Найти в Дзене
ABW

Austin, Renault, Peugeot і іншыя. Якімі былі першыя браневікі на Беларусі

Падчас Першай сусветнай вайны з’явілася вялікая колькасць новых відаў зброі. Адзін з іх - бронеаўтамабіль, ці бранявік, стаў найбольш папулярным і эфектыўным сродкам падтрымкі пяхоты. У гэтым артыкуле разгледзім гісторыю прымянення першых браніраваных аўто на беларускай зямлі ў 1918-1920 гг.

Бранявы кулак імперыі Раманавых

Напярэдадні вайны 1914-1918 гадоў еўрапейскія дзяржавы пачалі мадэрнізацыю і пераўзбраенне сваіх узброеных сіл. Тады ж Рускае імператарскае войска атрымала першыя бронеаўтамабілі. Яшчэ ў 1905 годзе французкая кампанія Charron рэалізавала праект, прапанаваны былым штабс-ротмистрам Горадзенскага гусарскага лейб-гвардыі палка, князем Міхаілам Накашыдзэ. Гэты чалавек паўдзельнічаў у руска-японскай вайне і зразумеў, што рускае войска патрабуе больш сучаснай зброі, а менавіта "непаражальных кулямётных аўтамабіляў". Накашыдзэ, з’яўляючыся багатым фабрыкантам, замовіў у Францыі новы бранявік. Князь планаваў выкарыстаць яго ў баях супраць японцаў. Атрымаўшы дазвол на транспартыроўку стратэгічнага груза, ён выехаў у Варшаву, дзе і сустрэў вопытны ўзор. Аднак Расія праіграла вайну з Японіяй, а новую зброю прыйшлося тэставаць пад Пецярбургам. У выніку камандаванне Рускага імператарскага войска выказалася за неабходнасць мадэрнізацыі бранявога аўтамабіля "Накашыдзэ-Шарон".

-2

У 1906 годзе грузінскі князь трагічна загінуў, што спыніла развіццё праекта яго браневіка. Праўда, праз два гады Расія ўсё ж набыла 10 "шаронаў", якія, аднак, істотнай ролі не адыгрывалі. 

На працягу Першай сусветнай вайны з Туманнага Альбіёна ў Расійскую імперыю прыбыло каля 168 машын фірмы Austin. Акрамя гэтага, з 1916 года брытанцы пастаўлялі ў Расію дэталі (базавае шасі фірмы Austin і інш.), з якіх на Пуцілаўскім заводзе збіралі легендарны браневік "Осцін-Пуцілавец". 

-3

Рускія інжынеры зрабілі больш моцнае браніраванне гэтага аўтамабіля, а таксама змянілі размяшчэнне вежаў. Экіпаж гэтай машыны складаўся з 5 чалавек, вага - 5,2 тоны, браня - 8 мм, узбраенне - 2 кулямёты "Максім". Аднак падзеі Лютаўскай рэвалюцыі прыпынілі вытворчасць. Актыўнае баявое выкарыстанне гэтай тэхнікі пачалося падчас польска-бальшавіцкай і Грамадзянскай вайны ў Расіі. Акрамя гэтага, на Пуцілаўскім заводзе была створана каля 40 браневікоў "Осцін-Кегрес", у задняй часцы якіх былі не колы, а гусеніцы.

-4
-5

Першым серыйным бранявым аўтамабілям царскага войска страў "Руса-Балт" тіп С, які вырабляўся на шасі фірмы "Руса-Балт". 

-6

Аўтарамі гэтай машыны былі палкоўнік А.Дабржанскі і інжынер-механік А.Граўэн. Гэтыя браневікі сталі асновай 1-й аўта-кулямётнай роты Рускага імператарскага войска. На базе шасі італьянскай фірмы Fiat на Іжорскам заводзе ў Расіі пачалі вытворчасць браневіка "Фіат-Іжора". Узгадаем таксама рускія браневікі "Гарфард-Пуцілаў", якія мелі як кулямётнае, так і гарматнае ўзбраенне. Іх рабілі на шасі амерыканскіх грузавікоў Garford. 

-7

Нягледзячы на свой груваздкі выгляд, гэта была дастаткова манеўраная машына, якая дзякуючы моцнаму ўзбраенню стварала вялікія праблемы ворагу, супраць якога выкарыстоўвалася. 

-8
-9

Нарэшце, з "айчынных" браніраваных машын варта ўзгадаць браневік "Джэфры-Паплаўко", які быў створаны на Іжорскам заводзе на базе паўнапрываднага амерыканскага грузавіка Jeffry Quad 4017. 

