Наш массовик-затейник Юрий Гладчук все никак не мог придумаць, чем же удивить читателей к 100-летию БНР. Но спустился из офиса редакции в ресторан "Арбат", заказал драники - і тут быццам цуд нейкі адбыўся! Адразу ў галаву прыйшла ідэя: трэба адправіцца ў падарожжа па шляху вайсковай славы беларусаў часу БНР. Таму запрагаем нашага "каня" Changan CS35 - і рухаемся наперад.
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух!
На бой! За шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой - усе да аднаго!
Пасля нашага тэст-драйву Suzuki Vitara на беларускай мове у каментарах, як вы памятаеце, пачалася "вайна". Вялікі дзякуй чытачам, было прыемна ад шматлікіх цёплых словаў у падтрымку. Не ўсім гэты эксперымент, канешне, спадабаўся. Але мы маем на гэты конт сваё меркаванне. Таму будзем і далей распавядаць пра наш беларускі вольны дух. Бо і гонар маем!
У гэтым абзацы хацелася неяк пажартаваць, бо тэкст вельмі вялікі, трэба трымаць увагу чытача, але думкі сумныя. Бо калі чытаеш некаторыя каментары пад тэкстам пра Suzuki, становіцца ясна, што і сення за Беларусь ідзе барацьба, як і тады, 100 год таму. Добра, што толькі ў думках і каментарах. Беларусь знаходзіцца паміж Захадам і Усходам, за яе заўсёды ішлі і будуць ісці спрэчкі. І ў гэтай барацьбе павінны перамагчы беларусы. Разумееце?
Каб перамагчы, трэба стаць беларусамі. А каб імі стаць, трэба ведаць герояў нашай краіны і мову. І сёння мы прысвячаем гэты выпуск нашаму земляку Станіславу Булак-Балаховічу.
Хто ён быў такі? Гэта быў вельмі круты беларускі мужык. Нерэальна круты. Проста беларускі супермэн! Менавіта ён кіраваў "асобным атрадам БНР". Праўда, гэту назву атрад нёс не вельмі працяглы час, насамрэч гэтае войска фактычна заўседы належыла асабіста яму. Складаў атрад у некаторы час некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, немалую частку якога займалі беларусы. Са сваімі людзьмі змагаўся па розныя бакі, нават кароткі час трохі разам з бальшавікамі, потым растлумачым чаму. Але ён шмат зрабіў для станаўлення нацыянальных дзяржаў у краінах Балтыі, а ў Эстоніі лічыцца героем. Змагаўся за волю і на беларускай зямлі. Нават вершы на мове пісаў! Потым у Польшчы супраць нацыстаў выступаў, дзе і загінуў. Карацей кажучы, з усімі паспеў паваяваць.
Ёсць меркаванні, што у яго атрада быў нават самалёт "Альбатрос" нямецкай вытворчасці. Самалёт! У нейкага там "атамана"! Беларуса! У 1920 годзе! Уяўляеце? Яны бронецягнiк нават неяк у бальшавікоў адбілі. Вось і я кажу: круты беларускі мужык.
Увогуле на прыкладзе гэтага чалавека можна зразумець, што для сучаснай Беларусі ёсць БНР. Дзеля гэтага трэба прывесці ўсяго дзве цытаты з успамінаў беларускага грамадскага і ваеннага дзеяча БНР палкоўніка Кастуся Езавітава, калі яны дамаўляліся падключыць атрад Балаховіча да барацьбы за незалежнасць.
Чытайце ўважліва і ўдумліва: "Балаховіч цяперака зусім вольны чалавек… Хацеў бы быць бліжэй да Бацькаўшчыны (Вільня). Лічыў адзін раз сябе літвіном, але цяпер даведаўся аб беларусах і сам ня ведае хто ён".
Праз нейкі час: "Яны прыйшлі да мяне і паведамілі, што Балаховіч беларускую мову ведае і Беларускую Народную Рэспубліку прызнае і гатоў бараніць".
Можна шмат спрачацца наконт таго, што гэта было за дзяржаўнае ўтварэнне, але факт у тым, што без БНР Беларусі магло і не быць. Але да Балаховіча яшчэ вернемся, калі даедзем да Брэста, дзе стаяў яго атрад.
У нас таксама ёсць "самалёт" - кітайскі Changan CS35, які шпарыць па шашы як ястраб у небе, на здзіўленне хутка і без натугі. Ён нават на ястраба і падобны знешне. Ляцім на ўсіх парах у Койданава, прабачце, чамусьці Дзяржынск. Ляцім змагацца за Беларусь. Словам беларускім.
