Жыў некалі тут, на хутары, адзін гаспадар. Заможны, багаты, што той пан, ды і не кожны памешчык мог з ім пацягацца. Звалі яго Сцяпанам. Урадзіўся, відаць, такім сквапным ды злым, што ніхто з ім не мог ужыцца, і ўжо жонка не раз, не два яму гаварыла: — Ты так не дзяры скуру з людзей.
— Кінь, дурніца, што ты разумееш у гэтых справах?
— Людзі праходу не даюць. З нашымі дзецьмі іхнія гуляцца не хочуць.
— Нашы цалейшыя ды разумнейшыя будуць. Што яны могуць ад той галыцьбы пераняць?
— Сорамна ж, Сцяпане.
— Маўчы, бо як трэсну ў каршэнь, то мала не падасца! Дажыўся гаспадар да таго, што сам не мог ужо апрацаваць усю зямлю, якую скупіў за бясцэнак, а ў парабкі да яго ніхто не наймаўся. Задумаўся Сцяпан, як далей быць. Калі так працягнецца год-другі, то гаспадарка ў заняпад прыйдзе. Сам жа не вечны, а на дзяцей спадзяванняў не было. Нікому не давяраў. — Цяжка, цяжка мне давядзецца, — самому сабе жаліўся. Ужо і на дарогу паглядваў, высочваючы, ці не ідзе там які незнаёмец, але нікога не было. Лю