Некалі жыў у нас мужык адзін. Звалі яго Саўка. Чалавек сабе быў як чалавек, нікога не крыўдзіў, але і сябе ў крыўду не даваў. Як убачыць, што нехта на яго рот разявіў, ці пачуе крыўднае у адносінах да сябе слова, то адразу ж прапаноўваў крыўдзіцелю памахацца на кулачках. Але жадаючых чамусьці не знаходзілася. Можа, таму, што кулачкі ў яго былі, як сярэдняй велічыні гарбузы, а можа, і таму, што да крыўдзіцеляў гаспадар быў бязлітасны. Пра гэтага вяскоўца гаварылі, што ён нават самога чорта не баіцца, бо адзін раз, маўляў, як спаткаўся Саўка з нячысцікам, то так таго адпэндзіў, што чорт не ведаў куды ўцякаць. Сам чалавек толькі пасміхваўся і прымаўляў: — Хто ж яго ведае.
— Няўжо не памятаеш, было ці не такое?
— Ды як вам сказаць…
— А прама скажы, не выкручвайся.
— Некалі сустрэўся я з нячысцікам.
— Дзе?
— На балоце.
— А што ты там рабіў?
— Лыка драў.
— Вясной?
— Ведама ж, зімой лыка не дзяруць.
— Чаму не, — зарагатаў нехта з вяскоўцаў, — ёсць такія, што гэтую справу і зімой выконваць мог