Найти тему
Наш край

Газета “Гомельская мысль”

“Гомельская мысль”, грамадска-палітычная і літаратурная газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выдавалася з 5(18).2.1913 да 17(30).7.1914 у Гомелі на рускай мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы X.Д. Гарфункель, Г.X. Старобінец.

Асноўнае месца адводзіла асвятленню мясцовых праблем. Друкавала інфармацыю пра ўнутрыпалітычныя і міжнародныя праблемы. Выступала супраць курсу на хутарызацыю і шавіністычнай палітыкі рускіх нацыяналістаў, за свабоду друку, ўсеагульнае і бясплатнае пачатковае навучанне. Значнае месца на яе старонках займалі сацыяльна-эканамічныя і юрыдычныя праблемы яўрэйскага насельніцтва ў Расійскай імперыі. Выступала супраць нацыяналізацыі крэдытнай сістэмы, якая падрывала яўрэйскі капітал. У артыкуле  “Асіміляцыя народнасцей” ананімны аўтар пераказваў, на яго думку, бліскучую, але спрэчную лекцыю аднаго з заснавальнікаў сіянізму В. Жабацінскага, паводле якога “гета створана не вонкавым прымусам, а гістарычнымі тэндэнцыямі самога яўрэйства, і толькі закансервавана законам” (18.3.1914). Абараняючы “іншародцаў”, газета часам аргументавала сваю пазіцыю цытатамі з бальшавіцкіх газет. Напярэдадні 1-й сусветнай  вайны крытыкавала шавінізм Саюза рускага народа, выкрывала ваенныя бюджэты Германіі, Францыі, Аўстрыі.

У час вайны заняла пацыфісцкую пазіцыю, заклікала да міру.  У нарысе “Беларусы” (3-5.6.1914), матэрыял якога ўзяты з газеты “Киевская мысль”, ананімны аўтар пераказваў памылковую канцэпцыю расійскай і польскай гістарыяграфіі, быццам беларуская “народнасць” ніколі не ведала самастойнай дзяржаўнасці “заваяваная яшчэ ў ХІІІ ст. літоўцамі, яна ўваходзіла ў склад спачатку літоўскай, а пазней польска-літоўскай дзяржавы”. Разам з тым у нарысе ў асноўным правільна ацэнены беларускі адраджэнскі рух, сацыяльнай асновай якога было пераважна сялянства. Аўтар нарыса вітаў газету “Наша ніва”, новую беларускю літаратуру і беларускую нацыянальную ідэю. Аднак ён перабольшваў “забітасць” беларускага сялянства, яго быццам бы неўспрымальнасць да заклікаў сацыяльнага вызвалення, недакладна ацэньваў белаоуску. літаратуру як быццам бы “цалкам сялянскую” (5.6.1914). У артыкулах “Беларускі тэатр” (7.4.1913), “Пра беларускі тэатр” (29.6.1914) газета вітала станаўленне беларускага  тэатральнага мастацтва, адзначыла багатую нацыянальную паэзію, створаную Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам (факты і ацэнкі ананімны аўтар браў з газеты “Столичный вестник” і інш. выданняў). Шмат увагі надавала прапагандзе рускай літаратуры. Звярнула ўвагу на негатыўныя тэндэнцыі “эканамічнага матэрыялізму” ў літаратурна-мастацкай  крытыцы.

Даведацца больш пра гісторыю гомельскіх газет вы зможаце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.

А каб не прапусціць новыя артыкулы і даследаванні лепш падпішыцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне!