Уладзімір Данілавіч Спасовіч нарадзіўся 16 студзеня 1829 г. у горадзе Рэчыца. Бацька Спасовіча Данііл Восіпавіч ураджэнец г. Мазыра быў праваслаўнага веравызнання, працаваў урачом у Рэчыцкім павеце, пазней быў пераведзены інспектарам Мінскай урачэбнай управы. Маці Уладзіміра Данілавіча, баранэса Тэафілія Міхайлаўна Крэйц, паходзіла з Курляндыі, была каталічкай. Сам жа У.Д. Спасовіч пераняў веру свайго бацькі, быў ахрышчаны ў праваслаўе.
Дзяцінства будучага вучонага прайшло у Мінску, куды сям’я пераехала ў 1831 г. У 1845 г. Уладзімір Спасовіч з адзнакай скончыў Мінскую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У Пецярбургу прайшла большая частка жыцця знакамітага юрыста. Тут ён пачаў сваю працоўную дзейнасць, спачатку ў якасці дзяржаўнага служачага, затым выкладчыка і вучонага. У.Д. Спасовіч выкладаў права ў ваенна-навучальных установах: Пецярбургскім універсітэце, Вучылішчы правазнаўства, Аўдытарскім вучылішчы. Як прызнаваўся вучоны, выкладчыцкую працу ён лічыў сваім прызваннем, і толькі волей лёсу Спасовіч быў вымушаны спыніць педагагічную дзейнасць. Справа ў тым, што ў 1863 г. У.Д. Спасовіч выдаў першы ў Расійскай імперыі «Учебник уголовного права». Гэта работа была абаронена аўтарам у Пецярбургскім універсітэце ў якасці доктарскай дысертацыі. Аднак прагрэсіўныя ідэі, выказаныя вучоным у падручніку, не знайшлі падтрымкі ў колах маскоўскай кансерватыўнай прафесуры. Вучоныя з Маскоўскага ўніверсітэта С.І. Баршчаў і П.Д. Юркевіч напісалі данос у III аддзяленне Асабістай Яго Імператарскай Вялікасці канцэлярыі. У выніку чаго ў снежні 1864 г. была створана спецыяльная камісія на чале з начальнікам III Аддзялення М.У. Мезенцавым. Падчас правядзення «экспертызы» камісія знайшла ў падручніку 36 фрагментаў, «содержащих враждебные мысли» і пастанавіла выкрэсліць кнігу з ліста рэкамендаванай для навучання літаратуры, а яе аўтару забараніць ажыццяўленне выкладчыцкай дзейнасці.
Так, у 1866 г. У.Д. Спасовіч вырашае звязаць свой лёс з прафесіяй адваката. Сорак гадоў свайго жыцця Спасовіч прысвяціў адвакатуры. Яго бліскучая адвакацкая практыка была высока ацэнена сучаснікамі, за Уладзімірам Данілавічам трывала замацаваўся тытул «караля рускай адвакатуры». На працягу гэтага часу У.Д Спасовіч удала спалучаў работу ў адвакатуры з актыўнай навуковай, рэдактарскай, грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю.
Напрыканцы свайго жыцця ён пакінуў Пецябург і перабраўся ў Варшаву, дзе і памёр 26 кастрычніка 1906 г. У.Д. Спасовіч быў пахаваны ва ўласным маёнтку ў сяле Лемешаўка Вінніцкага павета Падольскай губерні побач са сваімі бацькамі.
Адным з найбольш складаных пытанняў даследавання жыцця і дзейнасці Уладіміра Спасовіча з’яўляецца вызначэння яго нацыянальнай прыналежнасці. У назве гэтага артыкула ў дачыненні да У.Д. Спасовіча выкарыстоўваецца найменне «беларускі інтэлектуал». Аднак гэта ні ў якім выпадку не азначае, што аўтар прыпісвае вучонаму беларускую ідэнтычнасць. Гэтым мы толькі хацелі падкрэсліць, што знакаміты правазнаўца паходзіць з тэрыторыі Беларусі. Праблема ж нацыянальнай самаідэнтыфікацыі У. Спасовіча, вызначаная намі ў адным з артыкулаў, застаецца прадметам гарачых дыскусій.
Працяг артыкула пра выбітнага ўраджэнца Рэчыцы чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.