Найти тему

Некалькі ўрокаў крэўскай гаворкі

Урок пяты: пазычаныя назаўжды

Адзін са шляхоў пашырэння лексічнага запасу той ці іншай мовы - запазычванне іншамоўных слоў. Знайшоўшы месца ў чужым асяродку, такія словы часта пераймаюць уласцівасці мовы, у якую яны ўвайшлі. Калі запазычанні ўжываюцца толькі ў пэўнай мясцовасці і набываюць характэрныя для яе гаворкі рысы, то іх можна аднесці да дыялектных слоў.

Адно цікавае слоўца нібы даляцела з дзяцінства. Калі маці завіхалася ля печы, а мы, малыя, дакучалі ёй пытаннем “А што будзем сёння есці?”, то яна, бывала, адказвала:”Яглы!” Гэта магло абазначаць: “Чаго вы чапляецеся з дурнымі пытаннямі? Што, свята якое, каб выядаць розныя прысмакі? Маглі і не пытацца - усё будзе, як кожны дзень: бліны, мачанка…” А мы ж пад тым невядомым словам, што было ў адказе, разумелі нейкую яшчэ пакуль нязведаную і надзвычай смачную страву. Магчыма, маці таксама падразумявала тое ж і ўжывала слова “яглы”з іроніяй. Пазней жа высветлілася, што нічога звышнатуральнага за гэтым словам не хаваецца. Такую назву мае звычайная прасяная альбо рысавая каша. Назва яўна не славянская, хутчэй за ўсё перайшла ад цюркскіх народаў. Магчыма, слова прыйшло ад мясцовых татараў, якія жылі тут здаўна.

Другое слова, якое часам ужывалася замест “яглы” і абазначала нешта смачнае, але недасяжнае – “мігдалы”. Гэта запазычанне з польскай мовы, абазначае “міндаль”.

Працяглае знаходжанне беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай, польская прысутнасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд ХХ стагоддзя і панаванне да нядаўняга часу польскай мовы ў беларускім касцёле зрабілі сваю справу: да нашых дзён у мясцовай гаворцы ўжываецца мноства паланізмаў. У большасці сваёй яны страцілі ўласцівасці зыходнай мовы, набыўшы новыя (па мясцовых правілах мяняюцца формы слова, націск і г. д.). Яскравы прыклад дыялектнай асіміляцыі запазычання - слова “асістэнт” (шафер, сведка маладых на вяселлі). У нас гэта ўжо “сустэнт”, дзе ў адным слове адбіліся ажно дзве асаблівасці мясцовай гаворкі: знікненне пачатковага галоснага і замена ў некаторых выпадках “і” на “у”.

Вось некалькі польскіх слоў, якія доўгі час бытавалі (або працягваюць бытаваць) у нашым краі, увабраўшы асаблівасці мясцовай гаворкі: “арбон” – аўтобус (па назве фірмы), “адпэньдзіць” – прагнаць, адвадзіць (ад польскага otpкdziж), “бацян“ – бусел, “валізка”, “валізак” – чамадан, “жлоб”, “жлобак” – кармушка ці паілка для жывёл, “матэрыя” – гной з раны, “каўка” – галка, “кецка” – кашалёк (ад польскага “kiesa”); “крэткі” – каляровыя алоўкі, “жалязка” – прас, “загарак” – “гадзіннік”, “спронжка” – спражка, “пасак” – пояс, “пігулка” – таблетка, “пэнкнуць” – трэснуць або лопнуць, “ровар” – веласіпед, “сашпэціць” – зганіць, “на мігі” – мімікай і жэстамі…

Польская лексіка ўваходзіць і ў некаторыя іншыя мясцовыя фразеалагізмы. Напрыклад, у выразе “на сьвятыя Нігды” пад выглядам нейкага неіснуючага свята пададзена польскае слова “nigdy”, якое, як і сам фразеалагізм, абазначае “ніколі”. Іранічным польска-беларускім выразам “Нех жые (няхай жыве) нязграбнасьць!” падсмейваліся з няўклюдаў. Выраз “дайсьці да нэндзя” абазначае “апусціцца, збяднець”( “nкdza” па-польску значыць “галеча”).

Падобная мяшанка назіраецца і ў выразе, якім старэйшыя “абсаджвалі” дзяцей, калі тыя дакучалі з просьбамі зрабіць што-небудзь, услужыць. Напрыклад, калі малы прасіў у бацькі, які заняты, прынесці вады, той мог адказаць: “Служка-служка! Выляці з-пад лужка, прынясі яму вады!” Хутчэй за ўсё, польскае “іуџko” ўжываецца тут замест звыклага для нашай мясцовасці слова “ложка” (ложак) толькі дзеля рыфмы.

