Найти в Дзене
Наш край

Канцэптасфера духоўнай культуры Ўсходняга Палесся: праблемы вывучэння i захавання ў постчарнобыльскі час

Нябачнай рукой вечнасці праз стагоддзі прадзецца нітка часу, пераплятаючы лесы многіх пакаленняў, яднаючы эпохі, злучаючы продкаў і нашчадкаў. Не страціць пераемнасць эпох, звязаць сучаснае і мінулае, тым самым перакінуўшы мост у будучае, нам дапамагае памяць. Яна падаужае наша хуткаплыннае быццё, дазваляючы ўявіць яго не кароткім імгненнем, а непарыўным поступам стагоддзяў. Без памяці пра гісторыю свайго народа, без ведання яго матэрыяльнай і духоўнай культуры немагчыма быць сапраўдным грамадзянінам.

Даследаванне матэрыяльнай і духоўнай спадчьшы беларускага народа мае ў наш час асаблівае значэнне. Зварот да народнай культуры вельмі важны для гуманізацыі грамадства, яго духоўнага развіцця, адраджэння многіх страчаных ім эстэтычных ідэалаў, мае значэнне і для. патрыятычнага выхавання моладзі, паколькі павышае яе цікавасць да гісторыі роднага краю, фарміруе павагу і пашану да традыцыйнай культуры, павышае ўзровень нацыянальнай свядомасці.

Цікавасць да народнай культуры, яе вывучэнне павінны таксама супрацьстаяць разбурэнню традыцыйнай этнасацыяльнай структуры ўсходніх славян, парушэнню грамадска-сацыяльных і гісторыка-культурных сувязей славянскіх народаў. I ў той жа час вывучэнне розных аспектаў традыцыйнай культуры павінна садзейнічаць захаванню этнакультурнай самабытнасці народаў, што набывае асаблівую актуальнасць у сувязі з працэсамі глабалізацыі ў сучасным грамадстве. Таму можна сцвярджаць, што захаванне, зберажэнне і развіццё разнастайных форм і традыцый народнай культуры — абавязак кожнага сумленнага чалавека.

Усходняе Палессе — унікальны рэгіён са своеасаблівай гісторыяй, культурнымі і моўнымі адметнасцямі, які адыграў істотную ролю ў фарміраванні беларускага этнасу, яго матэ­рыяльнай і духоўнай культуры. Культурная прастора Усходняга Палесся, якая мае глыбокія гістарычныя карані, захоўвае шматлікія рэліктавыя з’явы агульнаславянскай і ўсходнеславянскай культуры. На гэтай тэрыторыі найбольш поўна ў розных формах праяўлення — абрадах, звычаях, рытуалах, міфах, паданнях, паэтычнай творчасці, лексіцы — захаваліся архаічныя элементы традыцыйнай народнай культуры, якія даказваюць генетычнае адзінства ўсходнеславянскіх народаў.

Асаблівая значнасць у даследаванні палескай тэрыторыі звязана з яе цэнтральным становішчам на сумежжы трох усходнеславянскіх этнасаў і ўсходне-заходнім славянскім памежжы, што робіць дадзены рэгіён зонай інтэнсіўных міжэтнічных узаемасувязей і ўзаемаўплываў [1, с. 4-5].

Актуальнасць і неабходнасць вывучэння ў наш час традыцыйнай культуры Усходняга Палесся абумоўлена многімі фактарамі: па-першае, тым, што самабытная матэрыяльная і духоўная культура беларускага народа, як і іншых славянскіх народаў, яшчэ не вывучана ў поўным аб’ёме; па-другое, каштоўнасці народнай культуры паступова страчваюцца пад уплывам фактараў часу, у працэсе урбанізацыі сельскага насельніцтва, у выніку парушэння пераемнасці пакаленняў, калі новыя генерацыі не ў поўным аб’ёме валодаюць духоўнай спадчынай і народнымі традыцыямі; па прычыне міграцыі насельніцтва, у выніку дэмаграфічнага спаду; па-трэцяе, многія этнакультурныя элементы — помнікі гісторыі і архітэктуры, традыцыйныя народныя рамёствы і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фальклорна-этнаграфічная спадчына, абрадавая культура, дыялектны лексічны фонд — паступова знікаюць у сувязі з адсяленнем значнай колькасці жыхароўБеларусі (пераважна палескага рэгіёна) з Чарнобыльскай зоны.

Народная культура — паняцце шматпланавае, яно ўключае ў сябе цэлы спектр з’яў — разнастайныя яе формы і праявы. Калі ўявіць сабе традыцыйную культуру як сукупнасць канцэптаў, то неабходна прызнаць, што ў цэнтры яе канцэптасферы стаіць чалавек, таму што па прыродзе сваёй і сутнасці яна антрапацэнтрычная. Важнейшымі кампанентамі, што вызначаюць яе напаўненне і змест, з’яўляюцца ўзаемазвязаныя паняцці чалавек — сям’я — праца — прырода — рэлігія, якія можна назваць асноўнымі, сутнаснымі, на аснове якіх і выдзяляюцца разнастайныя формы традыцыйнай культуры.

Працяг матэрыяла чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.

А каб не прапусціць новыя артыкулы і даследаванні — падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне!