Найти тему
Планета Беларусь

Як у Маладзечне пазбавіліся ад савецкай спадчыны і займелі адзіную ў Беларусі вуліцу героя паўстання Касцюшкі

Оглавление

Хрысціна Траско, фота аўтара, planetabelarus.by

Маладзечна — раённы горад, на першы погляд, нічым асабліва не адметны. Даволі буйны, даволі ўладкаваны. Ну, і ўсё, як быццам. Але гэта толькі пакуль не пачнеш узірацца больш уважліва. Напрыклад, звяртаць увагу на назвы вуліц ці сцены дамоў.

Разам з Уладзімірам Садоўскім, блогерам, краязнаўцам, аўтарам зомбі-хорара «1813», ураджэнцам Маладзечна мы прайшліся, бадай, па самай атмасфернай частцы горада. І не, гэта далёка не центр. Хаця і з цэнтрам у Маладзечна ўсё незвычайна – тут іх тры.

У дзень нашага спаткання Уладзімір праводзіў сустрэчу са школьнікамі — распавядаў пра свае новыя фантастычныя апавяданні. Таму і сустрэліся мы ў бібліятэцы наўпрост на галоўным праспекце горада — Вялікім Гасцінцы, недалёка ад парка Перамогі. Адразу высвятляем маршрут: праз жылы квартал і парк у раён Гелянова. Па дарозе гутарым пра мінулае горада:

— Так атрымалася ў Маладзечна, што можна пракласці шлях, які будзе адначасова і геаграфічным, і гістарычным. То бок можна паглядзець розныя эпохі сваімі вачыма, а не казаць толькі «ну тут быў стары цэнтр, яго разбурылі і зрабілі новы, вось гарвыканкам». Пачынаючы ў раёне Старога Месца (забудова захавалася з XIX стагоддзя), можна прайсціся ў пачатак XX ст.  — раён вакзала, які будаваўся, калі горад стаў буйным чыгуначным цэнтрам (тут перасякліся вельмі важныя транспартныя лініі), а адтуль уваходзім у сярэдзіну XX ст., у сацыялістычны цэнтр. Савецкі ўтапічны «горад сонца» праэктаваўся нанова і з большага план быў рэалізаваны. У першым генплане 1947 года быў закладзены, напрыклад, педагагічны інстытут, а зараз на тым месцы тэхнікум (яго пабудавалі ў 1965 годзе). Але Маладзечна з 1939 па 1960 было абласным цэнтрам, і лічылася, што гораду патрэбная ВНУ.

— Нетыповы падыход да забудовы горада ў нашых рэаліях.  Шмат гістарычных будынкаў руйнуюць у тым жа Мінску дзеля новых «аб’ёмаў», а тут такое. Да тагож Маладзечна – адзіны на сёння дэсаветызаваны горад у Беларусі.

— Так, так. Большасць людзей, хто не жыве і ніколі не быў у Маладзечна, прывыклі, што ў цэнтры ўсе асноўныя вуліцы – спадчына савецкага часу. І калі прыязджаюць сюды, думаюць: «Ну, Вялікі Гасцінец, ну проста так назвалі, недзе павінны быць Леніна і Савецкая».  Маўляў, у Мінску галоўны праспект таксама ўжо даўно не Леніна, але ж увесь цэнтр гэта Рэвалюцыйная, Маркса-Энгельса, Інтэрнацыянальная, Камуністычная. А тут іх няма! Зусім!

Насамрэч у некаторых вуліц у Маладзечна засталіся савецкія назвы. Але ўсе яны датычацца людзей, якія былі непасрэдна звязаныя з горадам. Маркаў  партызаніў у лясах пад Маладзечна, а пасля вайны быў сярод кіраўнікоў  горада, Машэраў – узначальваў камсамол, Прытыцкі – аблвыканкам, а да гэтага змагаўся з польскімі ўладамі ў Заходняй Беларусі.

Мажліва, гораду шанцавала з кіраўнікамі ў сферы архітэктурнага планавання, а можа быць, ёсць тут і нешта кшталту лёсу, хто яго ведае.

— Ваша кніга «1813» апісвае зомбі-апакаліпсіс на тэрыторыі Маладзечна. Незвычайны выбар сэтынгу, шчыра кажучы. Чаму?

— Проста я люблю гэты жанр: што чытаць, што глядзець. І даўно хацелася напісаць што-небудзь у дэкарацыях Маладзечна. Ну і вось неяк спалучыліся два фактары (смяецца). Ну і ў традыцыйных зомбі-гісторыях павінна быць прычына, штуршок, чаму гэтыя зомбі з’явіліся. Адзін з іх – вайна, таму што акрамя саміх ваенных дзеянняў здараюцца эпідэміі і ўсё такое. Як іспанскі грып, які забраў, можа, больш жыццяў, чым сама вайна. А ў гісторыі Маладзечна ёсць і падзеі 1812 года, звязаныя з бітвай падчас адступлення Напалеона, што адбылася недалёка ад замчыша.

ВАЕННЫ ГАРНІЗОН

Мы нарэшце даходзім да пункту прызначэння. Першае, што нас сустракае – воданапорная вежа «Гелянова».

— Вось тут у нізіне за сучаснай вежай, дзе бачны белы домік, у часы гарнізона было возера, і даволі вялікае: пра яго расказвалі, што тут афіцэры са сваімі дамамі на лодачках каталіся. А ім гэта возера засталося яшчэ ад фальварка. Тут была сядзіба, парк. Дарэчы, ад парка яшчэ захавалася нейкая частка – вось там на прыгорку дрэвы, дзе зараз зеленгас, і яшчэ рэшткі алеі побач.

Цяпер алея – гэта каля дзясятка дрэваў, з большага – лістоўніцы, а іншыя адразу і не вызначыш: іх ужо абрэзалі па новых правілах, да «трохмятровых пянькоў». Злева за заборам неяк асабліва самадастаткова стаіць двухпавярховы дом без вынаходстваў і пры гэтым пакідае ўражанне нейкай спецыфічнай, паўночнай годнасці.

— Гелянова будавалася спецыяльна для ваеннага гарнізона. Тут размяшчаўся 86-ты пяхотны полк, які быў створаны ў 1919 годзе і ўваходзіў у склад так званых сіл «Самаабароны Літвы і Беларусі» пад назвай «Мінскі стральцовы полк». Войска адзначылася ўдзелам у Варшаўскай бітве 1920 года.

Вось гэты дом прызначаўся для каменданта гарнізона. Не аднаго і таго ж, зразумела, а кожнага, хто калі-небудзь займаў гэту пасаду. Зараз тут цэнтр дзіцячай творчасці, раней быў дзіцячы садок. Варта звярнуць увагу на колер будынку і запомніць яго. Гэта адмысловая цэментная цэгла, якую, хутчэй за ўсё, спецыяльна вазілі з Польшчы – не было вытворчасці па-за яе межамі. Таму будынкі з яе лёгка ідэнтыфікаваць, калі яны не зафарбаваныя, канешне. Польская забудова таго перыяду ў большасці менавіта з гэтай зялёна-шэрай цэглы. У Варшаве ёсць цэлы раён, які прыкладна ў той жа час пабудавалі для вайскоўцаў, ён цалкам з такога ж матэрыялу.

-2

Абыходзім стылёвы строгі домік і выходзім на вуліцу Машэрава, спыняемся каля двухпавярховага дома з надпісам «Моттель».

— Гэты дом і дом насупраць – тыпавая вайсковая забудова міжваеннага перыяду. Тут жылі падафіцэры, малодшыя афіцэрскія чыны ў польскім войску кшталту прапаршчыкаў. На той час палякі ўжо актыўна карысталіся канцэпцыяй тыпавой будоўлі: выкарыстанне аднаго і таго ж праекта шматразова дазваляла значна знізіць выдаткі. Крыху пазней мы пабачым яшчэ такія ж дамы ў гэтым раёне, а ўвогуле іх можна сустрэць амаль паўсюль, дзе былі польскія вайсковыя часткі. Вельмі распаўсюджаны праект, які існаваў у варыяцыях з невялікімі адрозненнямі – некаторыя аздабляліся не трохвугольнымі элементамі над пад’ездам, а прамавугольнымі, а таксама быў варыянт на тры паверхі.

-3
-4

Цяпер мы ідзем па цэнтральнай вуліцы Гелянова, якая вядзе—і вяла тады – у цэнтр. Цяпер гэта вуліца Машэрава, якая забудоўвалася ўжо пасля вайны.

— Час ад часу, як я ведаю, вы праводзіце экскурсіі, напрыклад, у рамках фэсту экскурсаводаў – я гэта да таго, што ў вас ёсць досвед работы з нейкім «калектыўным розумам» – на што людзі рэагуюць падчас экскурсій больш за ўсё?

