Даўно ж калі жаніліся, то не надта мілаваліся з дзяўчынай. Рэдка здаралася, што сустракаліся да гэтага, а потым браліся. У асноўным было наадварот: вырастала дзяўчына, падабаўся ёй хлапчына, уздыхала па ім, а да яе прысылалі сватоў зусім з іншай сям’і, часцей за ўсё з больш багатай. Бацькі спачатку ўгаворвалі дачку, а калі гэта не дапамагала, то і білі, і ў пераважнай большасці выпадкаў атрымлівалася так, як жадалі бацькі. Такі быў час, такія існавалі законы, і ім не падпарадкоўвацца ніхто не асмельваўся. Як сабе хочаш круціся, а волю бацькоў павінен выконваць. Так і ў нас адну дзяўчыну аддалі супраць яе волі замуж. Прыгожая была такая, што з суседніх вёсак казалі: — Во ўжо ў іх Ганна (так яе звалі) цвіце, дык цвіце! Такую прыгажуню пашукаць трэба!
— Шукаў бы, каб ведаў, што знойдзеш.
— Відаць, такую знайсці можна, а прыгажэйшую за яе — не.
— Мала таго, што прыгожая, дык яшчэ працавітая.
— I гэтага не адняць. I не толькі працавітая, але і галасістая. Як зацягне песню, то птушкі прыціха