Паўстанне на гомельскім перасыльным пункце ў 1916 г. — самае буйное на Беларусі і на Заходнім фронце выступленне салдат у Першую сусветную вайну. Адбылося каля Гомеля пад уплывам рэвалюцыйнай прапаганды чальцоў Палескага камітэта РСДРП(б) і салдат-бальшавікоў. Росту незадаволенасці садзейнічалі ваенныя паразы, разруха ў тыле, здзекі над салдатамі. 2(15) красавіка казак М. Слепаў, які не выканаў загад карнета, быў арыштаваны і пасаджаны на гаўптвахту. Па дарозе ў каравульнае памяшканне натоўп казакаў спрабаваў яго вызваліць. I толькі прыбыцце каравульнай роты перашкодзіла ім. Хваляванне адбылося таксама 7(20) траўня.
27 чэрвеня (10 ліпеня) шэраговец 8-га абознага батальёна Клейман заклікаў салдат не падпарадкоўвацца унтэр-афіцэрам. Калі унтэр-афіцэры сталі збіваць салдат, якія пайшлі за Клейманам, ён схапіў рыдлёўку і кінуўся на унтэр-афіцэраў. Арыштаваны Клейман у канцылярыі размеркавальнага пункта збіў прапаршчыка.
22 кастрычніка (4 лістапада) на пункце ўспыхнула агульнае паўстанне. Загадчык пункта арыштаваў казака М.Ф. Башкіна. Каля 4 тысяч салдат і матросаў патрабавалі вызвалення арыштаванага і закідалі загадчыка пункта каменнем. Потым яны кінуліся на гаўптвахту, абяззброілі варту, вызвалілі 800 арыштаваных, разграмілі канцылярыю гаўптвахты і знішчылі ўсе абвінаваўчыя дакументы. Каб здушыць паўстанне, камандаванне выклікала некалькі каравульных рот. Паўсталыя сустрэлі іх ружэйным агнём. Некалькі залпаў салдаты зрабілі па загадчыку пункта і каменданту Гомеля. Аднак зброі ў паўсталых было мала і іх выступленне задушылі.
26 кастрычніка (8 лістапада) хваляванні салдат пачаліся ў горадзе. Каля 200 чалавек ніжніх чыноў разагналі атрад паліцэйскіх. Разам з перасыльнымі яны абяззброілі варту і вызвалілі арыштаваных. Да іх далучыліся яшчэ 1000 чалавек. Салдаты захапілі 50 вінтовак і сустрэлі прысланых на іх уціхамірванне чэчэнцаў ружэйным агнём і каменнем. Паўстанне зноў задушылі ўзброенай сілай. 16 найбольш актыўных удзельнікаў былі асуджаны, 9 з іх – да пакарання смерцю. У памяць аб паўстанні ў Гомелі ўсталявана мемарыяльная дошка.
Больш па гісторыі Першай сусветнай вайны ў Беларусі чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.