-10
-11

Аўтарам праекта быў рускі штабс-капітан Р.Паплаўко. Першыя машыны такога тыпу трапілі на фронт ужо ў 1915 годзе. 

Акрамя гэтага, рускае войска выкарыстоўвала цэлы шэраг імпартных браневікоў. Так, брытанскі "Ланчэсцер" быў спраектаваны для таго, каб падбіраць збітых пілотаў. 

-12
-13
-14

Інжынеры захавалі арыгінальны рухавік грамадзянскага аўто магутнасцю 60 л.с. У 1915 годзе Вялікабрытанія прадала вялікую колькасць гэтых машын Расіі. "Брытанцы" выкарыстоўваліся на Румынскім фронце і ў баях у Галіцыі. Акрамя гэтага, на ўзбраенні рускіх знаходзілася каля 40 французскіх браневікоў "Рэно", якія, аднак, не мелі поўнага браніравання і таму ў асноўным выконвалі задачы па ахове тылу. 

Бальшавікі, БНР і Першы польскі корпус

У пачатку 1918 года Беларусь знаходзілася ў вельмі цяжкай сітуацыі. Краіна была падзелена паміж рознымі цэнтрамі сілы, якія вялі паміж сабой крывавую барацьбу. Па сутнасці, тады ішла вайна ўсіх супраць усіх. 12 студзеня 1918 года пачаліся баявыя дзеянні паміж часткамі Першага польскага корпуса і Чырвонай гвардыяй. Бальшавіцкія войскі нападалі на асобныя польскія атрады, раззбройвалі іх, а пры аказанні супраціву знішчалі. У адказ войскі Доўбар-Мусніцкага захапілі Бабруйскую крэпасць і горад на Бярэзіне. Пачаліся кровапралітныя баі. У палякаў бронетэхнікі не было, а вось бальшавікі мелі браневікі і спрабавалі іх выкарыстаць супраць "легіянераў". Трэцяя польская пяхотная дывізія з баямі рухалася з Ельні ў бок Бабруйска на злучэнне з асноўнымі часткамі корпуса. Аднак у раёне трохкутніка Рагачоў - Жлобін - Чэрыкаў гэтая вайсковая частка аказалася ў бальшавіцкім атачэнні. Палякі пайшлі на прарыў па шашы з Гомеля на Бабруйск ля вёскі Побалаў. Тут знаходзіўся моцны чырвонагвардзейскі гарнізон, на ўзбраенні якога былі не толькі кулямёты, але і бронеаўтамабіль "Осцін". 

-15

Палякам удалося знішчыць кулямётныя кропкі і закідаць гранатамі браневік. У выніку нападаючыя выбілі бальшавікоў з Побалава. Пазней захоплены бронеаўтамабіль адрамантавалі, і ён пад назвай "Чубарык" быў на ўзбраенні 3-й дывізіі. Аднак машына мела праблемы з хадавой часткай, было вырашана размясціць яе на польскім бронецягніку "Хаўрус зброі".

У лютым 1918 года ў Мінску пачаліся баі паміж часткамі Першага польскага корпуса і Чырвонай гвардыяй. У гэты жа час супраць бальшавікоў у Мінску змагаліся і жаўнеры першага беларускага палка, сфармаванага генералам Кіпрыянам Кандратовічам. Супраць "ворагаў рэвалюцыі" бальшавікі кінулі два бронеаўтамабіля "Осцін", якія знаходзіліся на Віленскім вакзале (сённяшні Мінск-Пасажырскі). 

-17

Машыны абстралялі польскіх жаўнераў, аднак апошнія занялі абарону і прымусілі ворага адступіць. У рэшце рэшт бальшавікі адступілі з Мінска, а 25 сакавіка 1918 года ў горадзе на Свіслачы была прынята 3-я Устаўная грамата, паводле якой была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспубліцы. 

З рук у рукі

Падчас польска-бальшавіцкай вайны ў 1919-1920 гг. Бабруйшчына стала арэнай крывавых і жорсткіх баёў паміж войскамі Другой Рэчы Паспалітай і бальшавіцкай Расіі. Пры гэтым абодва бакі актыўна выкарыстоўвалі бронетэхніку. Так, падчас баёў за Мінск летам 1919 года палякам ўдалося захапіць бранявік "Осцін" са складу 10-га аўтабронеатрада імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. 

