Найти тему
novychas.by

Сцэнар развіцця падзей, якія ўжо былі

Злачынствы і катаванні, ужытыя да беларускіх грамадзян у жніўні, выклікалі ў грамадстве параўнанні са здзекамі 1937 года. Але не толькі катаваннямі падобна тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, да перыяду Вялікага тэрору.

Роля і месца спецслужбаў у палітычных, грамадскіх і эканамічных працэсах, падабенства месца і функцый у дзяржаўнай сістэме Адміністрацыі прэзідэнта і выканаўчых структур КПБ (райкамаў, абкамаў, ЦК), Першага сакратара ЦК КПБ і кіраўніка дзяржавы, Вярхоўнага Савета БССР і Палаты прадстаўнікоў.

Паспрабуем падоўжыць аналогію і прааналізаваць, наколькі мінулае ўплялося ў сучаснае беларускае жыццё, наколькі яно здольнае паўплываць на будучыню Беларусі.

Як у часы СССР-БССР, так, па словах Лукашэнкі, і цяпер, Беларусь знаходзіцца ў асяроддзі краін-ворагаў. У 1937 годзе да іх належалі капіталістычныя Англія, Францыя, ЗША, Германія, Японія, Польшча, Літва, Латвія. Цяпер — тыя ж самыя краіны Еўрасаюза, ЗША, толькі замест Японіі стала Расія. Галоўныя ворагі для БССР — Польшча, часткова Літва, Латвія. Цяпер, акрамя гэтых краін, да ворагаў усё часцей далучаецца Украіна. «Майдан не дапусцім», «Майданутым не месца ў Беларусі», — ужо стала звычайнай рыторыкай у дзяржаўных СМІ і Лукашэнкі.

Згодна з Канстытуцыяй БССР 1927 года (арт. 2, 3), «уся ўлада ў межах Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі належыць саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў… Носьбітам вярхоўнай улады ў Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы з’яўляецца Усебеларускі З’езд Саветаў, а ў перыяд паміж з’ездамі — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саветаў Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». Але рэальнай уладай валодалі партыйныя выканаўчыя структуры — Бюро ЦК, абкамы, райкамы, палітбюро (у Маскве) і структуры органа дзяржаўнай бяспекі — НКУС. Менавіта яны ажыццяўлялі «дыктатуру пралетарыяту», якая стала як сімвалам, так і зместам беларускай дзяржаўнасці. Але беларусы за 20 гадоў панавання савецкай улады сталі крытычна ставіцца да Саветаў як формы народаўладдзя і дыктатуры пралетарыяту ў форме ўсеўладдзя НКУС.

У сучаснай Беларусі аўтарытэт Саветаў і іх уплыў на падзеі ў краіне мінімальны. Галоўнымі дзейснымі органамі з’яўляюцца кіраўнік дзяржавы, Адміністрацыя прэзідэнта і падпарадкаваныя ёй раённыя камітэты, кіраўнікі якіх прызначаюцца Лукашэнкам. Падобная сітуацыя і з органамі дзяржбяспекі — апошнім часам у Беларусі роля іх значна павысілася. Былыя супрацоўнікі КДБ узначалілі ключавыя органы дзяржкіраўніцтва.

Прыхільнікі фарсіраванай індустрыялізацыі і прымусовай калектывізацыі ў першую чаргу кажуць пра 1930-я гады як пра найбольш паспяховы перыяд развіцця савецкай эканомікі. У выніку палітыкі Сталіна памянялася структура эканомікі: доля прамысловасці вырасла ў структуры ВУП да траціны (перад першымі пяцігодкамі яна складала каля 20%). Не менш пазітыўных ацэнак гучыць цяпер з вуснаў прыхільнікаў Лукашэнкі — пра 26 гадоў развіцця пад яго кіраваннем.

20 гадоў знаходжання на кіруючых пасадах Сталіна, яго публічнае праслаўленне выклікалі ў часткі насельніцтва нараканні. Як інфармавалі органы НКУС БССР, людзі ў сваім асяродку скептычна і непаважліва ставіліся да кіраўнікоў партыі («цара скінулі, новы вырас»), расказваюць анекдоты, спяваюць зневажальныя прыпеўкі: «Стаіць Сталін на лугу, гложа конскую нагу, ах якая гадзіна савецкая гавядзіна».

Доўгатэрміновае знаходжанне ва ўладзе патрабуе ад тых, хто займае кіруючыя пасады, не проста дзейнасці, але абавязкова бурлівай і паспяховай дзейнасці. Каб забяспечыць «стабільнае развіццё», у 1937 годзе НКУС значна актывізаваўся і стаў галоўным органам дзяржкіраўніцтва. Яшчэ ў 1920-я гады, калі НЭП «паслалі да чорта», НКУС распаўсюдзіў свой уплыў не толькі на ажыццяўленне кантролю за палітычнай сітуацыяй, але і на кантроль за эканомікай. Чым далей СССР-БССР рухаўся па шляху так званага «сацыялістычнага развіцця», тым больш пашыраўся кантроль за эканомікай з боку спецслужбаў. Нядаўняе прызначэнне на пасаду старшыні КДК былога супрацоўніка КДБ сведчыць, што тэндэнцыі 1937 года паспяхова ўжываюцца і пашыраюцца ў сучаснай Беларусі.