Нягледзячы на працяглае супольнае пражыванне і даволі цесныя стасункі ў мінулыя часы, крэўскія беларусы мала што перанялі для сваёй гаворкі ад яўрэяў. Тыя выкарыстоўвалі ідыш толькі ў вузкім коле супляменнікаў, а з мясцовымі жыхарамі размаўлялі або на дзяржаўнай мове (рускай ці польскай), або на мясцовым варыянце беларускай. Хутчэй за ўсё, нават дома імі выкарыстоўвалася своеасаблівая “трасянка” з розных моў, пра што сведчыць анекдатычная гісторыя, якую да гэтага часу любяць пераказваць найстарэйшыя жыхары Крэва.

Нібыта зварыла неяк раз адна яўрэйская гаспадыня для сваіх дамачадцаў на вячэру клёцкі. Селі гэта яны, вячэраюць. Самы найменшы з дзяцей, сербануўшы некалькі лыжак, раптам перастаў есці і пачаў з цікавасцю разглядаць тое, што было ў талерцы. Затым кажа здзіўлена: “Мама, мама! А ў клёцы цвай воцы, фір лапкен!”. Што за “клёца” з двума вачыма і чатырма лапкамі была ў талерцы – пра тое не паведамляецца. Затое мы, дзякуючы анекдоту, маем уяўленне пра беларуска-яўрэйскую “трасянку”, праз якую і перакачавалі ў нашу гаворку такія-сякія элементы з ідыш. У самой яе інтанацыі, па-мойму, утрымліваюцца ледзь прыкметныя ноткі той своеасаблівай маўленчай мелодыі, якая выдае любога яўрэя, хай гэта будзе жыхар Крэва альбо Адэсы. Маецца ў нашай гаворцы таксама і шэраг лексічных запазычанняў. Напрыклад, калі мы хочам вылучыць падабенства двух рэчаў ці асоб, мы ўжываем слова “рыхцік” (усё адно, як…, чыста…, выліты…): “Рыхцік бацька!” (“Выліты бацька!”). З ідыш паходзіць дзеяслоў “кашарыць” (старанна мыць, чысціць). У яго аснове - слова “кашэр” (чысты, прыгодны). На кнігі (пераважна, калі іх многа) могуць сказаць “талмуды” (ад назвы адной з самых важных шматтомных яўрэйскіх рэлігійных кніг): “У школу пара, а ён яшчэ свае талмуды ў сумку ні склаў!”

Не магло не адбіцца на нашай гаворцы і блізкае суседства з Літвой. Наогул, у беларускай літаратурнай мове прысутнічае мноства літуанізмаў, а ў гутарцы жыхароў нашага краю іх яшчэ больш. Некаторыя з іх далі глебу для стварэння новых дыялектных слоў. Вось некалькі прыкладаў.

Этымалогія слова “гулта” падаецца загадкавай толькі на першы погляд. У латышскай мове слова “gultas” абазначае “ложак”. Ужываецца яно, хоць крыху радзей, і ў літоўскай (са значэннем “ляжанка”, “нары”), адкуль, відаць, прыйшло да нас для абазначэння лежбішча свойскай жывёлы ў хляве. “Гултам” у нас могуць назваць і людскую пасцель з бруднай бялізнай і ў неахайным выглядзе.

Слова “гіль” (з выбухным “г”) пайшло ад літоўскага “gylys”. На беларускую мову перакладаецца як “авадзень”. Ад яго ўтварыўся дыялектны дзеяслоў “гіляваць”, які мае два значэнні. Адно характарызуе паводзіны кароў, якіх атакавалі ў летнюю спёку гэтыя кусучыя насякомыя, – неўтаймоўная ажыўленасць, паніка. Другое значэнне мае дачыненне да чалавека, які таксама паводзіць сябе надзвычай ажыўлена, непрадказальна. “Загіляваў” - гэта значыць “разышоўся”, “разбушаваўся”.

Яшчэ адно літоўскае слова – “apћergкs” – стала зыходным для цэлага шэрагу дыялектных слоў. На беларускую мову яно перакладаецца як “конна” або “расставіўшы ногі”. У нашай жа мясцовасці існуюць роднасныя яму дыялектныя словы “абжэргаць” або “абжаргаць” (сесці конна), “жаргнуць” (ступіць), “перажаргнуць” або “перажэргнуць”(пераступіць), “ра[з]жыгерыцца” (шырака расставіць ногі), а таксама “жэргалы” (так жартам могуць назваць нашы ніжнія канечнасці).

