Слесар механазборчых работ цэха зборкі і выпрабавання матораў Мінскага маторнага завода Міхаіл Ганчар ажыццяўляе велападарожжы па роднаму краю. Аповедамі аб беларускіх мясцінах ён дзеліцца з чытачамі.
Гісторыя. Паселішча Станькава вядома з канца XV стагоддзя. Першапачаткова ім валодалі Дарагастайскія, затым вядомыя магнаты Радзівілы. У 1545 годзе вёску і сядзібу набыў землеўладальнік Валадкевіч. У 1588 годзе Станькава атрымала статус мястэчка. У ім было 30 двароў, касцёл, царква, кірмаш, млын. Тры вуліцы: Койданоўская, Мінская і Негарэльская.
Пасля другога раздзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Станькава ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. А ў 1799 годзе мястэчка набыў граф Гутэн-Чапскі. Далейшы росквіт Станькавазвязаны з гэтай сям’ёй. І галоўным чынам з героем гэтага аповяда.
Граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі нарадзіўся ў Станькава ў 1828 годзе. Яго бацька Караль фон Гутэн-Чапскі з’яўляўся маршалкам шляхты Мінскага ўезда, членам Літоўскай адукацыйнай камісіі і камергерам апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Маці – графіня Фабіяна Чапская – была дачкой мінскага кашталяна Міхала Абуховіча.
Эмерык з дзяцінства цягнуўся да навукі. Спачатку ён займаўся з хатнімі настаўнікамі, а ў 17 год паступіў у 1-ю Віленскую гімназію. Затым – вучоба ва універсітэтах Масквы, Санкт-Пецярбурга і Берліна.
Адукаванага, разумнага, энергічнага маладога чалавека прыкмецілі, пачаўся яго імклівы ўзлёт па кар’ернай лесвіцы. Больш за дваццаць гадоў на дзяржслужбе Эмерык Чапскі займаў шмат пасад. Самыя значныя – гэта пост губернатара Вялікага Ноўгарада і віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга. Апошнюю сваю пасаду старшыні Ляснога камітэта Міністэрства дзяржмаёмасці пры імператары Аляксандры II Чапскіпакінуў сам у 1879 годзе. Ён не згадзіўся з імператарам з нагоды дарэння лясных угоддзяў. Падаў у адстаўку і з’ехаў у Станькава. Цвёрдага характару быў чалавек.
Яшчэ будучы на дзяржаўнай службе, Эмерык Чапскіпры першай магчымасці стараўся пабыць у Станькава. Тут ён зрабіў сваё радавое гняздо. Былі ўзведзены асноўныя будынкі палацава-паркавага комплекса. Упрыгожваннем сядзібы стаў палац. Але галоўнай “ізюмінкай” з’яўляўся будынак бібліятэкі “Скарбец”. Ён узведзены па законах сярэдневечнай архітэктуры з элементамі рамантызма.
Граф Эмерык Чапскі ўсур’ёз захапіўся калекцыяніраваннем. У яго бібліятэцы знаходзіліся мастацкія палотны, гравюры, 20 тысяч кніг, 12 тысяч манет, зброя і вайсковыя узнагароды. Акрамя таго граф сам праводзіўархеалагічныя раскопкі старажытных курганоў. Шмат артэфактаў ён здабыў сваімі рукамі.
У 1872 годзе Эмерык Чапскі набыў яшчэ адну сядзібу ў Прылуках, што пад Мінскам. На той час ён стаў самым буйным земляўладальнікамМінскай губерніі. У яго валоданні знаходзілася 40 тысяч гектараў зямлі, лес, млыны, смалакурні, вінакурні, цагельныя заводы, сады.
Але граф Гутэн-Чапскі не забываў аб простым народзе. У 1858 годзе ён за 2 тысячы срэбных рублёў выкупіў у архітэктара Канстанціна Тона (аўтара храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве) праект царквы. У кароткі тэрмін храм быў пабудаваны і асвечаны ў гонар св. Мікалая.
У 1863 годзе была адчынена прыходская школа, дзе маглі вучыцца сялянскія дзеці. У 1868 годзе пачаў працаваць шпіталь, затым бальніца.
Але ўсё добрае заўсёды заканчваецца нечакана. У пана Эмерыка ўзнік канфлікт са старэйшым сынам Янам. Той вясной 1894 года ажаніўся на Марыі Пуслоўскай і затрабаваўзрабіць раздзел маёмасці. Ці пад уплывам жонкі, ці ён сам дадумаўся, але справа дайшла да суда. Па рашэнню суда пан Эмерык Гутэн-Чапскі павінен быў з’ехаць са Станькава ў Кракаў. Уся маёмасць была падзелена паміж дзецьмі, а графу дасталася частка грошай і калекцыя. У кастрычніку 1894 года пан Эмерык з жонкай Альжбетай ад’ехалі ў Кракаў. Калекцыя размясцілася ажно ў 134 драўляных скрынях і яе везлі па чыгунцы.