— Для большасці сам факт таго, што гэта не проста чарговы мікрараён – ужо дастатковая падстава для захаплення. У гэтым раёне амаль на кожны будынак можна паказаць і сказаць, што «гэта вось не уралагічнае аддзяленне, а былыя казармы для вайскоўцаў» ці «а гэта не аптэчны склад, а жылы драўляны дом у закапанскім стылі». І ўсё, публіка зачараваная і пагружаецца ў гістарычны вір. Людзі прывыкаюць да атачэння вельмі хутка і мала ўвагі звяртаюць на гэтыя будынкі і вуліцы, а калі адкрываюць усе гэтыя слаі, спадзяюся, пераасэнсоўваюць нешта. 

-5

Жылы дом у закапанскім стылі, зараз — бальнічны склад.

А так дом выглядаў у 2008 годзе 

-6

— Вось мы заходзім на тэрыторыю цяперашняй бальніцы, а шмат год таму тут былі ўсялякія дапаможныя вайсковыя збудаванні, тыпу стайняў, складоў. Зараз з польскіх палкавых будынкаў засталіся толькі два, бо яны цагляныя, а большасць былі драўляныя, на іх месцы пазней паставілі больш надзейныя канструкцыі. Тут на першым (ці падвальным) паверсе бачна, якія нязвыклыя вокны былі запланаваныя першапачаткова ў гэтых дамах. Іх пасля залажылі, не ведаю, з якіх матываў, можа, эканоміі. А вось польскія краты на вокнах пакінулі. Ну, і не дзіўна, зірніце, якія грунтоўныя.

-7
-8

— Ого! Колькі тут бываў, а раней не заўважаў! Зірніце наверх, вось там рэшткі флагштока і след ад збітага герба ці шыльды!

-9

— А яшчэ мяне ўвесь час цікавяць вось гэтыя штукі, але пакуль што я туды не спускаўся. Мы іх не раз яшчэ сустрэнем у гэтым раёне. Я не ўпэўнены, польскага яны часу ці ўжо савецкага (некаторы час тут заставалася вайсковая частка), але падазраю, што вядуць яны ў бомбасховішча ці іншыя якія катакомбы.

-10
-11

— Цяперашні стадыён размешчаны там, дзе быў вайсковы пляц. Тут займаліся фізічнай падрыхтоўкай, праводзілі ўрачыстыя мерапрыемствы, і, хоць полк быў пехотны, коні тут таксама былі. А значыць, і выездкай займаліся, і ўсё на пляцы. Стайні цяпер на тэрыторыі мэблевай фабрыкі і, бадай, разбураныя. А справа, насупраць пляца-стадыёна, было «афіцэрскае казіно», па сутнасці клуб афіцэраў, калі суаднесці з савецкай арміяй. Пасля вайны тут зрабілі дом культуры, а цяпер Мінскі абласны драматычны тэатр. Першапачаткова аб’ём будынку быў толькі на тры вакна ад увахода ў абодва бакі, усе астатняе дабудавана пазней.

-12

Амаль адразу за тэатрам мы выходзім на ажыўленнае скрыжаванне.

— Вось мы і выйшлі ў самы цэнтр Гелянова. У часы размяшчэння гарнізона акрамя фальварку тут нічога не было, нават не ускраіна – адны палі. Таму пасля пабудовы вайсковай часткі праклалі дарогу, але тупіковую. Аж да 1960-ых, пакуль не пабудавалі шлях на Валожын, тут быў канцавы прыпынак аўтобусаў з разваротным колам і клумбай. А крыху ніжэй па вуліцы, паміж двума сіметрычнымі дамамі стаяла трыўмфальная арка. Яе ўзвялі ў 1929 годзе ў гонар кіраўніка Другой Рэчы Паспалітай Юзафа Пілсудскага. Арка была ўпрыгожана шматлікімі барэльефамі, статуямі рыцараў і львоў. Наверсе аркі знаходзілася невялікая капліца, адкуль палкавы капелан бласлаўляў жаўнераў падчас вайсковых урачыстасцяў (ёсць меркаванне, што ў той капліцы размяшчаўся звон, які быў знойдзены на даху будынка № 16 на праспекце Незалежнасці ў Мінску, выраблены той звон як раз у 1929 годзе ў ліцейні братоў Фельчынскіх у Калушы і прысвечаны «Мінскаму стральцоваму палку»). Калі ехаць з горада, кампазіцыя размяшчалася на ўзгорку, з-за чаго ансамбль ствараў велічнае ўражанне. У 1939 годзе, калі Заходнюю Беларусь далучылі да БССР, арку пазбавілі «польскага мінулага» – прыбралі ўсе ўпрыгожванні. Браму разбурылі пасля таго, як дарога на Валожын, пабудаваная ў канцы 1950-ых, выклікала значнае павелічэнне руху па вуліцы, а праз вялікі праём брамы праехаць мог толькі адзін аўтамабіль. У памяць аб ёй не так даўно зрабілі шыльдачку са схематычнай выявай на прыпынку грамадскага транспарту.

