Найти тему
Минская правда | МЛЫН.BY

Якiмi былi першая нумары «Мінскай праўды»

Наўрад ці магчыма назваць сённяшняга беларуса неінфармаваным чалавекам. Амаль у кожнага – мабільнік, інтэрнэт і тэлевізар. Сёння паўстае вельмі часта іншае пытанне: як карэктна ўспрымаць бясконцы паток інфармацыі, які льецца адусюль?

У жыхароў сталіцы і Мінскай вобласці на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя такой праблемы не існавала. Тэлевізар тады яшчэ лічыўся раскошай (для прыкладу, мадэль «КВН-49», выпушчаная ў 1949 го дзе, каштавала 1200 руб., што прыкладна адпавядала двум сярэднямесячным заробкам). Таму галоўную інфармацыю аб падзеях у краіне і свеце людзі атрымлівалі з радыё і газет.

Апошнія фактычна з’яўляліся сродкам сувязі паміж простым чалавекам і вышэйшай уладай. На працягу дзесяцігоддзяў мяхамі прыходзілі ў рэдакцыі пісьмы, дзе расказвалася пра перамогі і недахопы, подзвігі і злачынствы. Інжынер з Лагой ска ці шахцёр з Салігорска, сталічны бухгалтар ці аграном з Мядзельшчыны – кожны мог звярнуцца да газеты, каб ягоны голас пачулі. Беларусам-2020 немагчыма нават уявіць, які ўплыў мелі тагачасныя газеты на розум беларусаў-1950. І «Мінская праўда» тут не выключэнне.

«Праўда» як знак якасці

Слова «праўда» ў назве газеты надавала асаблівую вагу выданню. Галоўнай газетай у СССР была «Правда», дзень выпуску якой – 5 мая – быў афіцыйна аб’яўлены Днём друку. «Праўдзіва і крытычна асвятляць усе бакі савецкага жыцця, умацоўваць сувязі з шырокімі масамі Мінска і вобласці» – вось адзін з абавязкаў «Мінскай праўды», сфармуляваных у пастанове Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі ад 17 кастрычніка 1950 года. Згодна з архіўнымі данымі, за такую назву газеты прагаласавалі 23 чалавекі пры адным голасе супраць.

Мікалай Дзмітрыевіч Пузікаў – рэдактар газеты ў 1950–1961 гг.
Мікалай Дзмітрыевіч Пузікаў – рэдактар газеты ў 1950–1961 гг.

Пасаду рэдактара заняў Мікалай Дзмітрыевіч Пузікаў. 41-гадовы намеснік рэдактара «Звязды» падыходзіў па ўсіх галоўных крытэрыях:

  • выхадзец з сялянскай сям’і з Араніенбаума (сучасны горад Ламаносаў) Пецярбургскай губерні;
  • член камсамола з 1924 года, у бальшавіцкай партыі з 1930 года;
  • вопыт асвятлення баявых падзей Вялікай Айчыннай вайны на Карэльскім і 2-м Беларускім франтах, прайшоў шлях ад інструктара франтавой газеты да рэдактара дывізіённай, атрымаўшы званне маёра. Сярод узнагарод – ордэн Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені, «За абарону Савецкага Запаляр’я»;
  • скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне педагагічнага інстытута імя М. Горкага (Мінск) у 1934 годзе;
  • за плённую працу ў «Звяздзе» (1936–38 і 1946–1950) атрымаў ордэн «Знак Пашаны».

Рэкамендацыю Мікалаю Пузікаву выдаў тагачасны рэдактар «Звязды» Даніла Драгун. І некаторыя са звяздоўцаў таксама перайшлі ў новую рэдакцыю. Сярод іх былі Дзмітрый Манюс, Мікалай Рылькоў, Яўген Сямешкін, Дзяніс Шаціла, Віктар Тамілін, Аляксандр Грымберг і іншыя вопытныя супрацоўнікі найстарэйшага выдання краіны. Яшчэ ў верасні – кастрычніку 1950 года быў аб’яўлены набор журналістаў па ўсёй рэспубліцы. З Гродна прыехаў Мікалай Парэнчык, з Магілёва – Іван Пушкарчык, з Віцебска – Канстанцін Герман і Вікенцій Вінаградаў. Паступова стваралася сетка сабкораў у рэгіёне, якія дапамагалі газеце сачыць за актуальнымі падзеямі і імгненна рэагаваць на іх. За Чэрвень адказваў Віктар Астанковіч, справы ў Барысаве асвятляў Ігнат Дубавец, з Лагойска матэрыялы дасылаў Ягор Дубавец, з Беразіно – Вольга Хвілько.

67 чалавек – менавіта такім быў склад першай рэдакцыі «МП» у лістападзе – снежні 1950 г.

Першыя пытанні і першыя артыкулы

На першых планёрках, відавочна, знаёміліся між сабой і абмяркоўвалі тэмы будучых артыкулаў. У Мінскім абласным архіве захавалася некаторая дакументацыя тых часоў. І сёння мы можам даведацца аб асноўных кірунках рэдакцыйнай палемікі. Вось на адным пасяджэнні ідзе гаворка аб неабходнасці добрага валодання рускай і беларускай мовамі, засяроджваецца ўвага на тым, что адна з вядучых газет рэгіёна не можа дазволіць сабе рабіць памылкі. На другім гаворка ідзе аб зменным сакратару тав. Когане, які вымушаны працаваць штодзённа, фактычна за дваіх, бо рэдакцыя не можа знайсці чалавека на гэтую пасаду. У адказ на просьбу плаціць Когану ўдвая большы заробак прафсаюз Беларускага камітэта працаўнікоў друку і паліграфіі адмаўляе ў гэтым, заклікаючы рэдактара як мага хутчэй знайсці чалавека на пасаду зменнага сакратара. Матывацыя – «тав. Коган не павінен працаваць кожны дзень па 12 часоў без адпачынку, відавочна тым самым зніжаючы сваю прадукцыйнасць».

Мінск будаваўся, і «Мінская праўда» гэта асвятляла (1951 г.)
Мінск будаваўся, і «Мінская праўда» гэта асвятляла (1951 г.)

Тэмы газетных артыкулаў пачатку 50-х гадоў – люстэрка той эпохі. Вось некаторыя з іх, што абмяркоўваліся на рэдкалегіі ў лістападзе – снежні 1950 г.:

  • Пад сцягам Леніна, пад вадзіцельствам Сталіна – да новых перамог камунізма!
  • Арганізавана правесці зімні спартыўны сезон
  • Калгасніца Вольга Міхалевіч садзіцца за парту дзеля агразаатэхнічнай вучобы
  • За 5000 літраў малака ад кожнай каровы ў год
  • На ўроку Канстытуцыі ў 7-м класе 9-й сярэдняй школы Мінска
  • Праца сельскіх кінамеханікаў у Бярэзінскім раёне
Фатограф У. Марцыёнка ў селекцыйным комплексе Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР.
Фатограф У. Марцыёнка ў селекцыйным комплексе Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР.

Рэдакцыя + спорт = сяброўства

Актыўна прапагандавала газета здаровы ўклад жыцця. На яе старонках асвятляліся асноўныя мерапрыемствы, якія праводзілі ў рэгіёне школы працоўнай моладзі (ШПМ) і аддзелы фізкультуры. А з падачы супрацоўніка Івана Мелехава на адным з пасяджэнняў рэдкалегіі ў 1951 г. было вырашана праводзіць абласны турнір па веласпорту, з 1952 г. – гарадскі турнір па шахматах і шашках на прызы рэдакцыі. І гэтая ідэя знайшла самы гарачы водгук у чытачоў.

114 – столькі чалавек удзельнічалі ў гарадскім турніры па шахматах на прызы газеты ў 1955 г.

На веласпаборніцтвы сярод калектываў абласных прадпрыемстваў выстаўлялі шэраг каманд, іх колькасць паступова расла, ад 14 удзельнікаў на старце ў 1951 г. да 51 каманды ў 1959 г. Дзякуючы рэдкім здымкам фатографа Усевалада Марцыёнкі, што захаваліся ў архіве кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, можна ўявіць, якая барацьба ішла на працягу 45-кіламетровай трасы.

-5

Лідар велагонкі на прызы «МП» Н. Шавялёва імчыць да перамогі і прэміі ў 250 рублёў (1954 г.)

Што тычыцца шахматаў, з першага турніру на прызы газеты з ёю актыўна супрацоўнічаў вядомы беларускі гросмайстар, 7-разовы чэмпіён БССР па шахматах Уладзімір Сайгін. Ягоныя эцюды з’яўляліся на старонках газеты, у сценах «Мінскай праўды» Уладзімір Сяргеевіч бываў неаднаразова і нават выязджаў на сумесныя з журналістамі грыбныя «паляванні» па выхадных, як успамінаў былы супрацоўнік Аркадзь Штольмец.

Такім чынам, у свой першы год рэдакцыя ўступала з пакуль яшчэ неаднародным па досведу, але вельмі дружным калектывам, з новымі ідэямі і памкненнямі. Якімі былі яны, ня простыя 50-я? Аб гэтым – наступным разам.

Фатограф У. Марцыёнка ў селекцыйным комплексе Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР.