Найти в Дзене
ABW

"Нёман": польскі матацыкл з беларускім характарам, пра які не любяць узгадваць

У міжваеннае дваццацігоддзе ў заходнебеларускай Горадне, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы, выраблялі ровары і матацыклы, якія па сваіх характарыстыках не саступалі еўрапейскім аналагам. Аднак сёння ў Беларусі рэдка ўзгадваюць гэтую выдатную тэхніку. Разам з гісторыкам Ігарам Мельнікавым паспрабуем выправіць гэтую гістарычную несправядлівасць.

Пачатак легенды

У 1894 годзе Нахім Старавольскі, Лазар Старавольскі і Ісаак Піваварскі заклалі ў горадзе на Нёмане (на вуліцы Брыгіцкай, 20, сёння вул. К.Маркса) фабрыку па вытворчасці металічных вырабаў. Не гледзячы на выпрабаванні Першай сусветнай і польска-бальшавіцкай войнаў, прадпрыемства ўдалося захаваць, і ў сярэдзіне 1930-х гадоў акрамя швейных машын фабрыка вырабляла ровары, а таксама дэталі да іх.


Горадня, 1930-я гады
Горадня, 1930-я гады

 Пры гэтым будынак фабрыкі быў перабудаваны ў функцыянальным стылі. Нават вялікі эканамічны крызіс 1929-1933 гадоў не перашкодзіў горадзенскай фірме рэалізаваць свае амбіцыйныя планы.


Жыхары Заходняй Беларусі з роварамі "Нёман", 1930-я гады
Жыхары Заходняй Беларусі з роварамі "Нёман", 1930-я гады

У 1936 годзе ў Горадне было выпушчана каля 10 тысяч ровараў. На іх рамах была выява новага замка і надпіс Niemen.


Ровар Niemen
Ровар Niemen

Хутка фабрыка атрымала назву "Крэсовая фабрыка ровараў і матацыклаў "Нёман". Тады на прадпрыемстве працавала каля 100 чалавек. Механікі з берагоў Нёмана запазычвалі ідэі і праекты ў іншых вытворцаў і дапрацоўвалі іх да патрэб польскага рынку. Як адзначаюць некаторыя даследчыкі, гарадзенскія ровары былі якаснымі копіямі "двухколавых коняў", зробленых у Германіі.


Жаўнеры Войска Польскага з роварамі "Нёман", 1930-я гады
Жаўнеры Войска Польскага з роварамі "Нёман", 1930-я гады

Пры гэтым рама польскіх ровараў выпускалася пад колы памерам 26 на 2 дзюйма, спіцы былі дыяметрам 2 мм, скураныя сёдлы па замове вырабляліся ў Латвіі, а ступіцы колаў прадукавалі на германскім заводзе Fichtel und Sachs.

Матацыклы - нашае ўсё

У 1934 годзе завод пачаў выпускаць мотаровары. Гэта былі звычайныя ровары, на якія мантаваліся рухавікі аб’ёмам 75 куб.см. Выпускалася мужчынская і жаночая версіі такой тэхнікі. Гэта дапамагло "Нёману" падрыхтавацца да вытворчасцi новага тавару.


Матацыклы былі папулярным відам транспарту ў міжваеннай Польшчы
Матацыклы былі папулярным відам транспарту ў міжваеннай Польшчы

Ужо ў другой палове 1930-х гадоў гарадзенская фабрыка ўзялася за выраб матацыклаў.  Пры гэтым рухавік у іх быў імпартны. У 1938 годзе ў Горадні было зроблена 166 стальных коняў маркі Niemen 98. З выгляду яны былі вельмі падобныя на брытанскія матацыклы Villiers ці Excelsior.


Матацыкл з Горадні
Матацыкл з Горадні

"Нёман 3"
"Нёман 3"

Дарэчы гарадзенскія матацыклы мелі рухавікі "Вілерс" з Вулверхэмптона.


Рухавік Villers
Рухавік Villers

Найбольш папулярным быў якраз рухавік аб’ёмам 98 куб.см, які быў спалучаны з трохступеністай каробкай перадач. Акрамя замежнага рухавіка выкарыстоўваліся брытанскія элементы падсвятлення (пярэдняя фара фірмы Villiers і задняя ад Joshep Lucas LTD). Максімальная хуткасць матацыкла складала 70 кіламетраў на гадзіну.  Аб’ём бензабака такога матацыкла быў 10 літраў, расход паліва - 2,25 літра на 100 кіламетраў.


"Нёман 2"
"Нёман 2"

У другой палове 1930-х гадоў у Польшчы набіраюць папулярнасць малалітражныя матацыклы, якія ў народзе называліся "соткамі" (з-за аб’ёму рухавіка ў 100 куб.см). Зразумела, што такія матацыклы каштавалі танней за сваіх больш магутных "братоў". Так "прайс" "соткі" з берагоў Нёмана складаў 900 злотых.


Матацыкл "Нёман"
Матацыкл "Нёман"

Але была ў міжваеннай Польшчы яшчэ адна акалічнасць, якая гуляла на карысць гэтай тэхнікі. Для кіравання "двухколавымі конямі" не трэба было мець вадзіцельскага пасведчання. Таксама варта дадаць, што, набываючы польскі матацыкл, яго ўласнік пазбаўляўся праблем з набыццём дарагіх запчастак, якія патрабавалі замежныя мадэлі (тыя ж амерыканскія "Харлеі", якія былі вельмі папулярным відам транспарту ў міжваеннай Польшчы). Увесну 1939 года на заводзе Старавольскіх у Горадне пачалі вытворчасць матацыклаў з аб’ёмам рухавіка 125 і 150 куб.см.

-12

Найбольш хуткім з лінейкі прадукцыі гарадзенскай фабрыкі быў матацыкл Niemen 150 DV, які мог разганяцца да 90 км/г і меў расход паліва 2,8 л/100 км. Каштавала такая "машына" 975 злотых. Уласнікі фабрыкі планавалі вытворчасць 250 такіх матацыклаў.

У матацыкле "Нёман" усталёўваліся шыны познаньскай фірмы Stomil. Лічылася, што матацыкл - гэта сродак транспарту для аднаго чалавека, аднак дапускалася, што на "сотках" ззаду можа ехаць і пасажыр.

-13

Спажыўцы. Ад грамадзянскіх асоб да вайскоўцаў

Зразумела, што галоўным карыстальнікам матацыклаў і ровараў фабрыкі "Нёман" павінны былі стаць звычайныя жыхары ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай. Тут не было пунктаў продажы мотатэхнікі іншых польскіх марак, таму гарадзенцы працавалі амаль без канкурэнцыі. Дарэчы, галоўны гандлёвы цэнтр "Крэсовай фабрыкі ровараў і матацыклаў "Нёман" знаходзіўся ў Варшаве, на вуліцы Сенатарскай, 28. Там таксама размяшчаўся склад гатовай прадукцыі і дэталяў, неабходных для рамонта.

Ровары і матацыклы "Нёман"выкарыстоўваліся і ў Войску Польскім.


Жаўнер Войска Польскага на ровары "Нёман", Вілейка, 1937 год
Жаўнер Войска Польскага на ровары "Нёман", Вілейка, 1937 год

Так, часткі польскіх сувязістаў ездзілі на мотароварах Niemen-Sachs 75 і Niemen-Sachs 98, якія былі абсталяваныя рухавікамі нямецкай фірмы Sachs. Ровары "Нёман" былі на снабжэнні падраздзяленняў польскага Корпуса аховы памежжа, якія ахоўвалі польска-савецкую мяжу ў Беларусі.


Ровар і матацыкл "Нёман"
Ровар і матацыкл "Нёман"

Напрыклад, такія ровары былі ў польскіх памежнікаў на стражніцы "Мінская", якая знаходзілася ля Заслаўя. У 1984 годзе ля польскага мястэчка Студзінек пад Радамам быў знойдзены закапаны ў зямлю гарадзенскі мотаровар "Нёман". Ён выкарыстоўваўся польскімі жаўнерамі падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года і быў схаваны разам з іншымі вайсковымі прыладамі падчас адступлення польскіх войскаў. У сваю чаргу, матацыклы "Нёман" у невялікай колькасці выкарыстоўваліся ў штабах польскіх вайсковых частак, размешчаных на тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай


Супрацоўнік польскага рэзерва паліцыі побач з матацыклам "Нёман" (рэканструкцыя)
Супрацоўнік польскага рэзерва паліцыі побач з матацыклам "Нёман" (рэканструкцыя)

Матацыклы з берагоў Нёмана былі прэзентаваныя падчас вялікага польскага кірмашу ў Познані. У красавіку 1939 года "Нёманы" першы раз прынялі ўдзел у гонках, арганізаваных вайсковым спартыўным клубам "Легія", па маршруце Варшава - Мінск Мазавецкі - Атвоцк - Варшава. Усяго да пачатку Другой сусветнай вайны ў Горадні было зроблена да 500 матацыклаў "Нёман".

-17

На другую палову 1939 года кіраўніцтва "Крэсовага завода па вытворчасці ровараў і матацыклаў "Нёман" планавала павялічыць вытворчасць сваёй прадукцыі ў разы, аднак рэалізацыі гэтых планаў перашкодзіў пачатак Другой сусветнай вайны.

-18

Гатовая прадукцыя, якая знаходзілася на складах завода, была рэквізавана савецкай уладай, а лёс гаспадароў завода па сёння не вядомы. Пасля Другой сусветнай вайны на гэтым прадпрыемстве выраблялі агрэгаты для аўтамабіляў, а ў 1970-х завод перавялі на вуліцу Карбышава. Нарэшце, у 2005 годзе будынак былой фабрыкі Старавольскіх зруйнавалі. Сёння ў Горадні амаль нічога не нагадвае пра славутую вытворчасць ровараў і матацыклаў у міжваенны час. А шкада…

Ігар МЕЛЬНІКАЎ, кандыдат гістарычных навук
Спецыяльна для ABW.BY

У дадзены момант аўтар артыкула збірае сродкі на выданне кнігі "Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны 1918, 1919-1920 гадах", прысвечанай баявым дзеянням жаўнераў Першага польскага корпуса ў 1918 г. і частак Войска Польскага ў 1919-1920 гг. супраць бальшавікоў на тэрыторыі Беларусі. Дадзенае выданне Ігар Мельнікаў прысвяціў 100-годдзю БНР і гораду Бабруйску.

-19

Кніга "Забыты корпус" - гэта больш за 200 старонак унікальных фактаў беларускай вайсковай гісторыі, а таксама больш за 300 архіўных і сучасных фотаздымкаў. Падтрымаць выданне кнігі можна па гэтай спасылцы

Наши материалы заслуживают вашего внимания, подпишитесь на канал ABW.BY в Telegram или следите за паблик-чатом в Viber