Напрыканцы 1930-х гадоў у СССР пачало фарміравацца своеасаблівае двоеўладдзе: людзі перасталі дакладна разумець, хто важнейшы: мясцовыя партыйныя органы ці мясцовыя аддзяленні НКУС. Сёння падобнага двоеўладдзя не назіраецца — райвыканкамы пакуль не маюць канкурэнтаў з боку беларускіх сілавікоў.

У 1937 годзе словы «Яжоў», «яжовыя рукавіцы», «ГУЛАГ» выклікалі не столькі павагу, колькі сапраўдны жах, які стаў падмуркам савецкага развіцця. Жорсткія дзеянні АМАПу пасля выбараў, што адбыліся 9 жніўня 2020 года, жудасныя ўмовы ў ізалятарах часовага ўтрымання, якія толькі па афіцыйных звестках «паглядзелі» і адчулі на сабе больш за 7 тысяч беларусаў з розных куткоў краіны, сведчаць, што беларускі рэжым таксама пажадаў сцэментаваць грамадства страхам перад уладай.

Падобныя роля і дзейнасць прадстаўнічых органаў у БССР і сучаснай Беларусі. Як і раней, тагачасны парламент — Вярхоўны савет — і сучасная Палата прадстаўнікоў знаходзяцца па-за межамі ўплыву на падзеі. Ім дазвалялася і дазваляецца цяпер толькі ўхваляць зробленае ці кіраўніком партыі, ці Лукашэнкам.

Ёсць яшчэ адно жахлівае падабенства: у тым, якія сродкі выкарыстоўваліся савецкай дзяржавай для вырашэння праблем дзяржаўнага развіцця. Гаворка ідзе найперш пра масавыя жорсткія рэпрэсіі, якія былі разгорнутыя і разгортваюцца ў наш час супраць любога іншадумства практычна ва ўсіх плынях грамадства. Як і раней, рэпрэсіі маюць некалькі мэтаў. Першая: ізаляваць іншадумства, надаць яму ў вачах насельніцтва вобраз палітычнага вычварэнства, злачыннасці, антынароднасці. Другая: запалохаць насельніцтва, асабліва актыўнае, каб нейтралізаваць любыя дзеянні, якія могуць вырасці з іншадумства. Трэцяя: фізічнае вынішчэнне носьбітаў іншадумства. Першая і другая мэты і цяпер, і ў 1937 годзе, маюць аднолькавыя формы, трэцяя мае адрозненне — у 1937 годзе галоўнымі былі выключэнне іншадумнай асобы з грамадскага і палітычнага жыцця праз фізічнае і маральнае вынішчэнне, пазбаўленне яе волі на доўгія гады. Цяпер шляхі больш мяккія: звальненне з працы, стварэнне штучнай немагчымасці знайсці працу, штрафы з канфіскацыяй маёмасці ці без, кароткатэрміновыя тэрміны пазбаўлення волі.

Каб рэпрэсіі маглі праходзіць беспраблемна, былі выкарыстаныя і выкарыстоўваюцца яшчэ дзве формы: адцягванне ўвагі грамадства ад іх ажыццяўлення і стварэнне ілюзіі дэмакратычнага развіцця. Гэта ўвядзенне новай Канстытуцыі, кадравыя змены і выбары.

Савецкі палітычны рэжым вызначаўся даволі высокім узроўнем, як цяпер кажуць, інстытуцыяналізацыі — гэта значыць працэсу ператварэння сацыяльных адносін у сацыяльны інстытут, у форму з усталяванымі (пісьмова ці вусна) правіламі, нормамі, функцыямі. Напрыклад, ператварэнне народных сходаў у парламент; ператварэнне творчай спадчыны мысляра ў філасофскую ці рэлігійную школу; ператварэнне пропаведзяў «прарока» і яго паслядоўнікаў у рэлігію...

У сучасным узаемазалежным свеце палітычныя рэжымы інстытуцыяналізуюцца ў формах, падобных на ліберальную дэмакратыю. Інстытуцыяналізацыя беларускага кіраўніка, аднак, шмат у чым падобная на савецкую. Савецкая інстытуцыяналізацыя ўключала абавязковы элемент — безумоўную, абсалютную электаральную падтрымку. Кандыдат «блока Камуністычнай партыі і беспартыйных» на выбарах не мог атрымаць менш за 90% галасоў. Наяўнасцю ў беларускім палітычным полі вялікай колькасці савецкіх рудыментаў можна растлумачыць і вынікі апошніх выбараў прэзідэнта — электаральную падтрымку Лукашэнкі нельга было паказаць менш за 80%. Толькі ў гэтым выпадку ён можа выступаць ад імя народа, быць яму, як Сталін, айцом, ці, як цяпер, «бацькам».