"Зачапілася хмара за коміны над хлебазаводам…" Ляцім пад "На станцыі Койданава" ад гурта "Бонда", абавязкова паглядзіце культавы беларускі кліп 1990-х.
Штосьці тут, канешне, змянілася: будынак станцыі, напрыклад, новы. Але ў цэлым атмасфера тая ж. На рамонтнай базе ўсё гэтак жа звінела, заходзілася цыркулярка.
У пачатку стагоддзя тут усе было інакш. Канешне, з БНР Койданаўскае паўстанне, якое тут здарылася у 1920 годзе, цяжка звязаць. Але сэнс адзіны - у тыя гады беларускія мужыкі змагаліся за шчасце і волю. Шчыльнымі радамі.
Гэты быў час, калі адна ўлада хутка мянялася на іншую. Рускія, немцы, палякі, белыя, чырвоныя, яшчэ нейкія. Добра, што блакітных не было (ва Украіне - былі). І ўсе нешта хацелі ад простага беларускага мужыка. А навошта яму гэта ўсё здалося? Калі прыйшлі чырвоныя, трыванне скончылася. Пайшлi паўстанні: Койданаўскае, Слуцкае, Мірскае, Несвіжскае і іншыя.
Койданаўскае выбухнула ў 1920 годзе ў так званай "нейтральнай зоне" паміж польскімі і бальшавіцкімі войскамі. Нарэшце сюды прыйшоў бальшавіцкі рэвалюцыйны камiтэт, які перш за ўсё загадаў беларускім мужыкам з’явіцца ў Койданаўскі вайсковы камісарыят для накіравання іх у Чырвоную армію. Ніхто чамусьці так і не прыйшоў.
Рэўкамаўцы, канешне, тады не вырашыліся, засаромеліся настойваць. Прапанавалі хоць бы пайсці ў лес, напілаваць ім дроў. Мужыкі ціха пакруцілі пальцам ля скроні: самі пілуйце свае дровы, дурныя, ці што?
Чырвоныя, афігеўшы ад такога нахабства, адважыліся некаторых з іх усе ж арыштаваць як дэзерцiраў. У адказ на гэта койданавец Скуратовіч узлез на званіцу Пакроўскай царквы i пачаў біць набат. Збегліся мужыкі, паразганялі бальшавікоў і вызвалілі арыштаваных. Потым пайшла барацьба - і хутка з’явілася Койданаўская Народная Рэспубліка, якая, праўда, існавала нядоўга. Кіраўніком барацьбы быў Паўлюк Калечыц, які паходзіў з самога мястэчка. Паўстанцы загінулі хто ў баях, хто ў бальшавіцкіх засценках. Шмат хто з іх блізкіх і сваякоў заўчасна потым скончылі сваё жыццё ў савецкіх канцэнтрацыйных лагерах ці былi расстраляны…
Мабыць, месцамі неяк забаўляльна напісана, прабачце. Так трэба, каб ўсё гэта папулярна чыталася. Але насамрэч тыя людзі і іх сваякі моцна пацярпелі за сваю барацьбу. Таму незразумела, чаму ў цэнтры Дзяржынска стаіць помнік Дзяржынскаму, па загаду якога загінулi нашыя хлопцы. Не, помнікі руйнаваць, нават такім людзям, гэта таксама вар’яцтва. У Кітае ж нічога не руйнуюць, у іх увогуле "сацыялізм", але ж неяк жывуць - нават ужо нармальныя аўтамабілі навучыліся рабіць. Але Дзяржынскі ў Койданаве? Прабачце, чамусьці Дзяржынску ад гэтага няёмка.
Канешне, на баку бальшавікоў таксама змагаліся беларусы. Але, як потым пакажа жыццё, беларуская ідэя з бальшавізмам вельмі дрэнна сумяшчалася. Каб гэта зразумець, дастаткова наведаць Курапаты.
Вакол Койданава паўсюль у вёсках чуем беларускую гутарку. Мова жыве і будзе жыць. Абавязкова з гэтай нагоды пачытайце "Мову" Віктара Марціновіча. Але трохі забылася мова ў краіне, трэба прызнаць. Нават я яе забыўся зусім, калі шчыра. Але сяджу, неяк з "Белазарам" спрабую нешта пісаць. Сорамна, канешне, а што зробіш…
Далей пад ваяўнічы барабанны бой Woodkid рухаемся у бок Мірскага замка, вакол якога у 1919 годзе таксама былі сутычкі. Калі паглядзець гэты шыкоўны, але вельмі цяжкі (асцярожна!) кліп, стане зразумела, што ён менавіта пра беларусаў таго часу, якія выходзілі шчыльнымі радамі. Амаль той жа сюжэт, на жаль. А мы пад тыя французскія "жалезныя" рытмы пра народ наш разважаем.
