У вопісе Гомельскай воласці 1660 года змешчана наступная фраза: «боярин Исай Харковичъ держит островъ Перуновский на дерево бортное; широкость того острова отъ верха реки Ути до Литовской границы 3 версты, а поперекъ отъ низкого болота на полверсты». Л.А. Вінаградаў у нарысе «Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142-1900 г.» (М., 1900. С.42) адзначыў, што Перуноўскі востраў знаходзіўся паблізу вёскі Кузьмінічы (сённяшні Добрушскі раён).
Гэтая інфармацыя, якая можа быць дапоўнена разглядам геаграфічнай карты, упэўнівае, што гаворка ў дадзеным выпадку ідзе не пра востраў як участак сушы, акружаны вадой. Слова востраў у народных гаворках з’яўляецца даволі шматзначным; пад гэтым словам у розных мясцовасцях разумеюць таксама участак лесу адной пароды сярод лесу іншых парод; невялікі асобны лясок; лясны гай; поле у круглай мяжы; узвышша на раўніне; палянку у лесе; сухі грудок з сенажаццю або лесам сярод балота; невялікі лужок сярод лесу або на зарастаючай драбналессем балоціне; поле паміж лугамі; кожны участак зямлі, які чымсьці вырозніваецца сярод навакольных мясцін»,
Перуноўскі востраў — гэта нейкі лес з бортнымі дрэвамі на граніцы Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. Можна думаць, што ён здавён-даўна быў запаведным лесам, які у пачатку 60-х гадоў ХVI стагоддзя належаў пэўнаму баярыну. Аб запаведным характары лесу сведчыць, безумоўна, яго назва — Перуноў, Перуноўскі… Але ці можна сцвярджаць, што ў далёкія язычніцкія часы Перуноўскі востраў быў свяшчэнным месцам, дзе знаходзілася капішча, дзе пакланяліся Перуну, прыносілі яму ахвяры?
На наш погляд, з такім проста-прамалінейным і найбольш, здавалася б, лагічным вывадам спяшацца не варта, і перш за усё, таму, што трэба абавязкова разрозніваць, з аднаго боку, культ Перуна, а з іншага боку, мець на ўвазе усходнеславянскую спадчыну вельмі старажытнай індаеўрапейскай традыцыі, звязанай з комплексам язычніцкіх уяўленняў аб Вярхоўным Богу і яго атрыбутах, сярод якіх звяртаюць на сябе ўвагу найменні пэуных рэалій з тым жа коранем, што і ў слове Пярун.
Культ Перуна не з’яуляецца усходнеславянскім; яго занеслі ва ўсходнюю Славію прыбалтыйскія (паморскія) славяне, а таксама варага-русы, генетычна звязаныя з паляна-русамі, які я да IX-X стагоддзяў аславяніліся, а раней уяўлялі сабой асобны індаеўрапейскі народ «адгалінаванне» індаеўрапейскай сям’і, якое часам называюць «паўночнымі ілірыйцамі»; гл. працы Л.М. Гумілёва, А.Р. Кузьміна); культ Перуна («Перкунаса») быў уласцівы і старажытным балтам.
Часам лічаць, што слова Пярун (балцкае Perkunas, ведыйскае, старажытнаіндыйскае Parjanyah) утварылася ад глагольнай асновы са значэннем «удараць, біць») (*per, літоўск. perti, periu). Гэтыя імёны быццам бы асацыіруюцца з ударамі маланкі, громам, каменнымі молатамі. У гэтай сувязі трэба нагадаць і добра знаёмае нам беларускае слова пярун — «удар маланкі», а таксама адзначыць, што узгаданае ведыйскае найменне выступала не толькі ў якасці наймення бога, але і як агульнае слова са значэннем дажджавая хмара.
Працяг матэрыяла чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.