-13
-14
-15

— Адзін з дамоў, якія стаялі па баках аркі, яшчэ захоўвае свой ранейшы выгляд. Гэта ўвогуле мой любімы будынак тут. А другому не пашанцавала – яго пафарбавалі ў бела-ружовыя колеры да «Дажынак». 

-16

Мы як раз падыходзім да адносна вялікага дома з той самай адметнай шэрай цэглы.

— Таксама тыпавы праэкт, між іншым, але ўжо для афіцэраў. Гэтыя будынкі, як і дом каменданта, адносяцца да функцыяналізму. Гэты стыль можна суаднесці з канструктывізмам у савецкай архітэктуры.  Можна пабачыць тэхнічны паверх пад самым дахам. Па пачатковым плане там былі пральныя памяшканні і сушкі, а потым нейкі час была майстэрня мастака. Што там зараз, невядома. На сценах яшчэ бачныя следы баёў Вялікай Айчыннай: вось тут дзірка закладзена ўжо іншай цэглай, напрыклад.

-17
-18

Нарэшце мы можам разгледзець легендарную цэглу зблізку і нават дакарнуцца да яе рукамі. Яна насамрэч вельмі незвычайная: навобмацак нагадвае хутчэй нешта металічнае, чым каменнае. Уладзімір тлумачыць: цямнейшая – загартаваная.

-19

— Дзе-нідзе, напэўна, засталіся яшчэ першапачатковыя рамы, як тут на першым паверсе. А каля пад’ездаў можна заўважыць умураваныя трубкі для сцягоў.

-20
-21

Мы пераходзім вуліцу і шпацыруем углыб другой паловы Гелянова.

— Гэты вялікі будынак злева – казармы для жаўнераў. Гэта самая буйная пабудова тут і, наколькі я ведаю, самая першая. Ад пачатку дом меў толькі два паверхі, а трэці дабудавалі падчас падрыхтоўкі да «Дажынак». Тады зрабілі яшчэ і двусхільны дах, зашылі тэрмашубай, пафарбавалі. Пасля вайны ўвесь цэнтр горада (каля вакзала) быў разбураны і ўся адміністрацыя перабралася сюды. Вядома, што Машэраў кіраваў сваімі камсамольцамі таксама тут. Так што некаторы час цэлая вобласць кіравалася адсюль. Дарэчы, зірніце: зноў гэтыя ўваходы пад зямлю.

-22

Казармы да рамонту:

-23

Уладімір абяцае паказаць нешта вельмі класнае, і мы не затрымліваемся надоўга каля былой казармы. Ужо праз некалькі  метраў  бачым воданапорную вежу ўсё з той жа цэглы. На яе сценах бачныя сляды ад снарадаў. Атмасферны від уражвае, але гід не спыняецца – самае цікавае наперадзе.

-24

— Вежу пабудавалі спецыяльна для палкавых патрэбаў, і ў ёй як быццам нічога асаблівага няма. Але давайце падыйдзем бліжэй, зразумееце, чаго мы сюды прыйшлі.

Мы стаім, некалькі імгненняў утаропіўшыся ў цагліны, пакуль зрок не вылучае на іх паверхні надпісы. Надпісы, якія былі зроблены яшчэ да Другой сусветнай вайны.

-25
-26

Па дарозе назад звяртаем увагу на яшчэ адзін тыповы падафіцэрскі дом. Яго менш закранула мадэрнізацыя, і толькі тут захаваліся рэшткі ўпрыгожванняў прыдамавой тэрыторыі.

-27
-28

ЧЫГУНКА ЯК КРЫНІЦА ЖЫЦЦЯ

— Зараз мы выходзім на вуліцу Ясінскага. Гэта фактычна была мяжа Гелянова. Яшчэ адна цікавостка: у Беларусі больш нідзе няма вуліцы яго імя. Ясінскі – паэт, генерал паўстання Касцюшкі 1794 года, вельмі неардынарная асоба.

