад чар дапамагалі заклінальныя песні. Напрыклад:
Ой, варогі, варогі!
Не пераходзіце ж дарогі [3, с. 421].
Адрасатамі зваротаў часцей за ўсе былі вышэйшыя сілы, Бог або родныя. Напрыклад, ёсць песні, дзе абаронца і памагаты ў дарозе сам Г асподзь:
Ой, вы, молодцы дорогі,
Не пераходзьце дарогі.
Да нехай перайдзе Господ Бог,
Штоб вам у дороге Бог помог … [9, с. 184, Ельскі раён].
Песня была магічным сродкам закрыць дарогу ворагам і адкрыць радзіне і бацькаваму роду, каб маладым дасталася радавое шчасце:
Адступіцеся, варогі,
Да не пераходзьце дарогі,
Няхай перойдзе радзіна,
Штоб была дарога шчасліва,
А тады няхай перойдзе бацькаўрод,
Штоб вялося худобы повен двор [9, с. 46, Брагінскі раён].
Невыпадкова «бацька маладога хрысціць дарогу перад канём сына, тое ж робіць бацька нявесты, калі адпраўляе ў хату жаніха», каб засцерагчы маладых ад благога [3, с. 421]. Тую ж функцыю мелі шум, гучны гоман, крыкі.
Падчас руху вясельнай дружыны па дарозе трэба было ехаць хутка, танцаваць і гучна спяваць, каб адагнаць не толькі злых людзей, але жывёл і птушак, з якімі звязвалася чорная сіла. Напрыклад:
Воран, не воран, чорненькі! (2)
Не пералятай дарогі.
Надтопчам цябе пад ногі (2)
Пад чырвоныя чабаты,
Пад здаровыя жываты… [3, с. 456, Касцюкоўскі раён].