Настасся Курмянёва з Маладзечна некалькі месяцаў жыве ў Іране. Ці спраўдзіліся стэрыятыпы пра гэтую ўсходнюю краіну і як яна з мужам будуе сваю казку 1000 і адной ночы, жанчына распавяла для чытачоў “Рэгіянальнай газеты”.
Кожны раз, праходзячы ля акна, я на секунду заміраю і ўглядаюся ў горы, што атачаюць Тэгеран.
Ужо чатыры месяцы я ў Іране, але да гэтага часу часам не верыцца, што мы з мужам пераехалі жыць у гэтую краіну.
Калі муж сказаў пра Іран, я не паверыла
Выдатна памятаю той лістападаўскі вечар. Муж вярнуўся дадому, зайшоў у пакой і сказаў, што яму прапанавалі пасаду ў Іране. І больш за тое, ён збіраецца гэтую прапанову прыняць.
Я сядзела ў крэсле і паўтарала, што гэта зусім нясмешны жарт. Дапытвалася, у якую ж краіну мы едзем на самой справе. Яму давялося паўтарыць раз пяць, што мы едзем у Іран, перш чым я ўсвядоміла, нарэшце, што гэта праўда.
Першае, што я зрабіла – адкрыла інтэрнэт і набрала ў пошукавіку: «У чым ходзяць жанчыны ў Іране?». Аказалася, Іран – адзіная краіна ў свеце, дзе строгія патрабаванні дрэс-кода распаўсюджваюцца і на іншаземак. Абавязкова пакрываць галаву хусткай і насіць доўгую вопратку.
Другое, што я даведалася пра гэтую краіну – сабакі тут лічацца нячыстымі жывёламі. Увозіць іх складана, а значыць, нам прыйдзецца пакінуць свайго любімага гадаванца ў Беларусі. І я сказала мужу, што нікуды не еду.
У свеце няма межаў
На сваёй старонцы ў Інстаграм я паказваю, чым і як жыве гэтая краіна. Мне хочацца, каб тое, чаму вучуся і дзіўлюся тут я, стала вядома большай колькасці людзей. Я веру, што ў свеце на самой справе няма межаў, няма сваіх і чужых, што паміж намі ўсімі так шмат агульнага.
Жанчыны ў Іране цалкам свабодныя, яны заканчваюць універсітэты, уладкоўваюцца на кіруючыя пасады, водзяць машыну, маюць права на развод. Усё, як і ў Беларусі.
Так, жанчыны абавязаны выконваць нормы мясцовага дрэс-кода, але з кожным годам патрабаванні становяцца ўсё больш лаяльнымі. Ужо можна насіць рваныя джынсы, адкрываць рукі па локаць і нават паказваць валасы, зскінуўшы хустку на макушку.
Вядома, Іран – не самая простая краіна для жыцця. Многія рэчы падаюцца чужымі, незразумелымі, дзіўнымі. Нават могуць выклікаць адмаўленне і непрыманне, асабліва па першым часе.
Але магу з упэўненасцю сказаць, што кожны новы дзень тут робіць мяне больш мудрай і стрыманай, пашырае межы майго ўспрымання і прымушае зразумець многія рэчы не толькі пра гэтую краіну, але і пра саму сабе, мужа, нашы адносіны, пра жыццё ў цэлым.
Я вельмі шчаслівая, што мы з Андрэем апынуліся дастаткова смелымі, каб вырашыцца на такі важны крок.
Бо Іран, як шчодры сябар, дорыць нам столькі, што толькі паспявай быць удзячным.