З чаго ўсе увогуле ўзялі, што беларусы памяркоўныя ды ў кожнага "хата з краю"? Не, калі ўсё ціха і спакойна - гэта так і ёсць. Як журналіст кажу, бо увесь час чую: "Не здымайце мяне", "Можна не пісаць мае прозвішча?", "Імя таксама не пішыце", "А можа, увогуле не пісаць?". Але калі раптам які "замес", усе становяцца шчыльнымі радамі. Памятаеце "Хаўер"? А хлопчыка ў Пушчы?
Тое ж самае было ў Койданаве - мы выйшлі шчыльнымі радамі. Таму не трэба беларусаў чапаць. Нам нічога ні ад каго не трэба; ні Вільнюса, ні Смаленска, ні Беластока - нічога. Але і нас не чапайце. Мы ціхімі толькі прыкідваемся.
Тым не менш тую памяркоўнасць у мірны час з нашага культурнага коду, ёсць адчуванне, трэба неяк выдаляць.
Уварваліся ў Мір - і адразу ж супакоіліся за краіну, зразумеўшы, што беларусаў ніколі не перамагчы.
Мірскае паўстанне супраць бальшавікоў, якое тут здарылася ў 1919 годзе, можна казаць, ужо было напрамую звязана з БНР. Тады Twitter з Антонам Матолькам не было, ABW.BY - таксама, патрыёты-беларусы хадзілі пешшу да мужыкоў ад сахі і тлумачылі што да чаго. Былі яшчэ улёткі і газеты, але хто іх там чытаў. Вельмі важную ролю адыгрывалі менавіта асабістыя стасункі. Патрыёты з мястэчка Вызна на Случчыне, адказваючы на прызыў Рады БНР бараніць нацыянальную незалежнасць, праводзілі па ўсёй Случчыне сходы і з`езды - і тлумачылі простым людзям, што да чаго. А што да чаго?
"Бараніць трэба Беларусь, вось што, хлопцы!"
На гэтых землях была вельмі ураджайная глеба, тут заўсёды жылі працавітыя людзі. Заможныя гаспадары-земляробы да канцэпцыі бальшавікоў, якія сюды нарэшце прыйшлі, "адняць і падзяліць" ставіліся, мякка кажучы, падазрона. Здарылася нейкая канфрантацыя, у ходзе якой два чырвоныя камісары былі забітыя. Шкада, вядома, а што зробіш. Бальшавікі з НК за гэта стварылі з беларусаў Слуцкі зборны батальён і накіравалі яго ў Мір. Беларусы прыйші да беларусаў - і разам знайшлі паразуменне.
Слуцкі зборны батальён стаў на бок жыхароў Міра, да яго далучыліся і аддзелы народнай міліцыі, якая была створана як раз пасля тых сходаў патрыётаў з Вызны. І паслалі бальшавікоў да чорта.
Тыя на гэта даслалі Трэці Мінскі полк ГубНК. Перастрэлка каля руінаў замка і рэчкі Міранкі доўжылася чатыры дні у красавіку 1919 года. Было забіта 25 паўстанцаў і 30 "чэкістаў". Гэтае ўзброенае выступленне было разгромлена бальшавікамі, але злосць беларусы затаілі. А яны могуць быць злымі насамрэч, калі іх зачапіць.
У наступным годзе з большай сілай выбухнула Слуцкае паўстаньне... Ёсць меркаванне, што тое паўстанне як раз і пачалося ў адказ на выступленне войскаў Булак-Балаховіча, які тады рушыў са сваім шматтысячным атрадам у палескі паход. Праўда, выступіў ён пад непасрэдным кіраўніцтвам Пілсудскага, але што было, калі б беларусы ўз’ядналіся?
Тым часам нашае "чанган-ралі" Мінск - Брэст працягваецца. На поўную гучнасць заводзім рускамоўны, але беларускі гурт "Петля Пристрастия" з іх новым сінглам "Цветок". Музыка цяжкая, як доля наша, але добра "кладзецца" на трасу. Імчым у Брэст, дзе нас чакае краязнаўца Ігар Бараноўскі.
