Узмацненне цікавасці да рэгіянальнага зместу этнакультурнага быцця — адна з пашыраных сусветных тэндэнцый сучаснай эпохі. Захаванне самабытна-нацыянальнага, адзінкавага, унікальнага набывае асаблівую значнасць ва ўмовах глабалізацыі, цэнтраімклівых інтэграцыйных працэсаў. Невыпадкова ў сучаснай навуцы «ў агульнатэарэтычным плане актуальнымі застаюцца праблемы рэгіянальнай спецыфікі фальклору, вытокаў рэгіянальнасці, яе сувязяў з этнічнымі і этнакультурнымі працэсамі…» [1, с. 96]. Рэгіянальнае — неад’емны складнік беларускай этнакультурнай прасторы, а нацыянальнае — гэта і ёсць вобраз свету ў яго лакальна-мясцовай канкрэтыцы.
У беларускім літаратуразнаўстве таксама відавочная скіраванасць на даследаванне рэгіянальных аспектаў у мастацкай творчасці. Так, напрыклад, у навуковы ўжытак уводзіцца паняцце рэгіянальнага субстрату [2]. Беларускае Палессе — надзвычай шматаблічная з’ява, якую характарызуюць этнаграфія і побыт, топасы і архетыпы, пейзаж і дыялектная мова, іншыя рэгіянальныя асаблівасці. Палессе — гэта і адметны мастацкі погляд на свет, сфармаваны разнастайнымі фактарамі: геаграфічнымі, прыроднымі, этналінгвістычнымі, этнаграфічнымі, сацыякультурнымі і інш.
Каб не прапусціць новыя артыкулы — падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне!
Палескі рэгіён здаўна прыцягваў увагу этнографаў і фалькларыстаў, якія выявілі духоўнае багацце гэтага краю, асаблівасці народных поглядаў і уяўленняў. З.Я. Даленга-Хадакоўскі адзін з першых далучыўся да мэтаскіраванага вывучэння этнакультурнай спадчыны розных мясцін Беларусі, але «асабліва прываблівала яго Прыпяцкае Палессе, па якім неаднойчы вандраваў…» [3, с. 59]. Тут ён шукаў і знаходзіў адметнае, самабытнае, заклікаў і іншых пільна ўгледзецца ў аблічча і мінулае зямлі сваіх бацькоў і продкаў. Значна пазней В. Ластоўскі, пішучы пра М. Багдановіча, адзначаў, што «наша стыхія — лес і балота. Тут ёсць свая адменная краса, адменная рытміка, адменны чар. Трэба іх падгледзець, знайсці і вынесці на широкі свет…» [4, с. 195]. М. Улашчык у 30-я гады XX ст. вандраваў, як і 3. Я. Даленга-Хадакоўскі, ён так убачыў Палессе і яго краявіды: «Лес недагледжаны <…> цягнецца кіламетры тры, за ім пачынаецца балота. Гэтыя балоты на поўдзень ідуць да Прыпяці і за яе, а на Захад — да Польшчы, Польшчы этнаграфічнай пад Берасцем. Неабсяжныя балоты з астравамі сухое зямлі, дзе раскінуты вёскі і расце лес» [5, с. 237].
Якуб Колас адным з першых пісьменнікаў ствараў, кажучы словамі таго ж В. Ластоўскага, «паэзію дрыгвы» [4, с. 195], эстэтычна адкрываў свет беларускага Палесся. Гэты вобраз з’яўляецца важным сэнсаўтваральным канцэптам у яго мастацкай творчасці, пра што сведчыць трилогія «На ростанях», аповесць «Дрыгва», п’еса «У пушчах Палесся», празаічныя творы для дзяцей «Палеская веска», «Палессе» і інш. Тое, што канцэпт Палессе трывала ўвайшоў у структуру творчай свядомасці Я. Коласа, найперш тлумачыцца цеснай спалучанасцю жыцця і лесу пісьменніка з гэтым краем. Як мы памятаем, ён настаўнічаў «у палескай глушы» з 1902 па 1906 г. і з 1912 па 1914 г. Пэўна, як і яго герой Андрэй Лабановіч, пісьменнік, «пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, <…> часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасць ад жыцця і свету, як бы гэты свет сышоўся тут клінам», але з цягам часу для яго стала «мілая гэтая глуш»[6, с. 19-20, 78]. «А твой вобраз маім // Прыглядзеўся вачам, // Да цябе маё сэрца ляжыць», — прызнаецца паэт у сваёй любові да палескага краю, гаворыць, што любіць «той край, бы яго родны сын» [7, с. 354].
