Знакаміты адкрыты ліст спартоўцаў, якія патрабуюць новых выбараў і рашуча асуджаюць зверствы сілавікоў, працягвае адчувальна нерваваць беларускую вертыкаль. Колькасць прозвішчаў пад тэкстам ужо пераваліла за 500 і па-ранейшаму расце.
У спісе — алімпійскія чэмпіёны і прызёры, чэмпіёны свету і Еўропы, знакамітасці, якіх ведае кожны беларускі заўзятар. Самыя актыўныя з іх рэгулярна ўдзельнічаюць у нядзельных маршах пратэсту і нават стварылі “Свабоднае аб’яднанне спартоўцаў Беларусі”. Карацей, тэма віруе і нарошчвае тэмп.
Відавочна, ўлада мусіць нешта рабіць з нечаканай непаслухмянасцю тых, хто, здавалася б, заўсёды заставаўся ў фарватары дзяржаўнай палітыкі. Але што канкрэтна? Выглядае, што нічога новага. Крыху павагаўшыся, вычарпаўшы сродкі ўплыву на экстраных сходах і нарадах, чыноўнікі заняліся тым, што ўмеюць лепш за ўсё. У беларускім спорце пачаліся звальненні.
Пакінуў дзяржслужбу славуты дзесяціборац Андрэй Краўчанка. Няма больш у брэсцкім “Дынама” трэнера і былога варатара футбольнай зборнай Васіля Хамутоўскага. Ёсць і іншыя выпадкі.
Але ўсё гэта — побыт беларускага жыцця. Прынцыповы? Разумнейшы за іншых? Хочаш перамен? На табе перамены — забірай працоўную кніжку і валі на вуліцу. Кружылка заезджаная, і чарговы раз уключаць стары патэфон было б, можа, і не варта. Калі б не адзін асобны прыклад, які рве шаблоны і вылучаецца нават на агульным змрочным фоне.
Справа пра фрыстайл — як жа без яго, самага “апазіцыйнага” віду спорту сучаснай Беларусі. Нязгодных з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі там шмат. Адкрыты ліст падпісалі чэмпіёнкі Аляксандра Раманоўская і Ганна Гуськова, іх легендарны трэнер Мікалай Казека. Калег галосна падтрымаў Дзмітрый Дашчынскі — у мінулым неаднаразовы алімпійскі прызёр, а зараз таксама трэнер зборнай. Што ні прозвішча — глыба, чапаць такіх — гэта як страляць сабе ў нагу.
Дык што ж тады зрабіла сістэма? Як адрэагавала? Амаль як у анекдоце. Памятаеце? Давайце камбайнёру морду наб’ём — камбайнёраў у нас двое…
“Камбайнёрам” — ці наўпрост стрэлачнікам — у беларускім фрыстайле прызначылі дырэктара адпаведнага РЦАП (Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі) Вадзіма Крывашэева. На гэтым тыдні яго заўчасна звольнілі па артыкуле. Прычына феерычная — “за дрэнную ідэялагічную працу ў калектыве”. Міхаіл Жванецкі такі палёт чыноўніцкай думкі абавязкова б ацаніў.
Шкада, што ніхто сёння не можа задаць пытанне кіраўнікам Мінспорта і асабіста міністру Сяргею Кавальчуку: а з якога ляду менаджары РЦАП павінны клапаціцца пра ўнутраны свет спартсменаў? Адсочваць іх асабістыя перакананні. Кантраляваць светапогляд і грамадзянскую пазіцыю. І ўсё гэта — пад страхам звальнення. Якое немінуча адбудзецца, якія б вынікі атлеты не дэманстравалі на снежных схілах, бегавых дарожках ці на баскетбольнай пляцоўцы.
У фрыстайле з паказчыкамі ўсё цудоўна. Што ні Алімпіяда — беларусы ў трэндзе і з медалямі. Чэмпіянаты свету, этапы Кубка свету — тое ж самае. Самы паспяховы від спорту ў краіне — гэта пра яго. А не, да прыкладу, пра футбалістаў і хакеістаў, якія корпаюцца па турнірных завуголлях, але пры гэтым дэманструюць маўклівую лаяльнасць да дзяржаўнага цемрашальства.
Вось цікава: як звольнены Крывашэеў мусіў будаваць ідэялагічную працу з фрыстайлістамі? Настойваць, а затым правяраць, каб яны кожны вечар глядзелі “Панараму” па тэлевізары? Праводзіць урокі палітінфармацыі ў перапынкам паміж трэніроўкамі? Запрашаць у каманду Мукавозчыка з “СБ. Беларусь сегодня” дзеля бескампраміснай лекцыі на тэму “Як Варшава і Берлін праплачваюць пячэнькамі беларускі пратэст”? Вазіць хлопцаў і дзяўчат у госці да амапаўцаў, каб тыя распавялі пра шэрагі наркаманаў і прастытутак у шэрагах дэманстрантаў? Як?..
І потым: як увогуле можна паўплываць на светаўспрыманне Казекі? Мікалаю Іванавічу 70 гадоў, ён бачыў на сваім доўгім шляху столькі, сколькі і не снілася тыповаму байцу ідэялагічнага фронту. Сын вядомага беларускага літаратуразнаўцы, ён ведае жыццё з розных бакоў. Ён ведае свет, бо бачыў яго на свае вочы, паездзіўшы за паўстагодзя па краінах-кантынентах.
І нават пры гэтым Казека да пэўнага часу быў збольшага задаволены беларускай стабільнасцю. Нават галасаваў за дзеючага кіраўніка краіны, у чым не саромеецца прызнацца. Аднак усё ў яго галаве перавярнулася ў гарачыя паслявыбарчыя дні. Калі ён убачыў, які жудасны гвалт апанаваў краіну. З якім садызмам тыя, хто павінен бараніць, лупяць сваіх суайчыннікаў — на вуліцах, а потым у вязніцах. Ях іх потым узнагароджваюць — недзе, мабыць, у той жа залі, дзе сам Казека некалі атрымліваў Ордэн Айчыны.
Дзе ўвогуле знайсці такога геніяльнага прапагандыста, які б здолеў апраўдаць усе гэтыя жахі? І што ён мусіць сказаць таму ж Казеку, у якога ад рук сілавікоў пацярпелі сваякі? Ці той жа Аляксандры Раманоўскай, якая пра выбары ўсё зразумела — і ў голас аб гэтым сказала — яшчэ ў чэрвені? Што тут можна патлумачыць з пункту гледжання афіцыйнага агітпропу? Што Бабарыка падкінуў Ціханоўскаму долары за канапу? Што ў руках амапаўцаў, якія збівалі сваіх землякоў, былі не дручкі, а гладыёлусы? Што гумавыя кулі, ляцеўшыя ў дэманстрантаў, насамрэч былі пялёсткамі ружаў?
Цяжкая гэта задача — пераканаць нармальнага чалавека, што перад ім не Бармалей, а маці Тэрэза. Крывашэеў не даў рады яе вырашыць і сышоў з пасады — у душы, напэўна, выдыхнуўшы з палёгкай. Цяпер на яго месца прыйдзе нехта больш асвечаны, імаверна, з навыкамі гіпнозу і іншай эзатэрыкі. Можа, у яго атрымаецца — і Дзмітрый Дашчынскі з Ганнай Гуськовай нарэшце праедуцца ў аўтамабільным маршы за стабільнасць поруч з міністрам Каывальчуком і “хакеістам” Баскавым.
І дарэчы. Добра, калі б зёрны антыдзяржаўнага дэструктыву прараслі толькі ў фрыстайле. Ну, бывае. У кожнай бочцы мёду свая лыжка дзёгцю. Але не: шкоданоснага пустазелля сёння ў беларускім спорце хапае. У тым жа баскетболе, калі ўзяць, адшчапенцы цераз аднаго. Тут і зоркі мінулага — як Аляксандр Куль і Таццяна Троіна. І знакамітая цэнтравая Алена Леўчанка. І стрыжань сённяшняй жаночай зборнай — Кацярына Сныціна і Таццяна Ліхтаровіч. І таленавітая моладзь — Ганна Брыч і Арына Масько. І, страшна сказаць, цэлы насмеснік старшыні федэрацыі — вядомы ў мінулым форвард Ягор Мяшчаракоў, які да таго ж наведвае акцыі пратэсту.
Па ўсіх прыкметах, ідэялагічнаы падмурак беларускага “баскету” таксама прагніў наскрозь. Пільным заступнікам беларускай дзяржаўнасці самы час біць у званы і тэрмінова шукаць у гэтай епархіі свайго ахвярнага камбайнёра. Зрэшты, сітуацыя падаецца крыху двухсэнсоўнай. На варце нацыянальных інтарэсаў у нашым баскетболе стаіць не хто-небудзь, а Максім Рыжанкоў — старшыня федэрацыі і, па сумяшчальніцтву, першы намеснік адміністрацыі прэзідэнта. Як у яго пад рукой пакрысе ўтравылася такая мнагалюдная фронда, цяжка сабе ўявіць.
Але, напэўна, яны там нешта прыдумаюць. І камбайнёр неўзабаве з’явіцца.
Аўтар Сяргей Кайко, https://novychas.by/palityka/davajce-i-kambajnjoru-mordu-nab-jom