На мінулым тыдні ў раёне быў праведзены штогадовы агляд-конкурс па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючай базы сельгасарганізацый да работы ў зімовых умовах, падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да веснавых палявых работ наступнага года, а таксама пастаноўцы на захоўванне адпрацаваўшай сезон сельскагаспадарчай тэхнікі.
Арганізацыйна, на высокім узроўні падрыхтаваліся да рамонтнага сезону працаўнікі КСУП «Чырвоны баец», і гэтаму была дадзена высокая ацэнка. Ход работ на мехдвары абмяркоўваюць дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Лянкевіч, галоўны інжынер Міхаіл Шапоткін (у цэнтры), механізатары Андрэй Новік, Віктар Аляксееў і Аляксандр Макаронак.
Кампетэнтная камісія, у якую ўвайшлі спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама – першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Анатоль Ланкуць, галоўны дзяржаўны інспектар Мікалай Пархамовіч, начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці Дзмітрый Іваніцкі і старшы інспектар гэтага ж аддзела Ігар Акушэвіч – разам з галоўнымі інжынерамі сельгасарганізацый раёна праверылі стан і добраўпарадкаванне мехдвароў, пастаноўку на зімовае захоўванне тэхнікі, якая вызвалілася ад палявых работ, а таксама збожжасушыльных комплексаў. Увага ўдзельнікаў агляду-конкурсу надавалася таксама навядзенню агульнага парадку на тэрыторыях машынных двароў, у рамонтных майстэрнях, падсобных памяшканнях, арганізацыі санітарна-бытавых умоў, ацяплення, а яшчэ – наяўнасці і правільнаму вядзенню неабходнай дакументацыі па рамонце машын і агрэгатаў у асенне-зімовы перыяд, тэхніцы бяспекі, аплаце працы.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.