Корм на зіму для скаціны называецца ў нас “пошарам”. Пра паходжанне гэтага слова няцяжка здагадацца, калі даведаешся, што ў літоўцаў тое самае мае назву “paљaras”.

Не кожны беларус зразумее, пра што ідзе гаворка, калі пачуе ў нас выраз “адпойсаць каго-небудзь”. Цяпер перакладзём гэта на літаратурную мову : “адмалаціць каго-небудзь”. Цяпер, спадзяюся, зразумела. У абодвух выпадках словы ўжыты ў пераносным значэнні. І ў прамым яны абазначаюць адно і тое ж – выбіваць цапамі зерне з каласоў. У нашу гаворку слова “пойсаць” таксама прыйшло з літоўскай мовы.

Гарэзу і непаседу у нас могуць назваць “вірвусам” (або, крыху перайначыўшы, – “вурвісам”). На першы погляд – бяскрыўднае слоўца, як і яго дакладныя рускія аналагі “сорванец” і “оторва”, пакуль не пацікавішся іх паходжаннем. Аказваецца, у аснове рускіх слоў ляжыць дзеяслоў “рвацца”, а наша дыялектнае “вірвус” пайшло ад літоўскага назоўніка “virvė”(вяроўка). Усе тры словы першапачаткова адносіліся да тых, хто выратаваўся ад шыбеніцы, калі пры экзекуцыі абрывалася вяроўка. (Існавала правіла – у такіх выпадках прыгаворанага пакідалі жывым). Так што пэўная доля негатыву ў гэтых словах прысутнічае. Відаць, стваральнікі вядомай маркі цукерак “Сорванец” не ўдаваліся ў падрабязнасці, падбіраючы назву для сваёй прадукцыі.

Вось яшчэ колькі слоў, якімі падзяліліся з намі літоўцы: “бражджэць” (бразгатаць), “бразгуны”, “шархуны” (абодва словы служаць у нас для абазначэння званочкаў, якімі аздаблялася конская збруя), “брызглае” малако (пракіслае), “журэць” (тлець (пра агонь)), “мума” (вош), “трэпці” (тапкі, зношаны абутак), “задэчыць” (падзець невядома куды), “накрэйзаць” (напісаць неразборліва, неахайна)...

Апошнім часам тымі, хто нібыта змагаецца за чысціню беларускай мовы (а самі, нярэдка, зусім нядаўна адкрылі яе для сябе), ладзяцца спрэчкі наконт таго, якія словы “больш беларускія”: “карта” альбо “мапа”, “чай” альбо “гарбата”. Па-мойму, пытанне надуманае, бо ўсе чатыры словы з’яўляюцца запазычаннямі. Варта было б не спрачацца, а прыслухацца да таго, што ўжываецца ў народзе. Што тычыцца пары “чай – гарбата”, то найлепшы спосаб вырашэння праблемы можна было б пераняць з крэўскай гаворкі, дзе суіснавалі два розныя паняцці: “чаем” у нас называлі напітак з “крамнай” заваркі з сушанага чайнага лісця, “гарбатай” – прыгатаваны самастойна з сухіх зёлак: чабару, “сьвянціянкі”, ліпы і г. д. Таму пытанне “Што ты будзеш: чай ці гарбату?” у нашай мясцовасці не пазбаўлена сэнсу.

Пасляслоўе: з гукаў – у словы

Гукаперайманне – даволі распаўсюджаны спосаб стварэння новых слоў. Выкарыстоўваецца ён і ў нашай гаворцы.

Дзеяслоў “гяргятаць” спачатку меў дачыненне да голасу, які падавалі гусі. І ўжо ў пераносным значэнні пачаў характарызаваць людзей, якія размаўляюць невыразна або на незразумелай мове. Тое ж самае са словам “мяркятаць”, якое асноўным сваім значэннем характарызуе падачу голасу казой.

Таго, хто гугнявіць, гаворыць у нос, у нас называюць “гамзуном”, “гамзатым”.

“Бурбулець” – безасабовы дзеяслоў, які ўжываецца для апісання міжвольных гукаў у страўніку (“у бруся (жываце) забурбулела”) альбо пры кіпенні вадкіх рэчываў.

“Кільгіц-кільгіц”, - так апісваюць паходку кульгавага.