У Кракаве Эмерык Чапскі працягваў займацца навуковай дзейнасцю, пісаў кніжкі. Але пражыўшы тры гады, нечакана захварэў і памёр. Калекцыя? Ён яе адпісаў Кракаўскаму нацыянальнаму музею.
Легенды. Як і ў кожным паважаючым сябе мястэчку, старыя людзі Станькава могуць распавядаць мноства легенд, паданняў і баек. Адны з іх падобны на праўду, другія – на містыку. Пачытайце кніжку А.І. Валахановіча“Графы фон Гутэн Чапскія на Беларусі”. Там ёсць некалькі гісторый, ад якіх ледзянее кроў.
Ёсць легенда аб назве Станькаў, менавіта так раней называлася паселішча. А ўсё проста, тут праходзіў тракт, і на гэтым месцы перакоўвалі коней. І фраза “стань каваць” скарацілася да “стань каў”.
Існуе цікавая легенда пра падземныя хады, якія злучалі жылыя пабудовы сядзібы (а таксама палац) з бібліятэкай і царквой на другім беразе возера. Я думаю, што гэта не байка. Ёсць успаміны святара царквы. Ён сцвярджае, што граф Чапскі правёў яго па падземнаму калідору з царквы да свайго палаца. Аб затопленых падвалах пад храмам распавядаў архітэктар Алег Масліеў, які з 2007 года займаўся рэстаўрацыяй царквы. У адным з флігеляў таксама ёсць падвалы, затопленыя вадой. Існуе такая версія: у савецкі час ваду з возера спусцілі і дно чысцілі з дапамогай бульдозера. Вось ён недзе і пашкодзіў перакрыцце. Калі возера зноў запоўнілі вадой, то падземны ход, зразумела, затапілі. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што зімой праз тонкі лёд ён добра бачны.
Яшчэ адна легенда звязана з царквой. Але тут ужо больш містыкі. У 30-я гады “чэкісты” арыштавалі, а затым растралялі святара і яго родзічаў. Праз некалькі дзён у Станькава прыехалі супрацоўнікі органаў (іх было трое) і павесілі на храм вялізны замок. Затым яны накінулі на крыж вяроўку і сталі цягнуць. Крыж не паддаваўся. Мясцовыя жыхары, якія збегліся паглядзець на ўсё гэта, заўважылі на чысцюткім небе белае воблака, якое набліжалася да царквы. У гэты час адзін з “чэкістаў” залез на купал і стаў біць па крыжу кувалдай. Крыж не вытрымаў і адламаўся. Тыя двое ўнізе не бачылі, куды ён ляціць, і крыж зваліўся ім на галовы і забіў. А той трэці паслізнуўся, паляцеў уніз і разбіўся да смерці. У гэты час з воблака хлынуў дождж. Але затым, да таго часу, пакуль царкву не аднавілі, у Станькава не ішлі дажджы.
Рэальнасць. Я быў у сядзібе Гутэн-Часпкіх два разы. Уражанне яна робіць дваякае. Вось адрэстаўрыравалі царкву, але тэрыторыю вакол не прыбралі. Сядзіба знаходзіцца на другім беразе маляўнічага штучнага возера. У 2015 годзе адноўлена толькі маленькая яе частка, так званы “Востраў Радасці”. Зроблены драўляны прычал на возеры і мост праз канаву. Адноўлена васьмікалонная ратонда – альтанка, глядзіцца вельмі эфектна. Адноўлены свіран, пакрыты металачарапіцай, выглядае дзікавата. Нарэшце знялі будаўнічыя лесвіцы і агароджу вакол “Скарбеца”, але пафарбавалі неахайна. Што яшчэ ёсць у сядзібе? У далёкім канцы парка – руіны ўяздной брамы і вартоўні. Цагляныя сцены яшчэ моцныя. Тут жа – паўразбураная воданапорная вежа, кузня, флігель, канюшня, дом для праўнікаў. З двух бакоў захавалася агароджа.
З савецкіх часоў на тэрыторыі сядзібы дзейнічае школа-інтэрнат для праблемных дзяцей. Зараз гэтыя дзеці ствараюць праблемы мясцовым жыхарам і турыстам. Паводзяць яны сябе не вельмі прыстойна.
Вось такія рэаліі. А пабываць у Станькаваўсё ж такі варта. Толькі абавязкова летам альбо залатой восенню.
Міхаіл ГАНЧАР
Фота аўтара
#mmz #ммз #экскурсии #экскурсіі #станьково #станькава #родныкрай #роднойкрай