Палессе як канцэпт выступае ў лірыцы Я. Коласа 1910-х гг. Гэты вобраз — эмацыянальна-сэнсавае ядро двух паэтычных твораў з аднолькавай назвай «Палессе», вершаў «Палескія вобразы», «Вясна на Палессі», «Вечар на Палессі» і некаторых іншых. Пра коласаўскія творы палескай тэматыкі можна сказаць словамі І. Навуменкі: «…Колас малює паэтычны воблік зямлі, краю, у якім спрадвеку жыве родны яму народ»[8, с. 47]. Палессе — гэта адметная светабудова, якую шматаспектна раскрывае пейзаж. Паэтычныя творы Я. Коласа найперш даюць яскравае ўяўленне пра асаблівасці «ўмяшчальнага ландшафту» (Л. Гумілёў) Палесся. Паэт стварае яркія сезонна-каляндарныя замалёўкі (вясна і восень), раскрывае прыродна-кліматычны характар тутэйшых мясцін. Неаднойчы паэт кінематаграфічным буйным планам падае карціны палескага краю, і гэтая пейзажная панарама — мадэль палескага свету: «Край лясоў, край балот // I туманаў гнілых!» [7, с. 354]. Этнапрастору гэтага краю найперш характарызуе топас балота, які паўстае як галоўная прыродная стыхія: «Гэта ты, балот краіна! // Гэта ты, палескі край!»; «Усё балоты ды балоты!» [7, с. 263, 187]. Зрэшты, даследчык І. Чарота даводзіць, што ёсць «падставы разглядаць балота як своеасаблівы архетып беларускага мастацтва» [8, с. 116]. Я. Колас захапляецца прасторнасцю палескага свету, яго разамкнёнасцю і непарушным спакоем: «Я люблю твой прастор, // Гмах шырокі балот…»; «А прастор, дык прастор — // І канца не відаць, // Не ахопіш, не змерыш зямлі» [7, с. 354]. Радасць, асалоду сузірання шырыні палескага прыволля паэт з пранікнёнасцю перадае ў вершы «Палескія вобразы» праз паўнагучнасць рытміка-гукавога ладу фразы: «Цёмны бор, кусты, балоты, // кучы лоз…»; «…чароты II Мора траў…» [7, с. 263]. Цесна спалучаны з вобразам балота архетып лесу. Гэта адзіная экасістэма, два вялікія аб’екты палескай светабудовы. Лес атуляе «балаты гнілыя», падступае да «палескіх раўнін»: «Цёмны бор, кусты, балоты»; «Пацягнуўся лес сцяною — // Ельнік, дуб і хваіна; // Шум стаіць над галавою…» [7, с. 263, 187]. Лес міфалагізуецца як месца першародна-дзікае, якое, трэба заўважыць, падобнае на «першабытны лес» Дантэ: «Ціха ў лесе, бы ў магіле, // I канца яму няма… // Як у ночы, ў лесе цьма»; «Калі лес там, дык лес: // Можна тыдзень дыбаць…» [7, с. 187, 354]. Паэт, здаецца, адчувае спрадвечны дух лясных нетраў, уздзеянне таемных чараў. Захапленне змяняецца пачуццём няўтульнасці пасярод дзікай нерушы, якая насцярожвае, палохае, адгукаецца ў сэрцы трывогай: «Аж на сэрцы сцішна стала, // Аж забілася мацней, // Хоць бы поле заблішчала, // Хоць бы веска ўжо хутчэй!..» [7, с. 187].
Палессе ў адлюстраванні Я. Коласа паўстае ў вобразнай дэталізацыі, канкрэтыцы рэалій балотнай стыхіі, паэтызацыі расліннага і жывёльнага свету. Вось асобныя пейзажныя фрагменты, якія разам узятыя прэзентуюць «балот краіну» ў яе канкрэтна-вобразнай напоўненасці: «…Кучы лоз і дубняку, // Рэчкі, купіны, чароты, // Мора траў і хмызняку»; «Брод і грэбля кожны крок…»; «Пералескі, лес, паляна, // Старасвецкі дуб з жарлом, // Хвоя-веліч на кургане // 3 чорным буславым гняздом…»; «Гразь, пяскі, лужок зялёны, // Шум крынічкі з-пад карча, // Шэлест лісцяў несканчоны, // Крык у небе крумкача…»; «Вербы, груша-сіраціна, // Нізкарослы цёмны гай…» (»Палескія вобразы»); «Свішчуць птушкі над балотам, // Аж гамоніць лес і гай, // I далёка за чаротам // Бухнуў, нібы ў кадзь, бугай»; «Над балотам стогнуць кнігі, // Жураўлі ўгары крычаць» («Вясна на Палессі»); «…Хоць у лозах тваіх // Вецер жудасна ўвосень шуміць»; «…Дзе бубняць бугаі, // Дзе красує чарот, // I дзе травы, як мора, ляглі» («Палессе») [7, с. 263, 182, 354]. Беларуская паэзія да Я. Коласа яшчэ не ведала такой засяроджанай увагі на вобразах палескай прыроды, рэалістычна дакладнага адлюстравання навакольнага свету. У паэтычным прасторавым мысленні паэта спалучыліся маштабнасць успрымання Палесся і канкрэтна-лакальны характар светабачання. Галоўная ж заслуга Коласа-мастака ў тым, што ён выявіў глыбокую духоўную повязь са светам палескіх краявідаў, узняў пачуццё прыроды да эстэтычнага захаплення, стварыў літаратурна-паэтычны міф Палесся, які ўвасабляе этнапрыроднае, геаграфічнае аблічча краю, з’яўляецца асновай разумения анталагічнага быцця палешукоў і ўтрымлівае ідэю экагармоніі.