Назоўнік “гачка” абазначае матыку з зубцамі для копкі бульбы. Ад слова ўтварыліся дзеясловы “гакаць”, “гачкаваць”. Мне падаецца, што і гэтыя словы ўзніклі шляхам гукапераймання. Такім жа чынам з’явіліся, хутчэй за ўсё, і дзеясловы “шчалугаць” (лузгаць), “шлэмбаць” (шумна ступаць ), “цурумболіць” [“цурумбоніць”] (мачыцца), “бэлтацца” (мае некалькі значэнняў: “хістацца”, “бадзяцца” або “круціцца, перашкаджаючы” (“Ня бэлтайся пад нагама!”).

Выклічнік “джыгі-джыгі”, якім часам суправаджаюць рытмічнае гойданне дзіцяці на руках, каленях ці пры дапамозе якіх-небудзь спецыяльных прыстасаванняў (калыска, арэлі…), стаў зыходным для стварэння мясцовага дзеяслова “джыгацца”(гушкацца, калыхацца). Відаць, роднасным яму будзе і дзеяслоў “джыгануць” (рэзка сарвацца з месца, пабегчы). Заўважым, што ў вышэй названых дзеясловах вымаўляецца не характэрны для беларускай мовы выбухны “г”.

Балотных жабаў называлі “турчакамі” з-за іх характэрных пранізлівых “спеваў” у час іх “шлюбнага перыяду”.

Існуе вялікае мноства слоў-выгукаў, якімі падклікаюць (альбо адганяюць) свойскую жывёлу ці птушак. Многія з іх агульнавядомы, аднак ёсць і такія, што ўжываюцца толькі ў пэўнай мясцовасці. Аднак неабавязкова, што і тут розныя гаспадары будуць падклікаць скаціну адным і тым жа спосабам. Яны могуць выкарыстоўваць і запазычаныя з іншых мясцін словы, і прыдуманыя наўмысна, каб прызвычаіць сваю скаціну да асабістых “пазыўных”. Вось самыя адметныя з такіх выклічнікаў, падслуханыя ў некаторых крэўскіх гаспадарках: “круп-круп-круп” (падклікаюць курэй), “вуць-вуць-вуць” (качак), “це-це-це” або “дзеці-дзеці-дзеці” (так клічуць свіней), “кузю-кузю-кузю” (коней). Некаторыя з гэтых трапілі ў фразеалагізмы. Напрыклад, пра партнёрства, якое з часам перарастае ў закабаленне аднаго бока другім, у нас казалі: “Кузю-кузю, пакуль ні ў аглоблі!”

Існуе мноства варыянтаў назвы спевакоў, якія абходзілі з віншаваннямі двары аднавяскоўцаў у велікодныя або калядныя дні. Найбольш распаўсюджаная з іх – “валачобнікі”. У нас жа гэтых людзей, як і на поўдні Ашмяншчыны, клічуць “валоўнікамі”. Нягледзячы на пэўнае падабенства двух слоў, паходжанне іх, магчыма, рознае. Аднак і адно, і другое да гэтага часу не маюць пераканаўчай версіі свайго ўтварэння. Лічыцца, што слова “валачобнікі” пайшло ад дзеяслова “валачыцца”. На маю ж асабістую думку, гэтых людзей першапачаткова называлі “велічобнікамі” (спевакі велічалі і Бога, і гаспадароў, якіх наведвалі). Пазней, з-за характэрнага імкнення гукаў “е”, “і” пераходзіць у некаторых беларускіх мясцовасцях у “а”, яны зрабіліся “валачобнікамі”. Што датычыцца назвы “валоўнікі”, то адна з версій яе паходжання – слова “валхоўнікі”, якія таксама, нібы тыя паганскія валхвы, славілі вышэйшыя сілы. На іншую версію наводзіць даследчык Арсень Ліс у адной са сваіх прац. Аказваецца, у Вішневе Смаргонскага раёна такіх людзей клічуць “алалоўнікамі”, а на літоўска-беларуска-польскім этнічным узмежжы валачобныя песні аздабляюцца своеасаблівымі рэфрэнамі: “Лалым-лалым, лалым!”, “Гэй, лолам!” Магчыма, што гэтая адметнасць і лягла ў аснову назваў “алалоўнікі”. Ведаючы пра ўласцівасць дадаваць да слова з пачатковым галосным прыстаўныя зычныя “в” альбо “г”, можна дапусціць, што ў нас такіх людзей клікалі спачатку “валалоўнікамі”, а затым, крыху скараціўшы назву, - “валоўнікамі”.

Аляксандр КАМІНСКІ.