Мама Му будуе дамок. Мама Му чытае. Мама Му прыбірае. Юя і Томас Вісландэр.
Казкі пра Маму Му вядомы ва ўсім свеце. І гэта вельмі радасна, што іх таксама можна пачытаць па-беларуску. Аўтары ўмела трымаюць увагу дзіцяці, бо распавядаюць гісторыі праз дыялогі галоўных герояў: Мамы Му і Крумкача. Мова Юі і Томаса сапраўды асаблівая, таму нават у перакладзе ідэальна адчуваецца настрой апавяданняў: вясёлы, жартоўны, прыязны. Са шведскай мовы кнігі цудоўна переклала Надзея Кандрусевіч, якая больш за сем год працуе з аўтарамі.
На дапамогу тым, хто ўпершыню чытае з дзеткамі па-беларуску, прыйдуць ілюстрацыі Свена Нурдквіста. Вобразы, якія стварыў мастак для серыі кніг пра Маму Му, запамінальныя ды вельмі гарманізуюць з тэкстам. Яго казачны рэалізм праяўляецца ў тым, што, з аднаго боку, Мама Му ды Крумкач маюць тыя ж самыя якасці, што і падобныя да іх жывелы і птушкі. Але, з іншага боку, ілюстратар ачалавечвае іх, “гуляе” з сітуацыямі, месцамі ды акалічнасцямі.
Раю дзеткам з аднаго гадка.
Леў смяецца. Ніна Галіноўская.
Пачаць знаёмства дзіцяці з вершаў на роднай мове я раю акурат з гэтай кнігі. Усё ў ёй выдатна: вокладка, фармат, малюнкі, вершы. Кароткія гісторыі аўтар таксама распавядае з дапамогай дыялогаў звяроў паміж сабой альбо з дзецьмі. Тут вы знойдзеце белага мядзведзя, цюленя, ягуара, бегемота, кашалота і нават чорную пантэру. Маленькія слухачы пачуюць як знаемыя словы, так і новыя. Менавіта так гэта кніга працуе на пашырэнне дзіцячага лексікона. І не варта турбавацца аб тым, ці зразумее дзіця беларускую мову. Бо галоўнае ў сумесным чытанні не мова, а інтанацыя, рытм, настрой чытання, зацікаўленасць ды ўключанасць тых, хто чытае з дзіцяці.
Малюнкам Марыі Станкевіч можна пазайздросціць: вялікія, рознакаляровыя звяры з мноствам незвычайных дэталяў – якраз тое, што патрэбна, каб заахвоціць дзіця гартаць гэту кнігу зноў і зноў.
Раю дзеткам, якім ужо споўнілася паўтара гадкі.
Малы і Мядзведзік. Юя і Томас Вісландэр.
Гэту кнігу варта прачытаць рашуча ўсім! Бо кожная гісторыя ў ёй – тое крышталева чыстае дзяцінства, аб якім сумуеш усё жыццё. Але ад суму не застаецца і следу, калі ў сям'і з'яўляецца дзіця. Напрыклад, такое як Малы. А з ім і новыя-старыя прыдумкі ды гульні, фантазіі ды прыгоды. І, канешне, любімая цацка – Мядзведзік (ці Панда, Псюша альбо лялька Маша).
– Ты такі смешны, Малы, – кажа мама. – Чаго толькі не навыдумляеш!
Менавіта гэта мы гаворым сваім дзецям, праўда? Менавіта такімі мы памятаем сябе. Кніга, ад якой шчыміць сэрца.
Малюнкі Улафа Ландстрэма чорна-белыя, вельмі простыя, з мінімальнай дэталізацыяй і штрыхоўкай замест ценяў. Але гэта зусім не псуе ўражання ад кнігі. Наадварот, гісторыі пра Малога такія яскравыя, што ім не трэба дадатковага колеру. Якраз у гэтых простых малюнках адлюстравана сутнасць гэтых апавяданняў пра дзяцінства, у якім усё па-даросламу.
Раю дзеткам з трох год. І дарослым, канешне.
Ніна Галіноўская. Звяры ў трамваі.
Працягваць знаемства з роднай вершаванай мовай раю гартаючы гэту кнігу. Яна прывабіла яркай вокладкай, а ўжо потым – зместам, які стаў для мяне прыемна нечаканым. З аднаго боку, сюжэты вершаў падказаны самімі жыццем і прыродай. Але, з іншага, аўтар надзяляе незвычайнымі здольнасцямі рэчы звычайныя, а незвычайныя робіць яшчэ больш неверагоднымі. Вось такая трансфармацыя!
У кнізе дзеткі раскрыюць сакрэт выхаванасці лісянят, паслухаюць размовы Кошкі і Матрошкі, гамонку васілька з рамонкам, прачытаюць пра незвычайнае сяброўства Ваўка ды Зайкі ды яшчэ пра шмат усяго цікавага. Кніга наогул вельмі змястоўная, яркая і літаральна просіцца на дзіцячую палічку.
Малюнкі Аксаны Аракчэевай адлюстроўваюць казачны свет вачыма дзіцяці: з размаўляючымі звярамі і птушкамі, якія могуць рабіць што заўгодна.
Кніга маркіравана выдавецтвам “Для малодшага школьнага ўзросту”. Але я рэкамендую яе ўжо дашкалятам, бо сюжэты вершаў ды персанажы будуць зразумелы дзеткам год з чатырох.
Прыгоды Віруса Шкодзі. Анатоль Бутэвіч.
Вірус Шкодзя – сапраўдны гарэза і выдумшчык у каралеўстве пад назвай Сусветнае Сеціва. Ён вельмі падобны на таго хлопчыка-суседа, які ні аб чым не думае сур'ёзна, акрамя сваіх свавольстваў. Але ці варта вінаваціць яго ў гэтым? Не, напэўна. Бо там, дзе ён, там заўседы і яна – сапраўдная і вясёлая гульня ў добрых і злых.
Ды і ўвогуле не так гэта і проста – быць Вірусам. Бо трэба шмат чаго ведаць, багата падарожнічаць, працаваць часам без перапынку і амаль кожную хвіліну быць напагатове. Таму што ў працы шкодніка ўсё павінна быць прадумана да дробязяў. Ды ўвогуле цяжка гэта – быць усім не даспадобы. Але ўсё ж цікавей, як думае Шкодзя, чым лічыцца добранькім, як галоўны камп'ютаршчык Комп Компавіч ці галоўны экран каралеўства Манітор Дысплеевіч.
Прыдумала і намалявала Шкодзю Наталія Кійко. Ды так міла, што злавацца на яго зусім не хочацца, а наадварот – цягне пасябраваць і выдумляць новыя забавы разам.
Рэкамендую дзеткам, якія толькі пачынаюць знаёміцца з камп'ютарам. У кнізе ў казачнай форме тлумачыцца, як узаемадзейнічаюць паміж сабой розныя яго часткі ды праграмы. Ідэальна падыйдзе для сумеснага пазнавальнага чытання з бацькамі ці настаўнікам.
Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або Adeljastar@tut.by. Наталля Бучынская.
Калі вы спытаеце, які казачны герой вылучаецца сярод іншых сваімі дасціпнасцю ды незвычанымі здольнасцямі, то гэта, безумоўна, авечка Адэля. Тая самая бландзінка з шаўкавістай воўначкай, якая аддае блакітам.
“Яркая, прыгожая, гламурная i крэатыўная – сама дасканаласць!” – так апісвае сябе “сціплая” Адэля.
Аўтар гісторыі (і адначасова сяброўка Адэлі) спадарыня Наталля знаёміць маленькіх чытачоў з авечым светам. У ім, на першы погляд, няма нічога дзіўнага. Але Адэля ўпэўнена ў адваротным і просіць спадарыню Наталлю напісаць кнігу пра яе жыццё. Так і нараджаецца гісторыя пра небяспечныя (ці недарэчныя) маленькія (і не зусім) здарэнні, у якіх Адэля і галоўная прычына, і дзеючая асоба.
Адэля – авечка з фантазіяй і характарам, і стыль зносін у яе – своеасаблівы. Таму на працягу ўсёй кнігі аўтар шукае падыход да наравістай і ўпартай авечкі. І, канешне, знаходзіць яго, а ў гэтых пошуках спазнае і сябе. А вось як – даведаецеся, калі прачытаеце.
Кніга напісана сучаснай беларускай мовай і лёгка чытаецца. А дзякуючы ілюстратару Аляксандры Івановай няўрымслівая авечка скача па старонках хутчэй за апавяданне.
Рэкамендую для чытання дарослымі дзецям з 6 год. Для самастойнага – з 8.
Мои книжки на русском языке про каркулью Эллис можно купить здесь
и здесь.
На английском здесь.
Пожертвовать на запись аудиосказок для незрячих и слабовидящих детей тут.