Ігар таксама круты мужык. Ён вельмі шмат робіць дзеля захавання імёнаў герояў Беларусі тых часоў. Калі ён гаворыць, яго не спыніць, не стрымаць. Такое адчуванне, што ён толькі што на машыне часу прыляцеў з 1920 года. Калі зняць з дыктафона тое, што ён нам расказаў, хопіць на цэлую кнігу. І ўсё на роднай мове, зразумела. Вельмі хуценька на ёй шпарыць, ледзь паспяваюць за ім думкі.
"Пра генерала Балаховіча чаго толькі не гаварылі, чаго толькі не сачынілі. Бо гісторыю пішуць пераможцы, у гэтым выпадку - бальшавікі, - мы едзем у Паўночны гарадок, дзе стаяў атрад Балаховіча, і слухаем Ігара. - Але я лічу, што ён вайсковец з афіцэрскай годнасцю, які заўсёды з увагай і пашанай ставіўся да сваіх воінаў, і з абвостраным пачуццём справядлівасці".
"Чалавек з абвостраным пачуццём справядлівасці" - лепшага апісання і не прыдумаць.
Станіслаў Булак-Балаховіч нарадзіўся ў мястэчку Мейшты пад Відзамі, што на Браслаўшчыне, у сям'і беларусаў-каталікоў са збяднелай шляхты. Яшчэ падчас падзеяў 1905 г. абараняў сялянаў, за што яго з тых часоў пачалі называць Бацькам. Потым пайшоў дабраахвотнікам у расейскую армію ў Першую сусветную вайну. Паглядзеў - бальшавікі з’явіліся, нейкія справядлівыя прамовы выдаюць з браневікоў. Загарэўся і перайшоў на іх бок. Але хутка зразумеў, што нешта з імі не так, таму рынуўся у шэраг праціўнікаў. Стаў адным з герояў абароны незалежнасці Эстоніі ад бальшавікоў, яго і сення там шануюць. Змагаўся у радах белагвардзейцау, а ў 1920 годзе перайшоў на бок Беларускай Народнай Рэспублікі, атрад пераехаў у Бярэсце.
Месца дыслакацыі атрада - казармы Граеўскай слабады (сучасны Паўночны гарадок) і форт "Граф Берг", які знаходзіцца на тэрыторыі мясакамбіната.
Хутка балахоўцы на белых конях памчаць змагацца з бальшавікамі. Каб перамаглі, трагедыі 1937 года ў Беларусі магло і не быць…
Конная выведка группы Балаховіча
Прыгожыя жанчыны з ўсяго свету абіраюць крутых беларускіх мужчын: знаёмцеся, жонка Булак-Балаховіча Герда фон Герхард
Пасля дафармавання ў Бярэсці адбыўся палескі паход группы Балаховіча супраць Чырвонай арміі, які быў падтрыманы Пілсудскім. У БНР не знайшлося сродкаў на ўтрыманне "асобнага атраду". Калі б у Рады БНР былі грошы, гісторыя магла пайсці па іншым шляху. Але адкуль у інтэлігенцыі грошы? Тым не менш балахоўцы гналі чырвоных да Мазыра, дзе генерал абвясціў сябе "начальнікам Беларускай дзяржавы". Але разгром у Крыме галоўных сілаў генерала Урангеля дазволіў камандаванню Чырвонай арміі перакінуць у Беларусь значныя сілы. Неўзабаве бальшавікі зноў перайшлі ў контрнаступ...
Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч загіне у Варшаве ад рук гестапа ў 1940 годзе.
"Булак-Балаховіча называюць авантурыстам ды непаслядоуным чалавекам. Мае адчуванне - ён, наадварот, быў вельмі паслядоўны, - мы ідзем з Ігарам каля форта "Граф Берг", дзе былі зроблены тыя гістарычныя фотаздымкi з конямі. - Вайна - вельмі рызыкоўная рэч, не за грошы ён змагаўся. Навошта яны патрэбныя, калі заўтра ты можаш памерці ад кулі? У тыя гады адна ўлада хутка змянялася іншай. Яму ўсё роўна было на тыя шыльдачкі, больш за ўсё ён клапаціўся пра сваіх хлопцаў, а тыя называлі яго Бацькам. А хлопцам трэба было штосьці есці. Гэта былі вельмі галодныя гады. І людзі ішлі за ім у бой на смерць, у адказ ён клапаціўся аб іх. Бацька і сыны".