-18

У жніўні таго ж года пры фарсіраванні ракі Ваўчанкi пад Бабруйскам французскія танкі "Рэно ФТ 17", якія падтрымлівалі наступ польскай пяхоты, контраатакавалі два бальшавіцкіх браневіка "Осцін". Тыя з кулямётаў пачалі абстрэльваць польскіх сапёраў, якія чынілі мост. Палякі накіравалі да моста некалькі танкаў. 

-19

Адзін з іх стрэліў па браневіку. Снарад трапіў дакладна ў савецкі бронеаўтамабіль, якi выбухнуў. Другая машына з зоркай на борце адступіла. Але на трафеі пашчасціла і бальшавікам. Падчас наступу французскі танк уграз у багне і быў кінуты экіпажам. Пазней чырвонаармейцы яго выцягнулі і атрымалі не благі трафей.

Меньш чым праз год, у траўні 1920-га, пад Бабруйскам ізноў адбыліся баі, у якіх удзельнічалі савецкія браніраваныя машыны. Тады жаўнеры 55-га пяхотнага палка 14-й Вялікапольскай дывізіі захапілі бальшавіцкі бранявік "Осцін-Пуцілавец" са складу 1-га бронеатрада РСЧА. Тая машына насіла назву "Сценька Разін". 

-20
-21

Падчас бальшавіцкай атакі бронеаўтамабіль падтрымліваў пяхоту, аднак у пэўны момант трапіў у роў. Ягоны экіпаж, каб не трапіць у польскі палон, збег. Палякі выцягнулі "Осцін" і пасля рэмонту назвалі яго Poznanczyk. З гэтай машыны пачалася гісторыя Вялікапольскага бронеўзвода, камандзірам якога стаў паручнiк Фелікс Пета. Дарэчы, доўгі час на трафейнай бране было две назвы - польская і бальшавіцкая. Праз месяц жаўнеры 14-й Вялікапольскай дывізіі захапілі іншы бальшавіцкі браневік "Осцін", які пасля рэмонта атрымаў назву "Генерал Галер". У верасні 1920 года ў раёне Маларыты польскім пяхотнікам удалося "узяць" чатыры браневіка "Осцін" са складу 12-й бальшавіцкай арміі.

-22
-23

У сваю чаргу, найбольш распаўсюджанымі бронемашынамі Войска Польскага ў часы вайны з бальшавіцкай Расіяй былі французскія Autoblinde Peugeot. Гэты бранявік меў кепскую праходнасць, аднак дзякуючы ўзбраенню - гармаце 37 мм - уяўляў сур’ёзную праблему для ворага. 

-24
-25

Застаецца пашкадаваць, што ў лістападзе 1920 года ў распараджэнні камандавання Слуцкага збройнага чына не было бронеаўтамабіляў. Маючы старыя вінтоўкі ў руках, слутчакі здолелі мужна, на працягу месяца, абараняць гонар Беларускай Народнай Рэспублікі. Калі б у слуцкіх паўстанцаў былі браневікі, апошні фарпост БНР прастаяў бы яшчэ даўжэй.

-26

Але гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Польска-бальшавіцкая вайна скончылася Рыжскай мірнай дамовай 1921 года. Хутка браневікі перыяду Вялікай вайны 1914-1918 гг. саступілі месца больш новай вайсковай тэхнікі. Сёння арыгіналы і копіі ўзгаданых у артыкуле браніраваных машын ёсць у Расіі, Польшчы і іншых краінах. На жаль, у Беларусі гэтых унікальных артэфактаў няма. 

Кандыдат гістарычных навук Ігар МЕЛЬНІКАЎ
Фота аўтара
Спецыяльна для ABW.BY

У дадзены момант аўтар артыкула збірае сродкі на выданне кнігі "Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны 1918, 1919-1920 гадах", прысвечанай баявым дзеянням жаўнераў Першага польскага корпуса ў 1918 г. і частак Войска Польскага ў 1919-1920 гг. супраць бальшавікоў на тэрыторыі Беларусі. Дадзенае выданне Ігар Мельнікаў прысвяціў 100-годдзю БНР і гораду Бабруйску. 

-27

Кніга "Забыты корпус" - гэта больш за 200 старонак унікальных фактаў беларускай вайсковай гісторыі, а таксама больш за 300 архіўных і сучасных фотаздымкаў. Падтрымаць выданне кнігі можна па гэтай спасылцы.

Наши материалы заслуживают вашего внимания, подпишитесь на канал ABW.BY в Telegram или следите за паблик-чатом в Viber