Найти тему
Планета Беларусь

Святыя руіны. 8 самых маляўнічых паўразбураных храмаў Беларусі

Оглавление

Ціна Турава, фота Сяргея Плыткевіча і Алега Малевіча, planetabelarus.by

На думку даследчыкаў, у ХХ стагоддзі Беларусь страціла каля 75 адсоткаў сваёй гісторыка-архітэктурнай спадчыны. Але самае прыкрае, што гэтае разбурэнне працягваецца дасюль. Таму сёння ў наш аб’ектыў патрапілі хрысціянскія святыні, пра якія можна сказаць, што невядома, ці захаваюцца яны для нашых нашчадкаў…

СМАЛЯНЫ (АРШАНСКI РАЁН)

Узведзены ў канцы ХVII (па іншых звестках – у ХVIIІ-м) ст. па фундацыi князя Сангушкi касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыi першапачаткова служыў ордэну дамініканцаў. Крывалінейныя абрысы фасадных сцен і вежаў паказваюць на прыналежнасць гэтага велічнага гмаху да архітэктурнай школы віленскага барока – даволі традыцыйнай для касцёлаў таго часу. З 1930-х і да 1989 года будынак належыў машынна-трактарнай станцыі, выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, што ў выніку і прывяло яго ў аварыйны стан.

-2

КНЯЖЫЦЫ (МАГІЛЁЎСКI РАЁН)

Яшчэ адзін былы дамініканскі сабор – збудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя на сродкі шляхцічаў Крукоўскіх – быў асвячоны ў гонар Святога Антонія. Каталіцкі кляштар расійскія ўлады зачынілі ў 1832-м, а касцёл праз некаторы час рэканструявалі ў праваслаўную царкву. Гэты храм дзейнічаў да 1965 года, а потым быў закінуты і стаў разбурацца.

-3
-4

СЯЛIШЧА (УШАЦКІ РАЁН)

Касцёл Святой Веранікі вырас ў 1720-х пры бернардынскім кляштары. Сёння ад пабудоў таго комплексу засталіся толькі руіны, але сам храм, які некалі меў 5 алтароў і барочны орган, нават у сучасным стане ўражвае сваёй вышынёй і маштабнасцю. У сярэдзіне XIX стагоддзя ён падвергнуўся перабудове, але не перажыў Другой сусветнай вайны. Тады будынак быў моцна пашкоджаны і з тых часоў не аднаўляўся.

-5
-6

ДУБРОВА (МАЛАДЗЕЧАНСКI РАЁН)

Запраектаваны у сярэдзіне 1790-х як касцёл Ушэсця Дзевы Марыі (аўтарам хутчэй за ўсё быў знакаміты архітэктар Карл Спампані).

Праз некалькі гадоў пасля паўстання Каліноўскага храм быў асвечаны ў праваслаўную царкву. Святыня перажыла дзве сусветныя вайны і антырэлігійныя чысткі, але была разбурана праз нядбайнае стаўленне. У 1980-х у храме здарыўся пажар, а страціўшы дах, будынак стаў хутка разбурацца і зарастаць знутры дрэвамі.

-7

РАСНА (ДРЫБIНСКI РАЁН)

Будаўніцтва мураванага касцёла Святога Казіміра доўжылася з 1812 па 1818 гг. Гэты напаўразбураны храм з'яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму і нечым нагадвае рымскія разваліны.

Вядома, што яшчэ ў 1910 годзе касцёл знаходзіўся ў добрым стане, быў дзейсным і не патрабаваў рамонту. Па чутках, з яго пачынаўся падземных ход, у якім падчас Вялікай Айчыннай нібыта захоўваліся боепрыпасы. І калі яны ўзарваліся, сам тунэль заваліла, а ад храма засталіся адны рэшткі.

-8
-9

АНУФРЫЕВА (МСЦІСЛАЎСКІ РАЁН)

Адносна даты будаўніцтва былой уніяцкай царквы Святога Ануфрыя меркаванні спецыялістаў разыходзяцца. Хутчэй за ўсё, яно завяршылася ў 1825 годзе. Архітэктурнае аблічча храма дэманструе пераход ад барока да класіцызму, а вось ад некалі багатага інтэр'еру, на жаль, нічога не засталося. Але сцены і асабліва званіца дагэтуль уражваюць сваімі памерамі!

-10

БЕРАЗАВЕЦ (КАРЭЛIЦКI РАЁН)

Гісторыя Траецкай царквы атрымалася зусім нядоўгай. Каменны храм быў пабудаваны ў самым пачатку XX стагоддзя, а падчас Першай сусветнай вайны быў моцна разбураны і больш не аднаўляўся, а, наадварот, руйнаваўся Але і па захаваных руінах можна ўявіць былую веліч храма.

-11
-12

КАНIЧЫ (КАСЦЮКОВIЦКI РАЁН)

Нават назва гэтага храма, узведзенага ў 1910 годзе, адышла ў нябыт. Яго купал быў прабіты снарадам падчас Вялікай Айчыннай, але магутныя метровыя сцены вытрымалі ўдар.

Тое, што не зрабіла вайна, ледзь не выканаў савецкі трактар: былы касцёл спрабавалі разабраць на цэглу. Аднак нейкім цудам рашэнне аб разборцы гэтага помнiка архiтэктуры з рысамi неабарока ў апошні момант было адменена.

-13
-14

Хотите знать все о путешествиях по Беларуси, подписывайтесь на канал planetabelarus.by в Яндекс Дзен