Падабенства савецкага мінулага і сучаснага стану беларускага грамадства, эканомікі, палітыкі можна працягваць і надалей. Але што вынікае з гістарычнага вопыту БССР? Як ён уплывае на сучаснасць?

У жніўні 2020 года ў Беларусі адбыўся самы моцны з часу стварэння рэспублікі палітычны крызіс — Лукашэнка згубіў электаральную падтрымку. Дэманстрацыя высокіх працэнтаў галасоў, пададзеных за яго, выклікала незадавальненне і абурэнне ў розных плынях беларускага грамадства. Гэтае абурэнне вылілася ў масавыя акцыі пратэсту. Дзяржава адрэагавала на пратэсты ў стылі 1937 года — незаконнымі масавымі затрыманнямі, збіццём і нават забойствамі. Стаўленне да людзей у ізалятары часовага ўтрымання ў Мінску на Акрэ­сціна поўнасцю адпавядала сталінскім засценкам, пра якія пісалася ў папярэднім артыкуле (Новы Час №31 ад 21.08.2020).

Але нельга два разы ўвайсці ў адну і тую ж раку. Жорсткасць і публічная знявага — так людзі ўспрынялі абвешчаныя вынікі галасавання — выклікалі зусім не тую рэакцыю, што ў 1937 годзе. Акрамя мітынгаў і дэманстрацый пачаліся страйкі. Дзяржава ў адказ спачатку праз дзяржаўныя тэлефонныя сеткі адключыла інтэрнэт, потым заблакавала найбольш актыўныя і ўплывовыя недзяржаўныя СМІ. Да пратэстоўцаў ужылі жорсткія меры, 5 чалавек загінулі.

Беларускае грамадства дэманстрацыйна падзялілі на прыхільнікаў і праціўнікаў Лукашэнкі, сваіх і чужых. Апошніх — як і ў 1937 годзе — залічылі да ворагаў краіны. Кіраўнік выказаўся пра неабходнасць змены дзеючай Канстытуцыі і правядзення новых выбараў згодна з ужо новай Канстытуцыяй.

Цікава, што Лукашэнка прапанаваў тое, што адбылося ў 1937 годзе. Сталін таксама звязаў выбары ў Вярхоўны Савет СССР з прыняццем новай Канстытуцыі. Канстытуцыі СССР 1936 года і БССР 1937-га замацоўвалі вельмі дэмакратычныя правы і абавязкі грамадзян. Нягледзячы на гэта, самыя масавыя і жорсткія рэпрэсіі прыйшліся на 1937–1938 гады — каб выбары прайшлі спакойна, з правільным вынікам. Перад выбарамі краіну «ачысцілі» ад ворагаў.

Лукашэнка прапанаваў апазіцыі і страйкоўцам у кароткі тэрмін спыніць пратэсты. Ён недвухсэнсоўна даў зразумець, што гатовы да рашучых і яшчэ больш жорсткіх спосабаў спынення канфлікту. Увечары 23 жніўня, па вяртанні ў сваю рэзідэнцыю, ён выйшаў з верталёта ў бронекамізэльцы і з аўтаматам.

Што вынікае з гістарычных паралеляў? Дзеючы палітычны рэжым не існуе без рэпрэсій. Можна сказаць, што рэпрэсіі ёсць сутнасць савецкай сістэмы: як палітычнай, так і эканамічнай ды сацыяльнай.

Рэпрэсіі могуць быць больш масавымі ці менш, жорсткімі і больш лёгкімі, з пазбаўленнем волі і жыцця, ці толькі са звальненнем з працы. Гісторыя сведчыць, што калі пануючы рэжым не зменіцца, Беларусь чакаюць маштабныя рэпрэсіі, якія закрануць усе плыні грамадства. Цяжка сказаць, наколькі яны будуць жорсткія, але аўтамат у руках кіраўніка дзяржавы ў мірныя часы не дадае аптымізму.

Ёсць яшчэ адна асаблівасць таго, што адбывалася. Савецкая сістэма павінна перыядычна ачышчацца — тыя, хто праводзяць рэпрэсіі, раней ці пазней становяцца іх ахвярамі. Наступны крок улады, які нас чакае, — чыстка апарату кіравання: адміністрацыі, сілавікоў, проста міністраў. Незалежна ад былых заслуг і ад стану грамадства. Такі ён — гістарычны аптымізм.

Аўтар Таццяна Процька, https://novychas.by/poviaz/scenar-razviccja-padzej-jakija-uzo-byli