Не забываў ён сваіх людзей і пасля гадоў змагання. Выцягваў з лагераў для вайсковапалонных, куды іх кінулі палякі, уладкаваў на працу, дапамагаў чым мог. У Белавежскай пушчы пасля атрад збіраўся зноў. Але перамаглі бальшавікі, таму на доўгія гады яго імя на нашай зямлі было забыта. Цікавыя думкі па гэтай тэме можна знайсці тут. Вельмі цяжка коратка расказаць пра Балаховіча, каму цікава - раю "гугліць".
Зразумела, час быў жудасным, наўрад ці яго атрад скаладаўся са святых. Што там адбывалася на самой справе, вельмі цяжка казаць, таму што вайна была не па правілах. Але - змагаўся за Беларусь. Калі прачытаць беларускамоўныя вершы Булак-Балаховіча, стане зразумела, што быў ён менавіта беларусам. I чалавекам "з абвостраным пачуццём справядлівасці".
Тым часам прыехалі на Балахольскія могілкі - менавіта так пахаванні часоў польска-бальшавіцкай вайны захаваліся ў народнай назве. У савецкія часы яны былі амаль разбураны. Намаганнем мясцовых актывістаў іх удалося часткова ўзнавіць. Тут ляжаць як жаўнеры польскага войска, так і хлопцы Булак-Балаховіча, якія загінулі ў баях з бальшавікамі.
Надпісаў з іменамі на помніках хутка не стане - іх бурыць час. Ужо сёння літары вельмі складана разабраць. Трэба фатаграфаваць ды "круціць" кантраст у фотарэдактары, каб прачытаць. У ліхалецце пра жаўнераў забыліся, іх сваякі згубіліся. Гэтыя могілкі нікому, акрамя такіх людзей, як Ігар Бараноўскі, не патрэбныя. Але хоць адно імя невядомага нам чалавека трэба выратаваць ад небыцця.
Знаходзім помнік жаўнеру з выразна беларускім прозвішчам, які загінуў у 1920 годзе. Надпіс амаль сцёрся ад часу. Пераносім яго сюды: Якуб Дзенісюк, выведчык.
У адрозненні ад бетону, інтэрнэт помніць усё.
Юрый ГЛАДЧУК
Фота Вадзіма ЗЯНЬКЕВІЧА
Апрацоўка фота Глеба МАЛАФЕЕВА
ABW.BY
Транспартны аддзел
"Чанган", "Чань-Янь", ці як там яго слушна зваць, нават не ведаем. Але беларусы і кітайцы - браты навек. Таму мы ўзялі кітайскі Changan CS35. Таксама менавіта гэту машыну ў дылера бярэ Юрый Жыгімонт для сваіх вандровак. Нават "туманку" дзесці на шашы пабіў. Але такому чалавеку можна гэта і дараваць - такую справу робіць!
Suzuki, Changan и Mitshubishi, па сутнасці, прадае адзін і той жа дылер. Хлопцы таксама за гэтую беларускую тэму ўсімі рукамі за. Што тут яшчэ дадаць?
Покліч бацькі
Праз цёмныя хмары на чуждай старонцэ
Зірнула на нас цёпла-радасна сонцэ,
І гоман пачуў я з роднай стараны:
"Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ,
За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!"
Сынкі! А мы штожа!
Нам будзе нягожа,
Каб мы не пайшлі на падмогу!
Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь
І будзем гатовы ў дарогу!
Станіслаў Булак-Балаховіч, творчы пс. Бацька, 25.ХІ.1919, Рэвель.
P.S. Здалося, што тая кніга з кліпа Woodkid - Iron - гэта наша мова. Яна падпалена, але яе яшчэ можна ўзнавіць. Мы таксама можам мяняць гісторыю, як гэта рабілі Вацлаў Ластоўскі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Паўлюк Калечыц, Станіслаў Булак-Балаховіч ды іншыя. Кожны з нас. Спадзяемся, што рускамоўныя парталы таксама пачнуць "даваць спякоту" на мове ў беларускія святы. Беларускім журналістам, калі не спрабавалі, раю нашу мову: яна вельмі "ёмістая", пісаць прыемна, нават калі яе забыўся і не ведаеш амаль. Але і ўспамінаецца хутка. Нам усім трэба стварыць моду на мову.
P.P.S. Ні разу не прасілі, але зараз папросім. Калі спадабалася, зрабіце, калі ласка, рэпост матэрыялу. Бо вельмі патрэбны прагляды, каб мець матывацыю рабіць такое далей.
Наши материалы заслуживают вашего внимания, подпишитесь на канал ABW.BY в Telegram или следите за паблик-чатом в Viber