Найти тему
Наш край

Гомельскае патрыятычнае падполле ў Вялікую Айчынную вайну

Гомельскае патрыятычнае падполле ў Вялікую Айчынную вайну дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у Гомелі і наваколлі. Вясной 1943 аб’ядноўвала больш за 40 падпольных груп, каля 400 чалавек.

Пакінутыя ЦК КП(б)Б у тыле ворага для падпольнай работы Ц.С. Барадзін і Р.І. Цімафеенка наладзілі кантакты з патрыётамі чыгуначнага вузла, паравозавагонарамонтнага, падшыпнікавага заводаў, лесакамбіната, іншых прадпрыемстваў. У жніўні-верасні 1941 барацьбу супраць акупантаў вялі каля 20 груп.  Група Барадзіна аб’ядноўвала 30 чалавек, у т.л. Цімафеенка (намеснік кіраўніка групы), I.Б. Шылаў, Л.I. Шулькін, В.Т. і Т.М. Мядзведзевы, А.С., Л.С. і М.А. Барадзіны, А.Л.  Левін, Н.Л. Раманчыкава, Н.Я. Карпенка, В.С. Кіслова, Н.С. Жалезнякоў, К.С. Пупынін. Уладкаваўшыся на працу ў друкарню, Барадзін наладзіў там друкаванне антыфашысцкіх  лістовак, бланкаў для дакументаў, вырабіў некалькі пячатак Яго маці і сестры дастаўлялі лістоўкі Цімафеенку і Шылаву, якія распаўсюджвалі іх у горадзе. Чальцы групы наладзілі  сувязь з савецкімі ваеннапалоннымі ў лагеры (дулаг-121), перадавалі ім адзенне, прадукты, газеты, лістоўкі, арганізоўвалі ўцёкі. У верасні 1941 у час падрыхтоўкі дыверсіі  на элеватары быў арыштаваны і расстраляны Шулькін. У кастрычніку 1941 Барадзін,  Цімафеенка, Шылаў і Жалезнякоў падарвалі майстэрню па рамонце варожых танкаў у Лібаўскім гарадку, разам з партызанамі падпалілі склад паліва ў Навабеліцы. 4.11.1941 Шылаў падклаў у рэстаране міну, выбухам якой былі знішчаны дзясяткі фашысцкіх  афіцэраў.

У сярэдзіне лістапада 1941 у сувязі з карнымі дзеяннямі акупантаў Гомельскі падпольны  гаркам КП(б)Б разам з партызанскім атрадам “Бальшавік” перабазаваўся з Гомельскага раёна ў Чачэрскія лясы. Для забеспячэння кіраўніцтвам Гомельскім патрыятычным падполлем і Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем, каардынацыі дзейнасці груп быў створаны падпольны аператыўны цэнтр, у склад якога ўвайшлі Барадзін  (кіраўнік), Цімафеенка, Шылаў.

Аператыўны цэнтр усталяваў сувязь з падпольнымі  групамі на падшыпнікавым заводзе (кіраўнік В.I. Сухаў), лесакамбінаце (Ц.В. Блінкоў, Р.М. Каралёў), чыгуначным вузле (А.Ц. Брыкс, М.Д. Жызнеўскі), тлушчакамбінаце (Е.I. Каленікаў), паравозавагонарамонтным заводзе (М.В. Півавараў), у пашпартным стале (Н.Я. Заўгародні). Цэнтр накіроўваў дзейнасць падпольшчыкаў. Сувязь паміж падпольнымі партыйнымі органамі і аператыўным цэнтрам ажыццяўлялі В.I. Блескіна, М.Я. Сударыкаў, Ц.Ф. Болсун і інш.

У снежні 1941 Гомельскі падпольны гаркам КП(б)Б даручыў аператыўнаму дэнтру падарваць адноўленую акупантамі электрастанцыю. Да вясны 1942 па ініцыятыве Шылава на электрастанцыі была створана падпольная група, у якую ўвайшлі В.А. Андрэенка, П.I. Чысцякова, Р.П. Гапееў і інш. 8.5.1942 падпольшчыкі, у т.л. Шылаў і Барадзін, якія сабраліся на явачнай кватэры для ўдакладнення плана дыверсіі, па даносе здраднікаў былі арыштаваны. 20.6.1942 Барадзін, Шылаў і іншыя пасля жорсткіх катаванняў расстраляны. Але барацьба працягвалася. Гомельскі падпольны гаркам КП(б)Б з дапамогай сакратара падпольнага гаркама ЛКСМБ А.Л.  Ісачанкі, Г.Л. Кірыкавай, Ф.П. Котчанкі, С.П. Купцова, В.К. Цяселкіна аднавіў сувязі з многімі патрыётамі. Актыўна дзейнічалі падпольшчыкі Гомельскага чыгуначнага вузла Ф.С. Варонін прыцягнуў да барацьбы з акупантамі жонку М.А. Вароніну, сына Пятра, I.Е.  Шапіру (у падполлі I.П. Пісарэнка). У дом Вароніных дастаўлялі антыфашысцкую літаратуру, зброю, выбухоўку. Чальцы групы распаўсюдзілі каля 3 тыс. экзэмпляраў  лістовак, летам 1942 падарвалі некалькі цыстэрнаў з бензінам. У паравозным дэпо групу стварыў А.Ц. Брыкс. У яе ўвайшлі М.Ц. Брыкс, Я.А. Емяльянаў, Я.I. Хоміч і інш. Яны выводзілі са строю паравозы, зрывалі графікі іх рамонту.

Летам 1942 праз П.Ф. Вароніна група ўсталявала сувязь з падпольным гаркамам КП(б)Б, пачала атрымлівадь выбухоўку і міны. Падпольшчыкі падарвалі 4 паравозы, дзясяткі цыстэрнаў з бензінам, вагон з авіяцыйнымі маторамі, вывелі са строю трансфарматарную будку, падпалілі склад з палівам. На чыгуначным вузле ў студзені 1942 пачала дзейнічаць група Піваварава, М.З. Бетанаў, Г.Л. Дзятлаў, С.В. Кандрацьеў, Я.К. Слепянкоў, У.Ф. Ясінскі і інш. Да траўня 1942 яна налічвала 15 чалавек, да студзеня 1943 вырасла ў арганізацыю (40 чалавек). Падпольшчыкі прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро (радыёпрымачы  знаходзіліся на кватэрах у Кандрацьева, братоў А.У. і Р.У. Ярыгіных), сыпалі ў буксы пясок і металічную стружку, псавалі паравозныя катлы, знішчалі і хавалі каштоўныя дэталі і каляровыя металы.

Працяг матэрыяла чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.

А каб не прапусціць новыя артыкулы і даследаванні — падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне!