“Ивестия Гомельского губернского комитета РКП” — грамадска-палітычны часопіс, орган Гомельскага губернскага камітэта РКП(б).
Выдаваўся ў Гомелі ў 1919-1926 (з № 17, 1925, называўся “Полесский коммунар”) на рускай мове. Выходзіў неперыядычна — штомесяц, двухтыднёва. Пачаў друкавацца (№ 1-4 за 14, 24, 31 кастрычніка і 4.11.1919) як газета на старонках газеты “Путь Советов” (займаў 2-ю і 3-ю старонкі).
У 1920-1924 выйшлі 83 нумары, у 1925— 24, у 1926 — 21 нумар. Асвятляў пытанні партыйнага, прафсаюзнага і камсамольскага жыцця, савецкага і кааператыўнага будаўніцтва, развіцця гаспадаркі, адукацыі і культуры ў Гомельскай губерні. Друкаваў дакументы цэнтральных органаў і губернскага камітэта партыі (стэнаграмы, справаздачы, цыркуляры, інструкцыі і інш.). У сталай рубрыцы «Гістпарт» змясціў больш за 100 успамінаў і іншых матэрыялаў пра рэвалюцыйны рух і барацьбу бальшавікоў за ўладу на Гомельшчыне і Магілёўшчыне.
Публікаваў разнапланавыя матэрыялы: ад вершаў Дзям’яна Беднага, спісаў мабілізаваных на фронт камуністаў, апісанняў мяцяжу Стракапытава і паўстання І. Галакі да перадруку арт. “Наша міжнароднае становішча” Р.Я. Зіноўева. Быў тыповым для таго гістарычнага перыяду мясцовым партыйным выданнем з уласцівымі ім пэўнай ідэалагічнай абмежаванасцю і рэвалюцыйнай нецярплівасцю. Спыніў існаванне пасля ліквідацыі Гомельскай губерні.
Больш пра гісторыю роднага краю можна даведацца на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.