Далей — савецкая тыпавая забудова. Гэтыя двухпавярховыя домікі – такія ж, як і ў Мінску на Асмалоўцы. Цяжка зараз уявіць сабе, што адсюль да самага вакзала амаль што нічога, акрамя палей, не было. Забудова выглядае вельмі арганічна і натуральна, таму што ўсё было спраектавана адным комплексам і па гэтых планах і будавалася. Той жа галоўны праспект – тыпавая савецкая пасляваенная комплексная забудова. Гораду пашанцавала, што ён здолеў стаць значным чыгуначным цэнтрам, таму што менавіта гэта забяспечыла такое эканамічнае развіццё, якое дазволіла забудаваць цэлыя раёны: ад Старога Месца да вакзала, ад вакзала да Гелянова. Да гэтага паміж трыма цэнтрамі былі пустыя прасторы недзе па 3 кіламетры. Зараз і не скажаш, што калісьці замест суцэльнага горада былі выспачкі.

А цяпер мы накіроўваемся ў вёску.  Маладзечна атрымаў статус горада ў 1929 годзе і паглыныў вёскі, якія былі побач. У тым ліку і Бухаўшчыну. Размовы аб тым, што прыватныя дамы знясуць і ўзвядуць новы мікрараён, ідуць пастаянна ўжо шмат год, але да цяперашняга часу пабудавалі толькі адзін новы дом. Так што калі Асмалоўка – райцентр у цэнтры сталіцы, то Бухаўшчына – вёска ў цэнтры райцэнтра.

Мы набліжаемся да вялікага прыватнага сектара і амаль што першае, што кідаецца ў вочы – брукаванка. Сёння не ў кожным вялікім гістарычным цэнтры пабачыш арыгінальную каменную дарогу.

-29

— Вёска называецца па рэчцы, на якой стаіць, — Бухаўцы. Рэчка зараз зусім невялічкая, нават сезонная і ў асноўным у трубах ляжыць, але каля аўтавакзала трошкі выходзіць на паверхню. І нават нарабіла праблем пры будаўніцтве палаца культуры: цячэ можа і не роўна пад ім, але вельмі блізка, і з-за гэтага там зыбкая зямля. І азёры ў парку сталі магчымыя як раз дзякуючы гэтай Бухаўцы.

Яна блізка ад вакзала, і таму тут сяліліся розныя працоўныя-чыгуначнікі. Але ў той час гэта была вельмі прэстыжная і прыбытковая прафесія, таму мы яшчэ пабачым багатыя дамы: вялікія і цагляныя. Ёсць тут і адзін невялікі польскі дом у стылі функцыяналізму. На ім вісіць шыльда, што пабудаваў яго Аляксандр Дударэнка, які загінуў у Вялікую Айчынную. Зараз гавораць, што дом прыдбаў нейкі мастак і выкарыстоўвае яго як лецішча.

— Закончым мы нашу прагулку ў раёне вакзалаў. Непасрэдна каля аўтавакзала стаціь будынак, у якім зараз размяшчаецца падатковая інспекцыя. Пабудаваны ён у 1927 годзе як адміністратыўны цэнтр кіравання паветам – Маладзечанскае староства. Потым на нейкі час тут размясцілі цэнтр дзіцячай творчасці. Зараз будынак адрамантавалі, але ў цэлым першапачатковы выгляд захаваўся.

-33

— А калі завярнуць за гэтым домам направа, можна паглядзець на элітнае, як бы сказалі зараз, жыллё. Гэта дом аўтарства архітэктара Юліяна Лісецкага, які ўдзельнічаў у тым ліку ў аднаўленні Брэста пасля Першай сусветнай вайны. Прызначалася жыллё для сем'яў афіцэраў Корпуса Аховы Памежжа і службоўцаў Маладзечанскай гміны. Па плане тут 14 камфартабельных кватэр, у кожнай прадугледжваліся памяшканні для прыслугі і ўласнае каміннае ацяпленне. Будынак адносіцца да закапанскага стылю, моднага ў часы праэктавання, але мала ацалеўшага да нашага часу.

-34

Часам наша атачэнне становіцца настолькі звыклым і паўсядзённым, што вока нават не фіксуецца на гэтых рэчах. Але часта дастаткова ўсяго толькі спыніцца, угледзецца і задаць пытанне, як у той жа момант паўстане ўся схаваная гістарычнасць і зацягне гледача ў бездань мінулага.

Хотите знать все о путешествиях по Беларуси, подписывайтесь на канал planetabelarus.by в Яндекс Дзен