Арт-аб’ект, прысвечаны Алесю Адамовічу, прэзентавалі ў роднай вёсцы пісьменніка ў Бабруйскім раёне.
Мастак Аляксандар Благі размаляваў прыпынак на вуліцы, якую ў сярэдзіне 1990-гадоў не дазволілі назваць імем літаратара.
На прыпынку намаляваны вялікі партрэт Алеся Адамовіча, пададзеная цытата з яго аповесці «Vixi», у якой ён падкрэсліваў сваю любоў да родных глушанскіх мясцін. А побач на мапе Беларусі пазначана родная вёска Адамовіча.
Ушанаваць памяць Адамовіча ў Глушы задумала суполка маладых рупліўцаў беларушчыны «Прыпынак Адамовіча». Ад распрацоўкі ідэі, узгаднення праекта з уладай і да яго ажыццяўлення прайшло шэсць месяцаў.
Актывісты імкнуліся прыцягнуць увагу да пісьменніка Алеся Адамовіча, яго творчасці і роднай яму Глушы.
—Мы хочам зрабіць Адамовіча цікавым для цяперашняга пакалення беларусаў, — патлумачыў «Радыё Свабода» бабруйскі актывіст руху «Гавары праўду» Андрусь Архіпенка. — Цяпер тыя, хто будзе ехаць па шашы, будуць бачыць прыпынак з Адамовічам. Яны даведаюцца, што ў гэтым пасёлку ён жыў.
Прыпынак Адамовіча — першы крок ушанавання памяці Адамовіча. Наступныя — яго бюст і стварэнне музея.
На прэзентацыю «Прыпынка Адамовіча» прыехала дачка пісьменніка Натальля Адамовіч. Гэта яна выбрала для аздаблення фотаздымак бацькі, на якім яму 55 гадоў, і папрасіла, каб на прыпынку быў занатаваны ўрывак з аповесьці «Vixi».
Хотите знать все о путешествиях по Беларуси, подписывайтесь на канал planetabelarus.by в Яндекс Дзен