Найти тему

На чэках у Duty Free друкуюць вашы пашпартныя даныя. Гэта законна?

Фота: abw.by
Фота: abw.by

Кожны, хто ездзіў за мяжу, купляў што-небудзь у крамах Duty Free. Але ці ведалі вы, што на чэках у д’юціках друкуюць вашы пашпартныя даныя?

Чытач Еўрарадыё даслаў у рэдакцыю чэк з Duty Free у Каменным логу на мяжы з Літвой. Ён увогуле не збіраўся забіраць яго з касы, але выпадкова ўбачыў на ім канфідэнцыйныя звесткі пра сябе: імя і прозвішча, серыю і нумар пашпарта, ідэнтыфікацыйны код.

-2

Па словах прадстаўніка крамы "МаркетЛіга", дзе надрукавалі чэк, гэта не іх ініцыятыва: “Мы абавязаныя прадаваць тавары выключна пасля прад'яўлення пашпарта. Друкаванне дадзеных у чэку — патрабаванне заканадаўства. Яго мы і выконваем”.

Гаворка ідзе пра ўказ Аляксандра Лукашэнкі №38 за 2012 год "Аб функцыянаванні крам бяспошліннага гандлю". Там распісана, што сярод абавязковых звестак у чэку павінны быць указаныя імя, прозвішча пакупніка і нумар яго дакумента для выезду за мяжу. У дадзеным выпадку гэта пашпарт.

Вынікае, што апошнія шэсць гадоў крамы бяспошліннага гандлю друкуюць чэкі з данымі пакупнікоў. У сувязі з гэтым узнікаюць два пытанні:

1. Навошта гэта робіцца? Няўжо пракантраляваць, што пакупка перасякла мяжу, нельга без ідэнтыфікацыйнага нумара пакупніка на чэку?

2. Наколькі законны збор персанальных даных у крамах Duty Free?

Дзяржаўны мытны камітэт пакуль не змог адказаць Еўрарадыё, для якой працэдуры крамы бяспошліннага гандлю збіраюць персанальныя даныя пакупнікоў і як гэтыя дадзеныя выкарыстоўваюцца. Мы накіравалі туды афіцыйны запыт і чакаем адказу.

У ліпені 2018 года на грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект закона “Аб персанальных даных”. Неўзабаве абмеркаванне скончылася, але дакумент дагэтуль не прыняты і не набыў моц. Згодна з ім, у Беларусі персанальныя даныя можна будзе збіраць і не пытаючыся згоды ў тых, каму яны належаць. Але мэты гэтага “мусяць быць абгрунтаваныя і канкрэтныя” (параграф 3 артыкула 4 праекта закона).

Фота: Jessica Lowenthal /  www.flickr.com
Фота: Jessica Lowenthal / www.flickr.com

Ва Украіне таксама дзейнічаюць правілы, па якіх на чэках з Duty Free друкуюць даныя пакупніка. Набыццё тавараў у бяспошлінных крамах ажыццяўляецца выключна пры прад'яўленні пашпарта. І, перш чым выдаць вам чэк, прадавец ўносіць вашы даныя ў сістэму.

Гэта абгрунтоўваецца тым, што мытная служба мусіць мець магчымасць пракантраляваць, хто і што з сабой вязе, і ў якой колькасці. Але механізм, паводле якога ажыццяўляецца кантроль, таксама не з’яўляецца празрыстым. Мы не знайшлі і абгрунтавання таго, чаму сабраныя даныя абавязкова трэба друкаваць на чэках.