Найти в Дзене
надо знать

Адкуль пайшла назва Глыбокае

Горад Глыбокае быў заснаваны вельмі даўно. Але вядома, што людзі не надта сюды імкнуліся. Самі мяркуйце, месца, канечне, прыгожае, але ж балаціны навокал, камары. Усё гэта даволі доўга адпужвала людзей. Нездарма яшчэ і ў нашы дні можна пачуць такія словы: “У горадзе двух паноў балота па шыю”. Чаму двух паноў? А таму, што рэчка Беразоўка дзяліла горад на дзве часткі. Адна належала пану Зяновічу, другая — пану Корсаку.

Вось з тых паноў уся гісторыя і пачалася. Зяновіч і Корсак надта любілі біцца аб заклад. Ні адна іх сустрэча не абыходзілася без сваркі ці спрэчкі.

Панскія маёнткі стаялі на розных берагах вялізнага балота. Пасярэдзіне яго было возера: невялічкае, але такое глыбокае, што проста жах! Нават птушкі баяліся блізка падлятаць і на ваду садзіцца, бо вадзіліся ў тым возеры вялізныя самы.

Раз у тыдзень паны выбіраліся папалуднаваць аж у Вільню. Туды ехалі з серады да нядзелі, а назад дабіраліся з нядзелі да серады. Нічога не шкадавалі, самі сябе марнавалі, а ўсё дзеля таго, каб пафанабэрыцца.

Выбраліся неяк Зяновіч з Корсакам у чарговае падарожжа. Фурманам загадалі побач ехаць, каб перамаўляцца можна было па дарозе, шлях жа няблізкі! Колькі з-за такой своеасаблівай язды сварыліся ды біліся з сустрэчнымі, і пераказаць немагчыма, але неяк, нарэшце, дабраліся да Вільні.

Зайшоўшы ў карчму, убачылі знаёмага. Корсак запрасіў яго пагаманіць, навінамі перакінуцца. Зяновіч, вырашыўшы пахваліцца перад незнаёмцам, прамовіў:

— У мяне гэткі багаты маёнтак, гэтак многа зямлі, што і за тыдзень на самым лепшым кані не аб’едзеш!

— Што?.. — усхапіўся Корсак.

— Тое, што пан чуў, — высакамерна адказаў Зяновіч.

— Гэта ў каго столькі зямлі? — не адставаў сусед.

— У мяне.

— І за тыдзень на самым лепшым кані не аб’ехаць?

— Так.

— Ды гэта ж смех!

— Прашу не забывацца!

— А тут і забывацца няма на што! Я за дзень на сваіх конях аб’еду!

— Не!

— Аб’еду!

Паспрачаліся і паехалі паны дамоў, а госця запрасілі быць сведкам.

Прыехалі да маёнтка Зяновіча. Корсак, за лейцы сеўшы, як прыпусціў! Зяновіч адразу зразумеў, што прайграў, але выгляду не паказаў.А Корсак ляцеў, ляцеў ды не ўправіўся з коньмі, і яны ўляцелі проста ў возера. Корсака выцягнулі, але адтуль пайшла ў людзей прывычка гаварыць:

— О, тут глыбока. Глыбока... — і расказвалі пра ганарыстых паноў. Адсюль і назва паселішча — Глыбокае.