Адміністрацыя хакейнага клуба "Дынама-Мінск" разглядае варыянт завяршэння сезона ў Кантынентальнай хакейнай лізе без легіянераў. У выпадку, калі каманда працягне прайграваць, замежныя хакеісты могуць перайсці ў іншыя клубы КХЛ у абмен на грашовую кампенсацыю. Пра гэта "Еўрарадыё" паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй у "Дынама".
Сёння ў складзе "зуброў" выступаюць шведскі брамнік Юнас Энрат, нападаючыя: фін Тэему Пулкінен (лепшы бамбардзір клуба) і канадзец Куінтан Хаўден — і яго суайчыннік, абаронца Патрык Уіркаш. Таксама ў гэтым сезоне за "Дынама" гуляюць чацвёра расіян: абаронцы Ілья Хахлоў і Дзяніс Осіпаў, форварды Дзяніс Казіонаў і Арцём Арцёмаў.
"Дынама" ў 23 матчах пацярпела 18 паразаў, прычым 11 з іх — запар. У актыве клуба ўсяго 14 ачкоў і апошняе месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ. Старшыня федэрацыі хакея Беларусі Генадзь Савілаў анансаваў змены ў трэнерскім штабе "Дынама", а старшыня назіральнага савета клуба, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч на сустрэчы з камандай намякнуў на канкрэтныя дзеянні ў залежнасці ад вынікаў каманды ў бліжэйшых матчах.
3 лістапада "Дынама-Мінск" правядзе матч з "Барысам" з Астаны. Беларуская каманда прайграла 4 з 5 апошніх гульняў. Клуб з Казахстана, наадварот, выйграў 4 з 5 гульняў, уключна з паядынкам супраць "зуброў" 22 кастрычніка.
У выпадку паражэння ад "Барыса" ў "Дынама" можа змяніцца галоўны трэнер. На змену канадцу Гордзі Дуайеру сватаюць нападніка каманды Аляксандра Лукашэнкі, ураджэнца расійскай Электрасталі Аляксея Баранава. У бытнасць гульцом ён выступаў на пазіцыі абаронцы ў "Крышталі", пазней гуляў за мінскі "Керамін" і гродзенскі "Нёман". Кар'еру завяршаў у сталічным "Юнацтве", у якім сёння з'яўляецца асістэнтам Міхаіла Захарава.
У 2011 годзе на пытанне: "Калі б не хакей, я б стаў..." — Баранаў прастадушна адказаў: "Бандытам". Добрая ўсё ж такі гульня — хакей. Добра, што яна ёсць.