25 верасня навучэнцаў 5-х класаў сярэдняй школы №3 гасцінна запрасіў на вялікі кірмаш Смаргонскі краязнаўчы музей. На гэта раз мясцовы музей падрыхтаваў цудоўную інтэрактыўную выставу-экспазіцыю з элементамі тэатралізацыі “Смаргонь кірмашовая”.
Арганізатары экскурсіі паклапаціліся аб тым, каб наведвальнікі выставы-экспазіцыі адчулі сапраўдны смаргонскі мясцовы каларыт падчас наведвання. Шмат цікавых і пазнавальных гісторый распавяла навучэнцам экскурсавод - гаспадыня-абараначніца. Дзеці даведаліся пра тое, як і з чаго вырабляліся першыя абаранкі, каго называлі “павадырамі”, што такое “каляварніца” і калі ўпершыню ўзнік кірмаш на Смаргоншчыне. Зала “Шляхамі кірмашовымі” пазнаёміла з гісторыяй горада, у мінулым уладаннем князёў Зяновічаў, магнатаў Радзівілаў і графоў Пшаздзецкіх, прадметамі побыту і мясцовай гаспадаркі. Навучэнцы ўпершыню ўбачылі знакаміты цуд - выраб мясцовага жыхара Івана Карнея - ровар-кармілец. Свой агрэгат майстар называў “рабочым веласіпедам”. Ездзіў на ім па горадзе і працаваў. На базары часта заказы выконваў, каб штосьці патачыць ці павастрыць.
Безумоўную цікавасць навучэнцаў выклікала нечаканае з’яўленне пачэснага госця музея – Мядзведзя. На працягу выставы кожны, хто жадаў, мог паразмаўляць з ім. Так, навучэнцы падчас гутаркі даведаліся, што ў “Мядзведжай Акадэміі” “акадэмікаў” вучылі не толькі танцам, але і грамаце. Двоечнікаў прадавалі, а выдатнікаў вазілі па свеце ды паказвалі заможным гасцям. Трымаць мядзведзяў каштавала вельмі дорага. Таму хутка было вырашана ўсіх прадаць. Але нягледзячы на гэты факт, наша Смаргонь і па сённяшні час ганарыцца сваёй “Мядзведжай Акадэміяй” – адзінай і знакамітай па ўсёй Еўропе.
Кульмінацыяй сустрэчы стала гульня з Мядзедзведзем, у якую гулялі на кірмашы. Падчас яе навучэнцы паказалі свае здольнасці ў спрытнасці, хуткасці і ўважлівасці. Ну, і як жа без смаргонскіх абаранак. Напрыканцы сустрэчы ўсе наведвальнікі атрымалі салодкі падарунак - абаранак як напамін пра гасцінны Смаргонскі кірмаш. Па словах экскурсавода, у перспектыве плануецца арганізаваць майстар-класы па вырабе абаранак з салёнага і салодкага цеста для наведвальнікаў выставы. А пакуль, мясцовыя знакамітыя абаранкі можна пакаштаваць паўсюль, і нават у музеі. Шумна і людна было на Смаргонскім кірмашы: скамарохі, мядзведзі, абаранкі…
Вольга ІЛЬІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
СШ №3.