Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны дабіваецца стварэння ў дзіцячых садках Гомля беларускамоўных груп. У горадзе з насельніцтвам амаль 500 тысяч чалавек створана адна беларускамоўная група ў дзіцячым садку. Дзяцей туды набіраюць адзін раз на чатыры гады.
Ці сапраўды бацькі не хочуць
Адміністрацыі садкоў сцвярджаюць, што арганізаваць беларускамоўныя групы немагчыма: няма метадычнай літаратуры, выхавацелі не валодаюць беларускай мовай. Галоўны ж аргумент — 100% бацькоў хочуць, каб дзяцей выхоўвалі на рускай мове.
ТБМ правёў адкрыты бацькоўскі сход. На мерапрыемстве абмеркавалі сітуацыю з беларускамоўнай адукацыяй у Гомлі, прэзентавалі вынікі маніторынгу садкоў.
Агульная выснова паўтарагадовага маніторынгу сытуацыі ў садках такая, што недзе зніклі 15% бацькоў, якія былі не супраць навучання дзяцей на беларускай мове. Сёлета з адказаў адміністрацыі садкоў вынікае, што 100% бацькоў выказаліся за навучанне дзяцей на рускай мове.
«Ці за паўтара года адбылася нейкая катастрофа, ці садкі проста хлусяць нам», — зазначае сябра ТБМ Яўген Якавенка.
Паўтара года таму ТБМ напісала звароты ва ўсе 116 дзіцячых садкоў Гомля. Адміністрацыі прасілі паведаміць: ці магчыма арганізаваць беларускамоўныя групы, ці ёсць бацькі, якія не супраць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску. Адказы былі разнастайныя. Большасьць спасылаліся, што выхавацелі не валодаюць беларускай мовай, у садку няма метадычнай літаратуры.
Апытанне бацькоў дало такі вынік: ад 8 да 20% бацькоў не былі супраць беларускай мовы. У сярэднім актывісты ТБМ падлічылі, што 15% бацькоў — за беларускую мову.
Сёлета ТБМ накіравала запыты ў 97 садкоў. У кіраўніцтва ўстаноў пыталіся: ці мае дзіцячы садок магчымасьць прадставіць беларускамоўную адукацыю, ці звяртаўся да іх хто-небудзь з бацькоў, ці праводзілі садкі тлумачальную працу сярод бацькоў аб магчымасці навучання на беларускай мове?
«Мінулы раз, паўтара года таму, адміністрацыі садкоў наогул не разумелі: што мы хочам. І калі мы пасля запытаў тэлефанавалі ў садкі, загадчыцы казалі: «Божа, што вы хочаце ад нас?», — заўважыла старшыня гарадзкой арганізацыі ТБМ Алеся Аўласевіч.
2/3 адказаў з садкоў былі на беларускай мове
Сёлета на 97 зваротаў было атрымана 74 адказы — 3/4. З гэтых 74 адказаў 2/3 адказалі па-беларуску, 1/3 — на рускай мове. Гэта парушае закон аб зваротах грамадзян.
З усіх адказаў 3/4 прыйшлі пад капірку, абсалютна аднолькавыя.
Каб не прапусціць новыя артыкулы і даследаванні — падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне!
«Стандартныя балванкі. Відавочна, нехта іх разаслаў у садкі, а там часам нават не парупіліся, каб уставіць нумар садку, ці назву адміністрацыі раёну, куды мы можам абскардзіць адказ. Замест нумару садку ці назвы адміністрацыі раёна — проста прагалы», — патлумачыў Яўген Якавенка.
Калі сябры ТБМ сталі аналізаваць адказы, то прыйшлі да такой высновы: адказы, атрыманыя да 12 кастрычніка, былі не «балванкамі», іх пісалі самастойна адміністрацыі. «Усе яны былі розныя і цікавыя», — заўважыў сябра ТБМ.
З 12 па 15 кастрычніка ў ТБМ з садкоў прыйшла «стандартная балванка» — ідэнтычныя адказы ў выглядзе спасылак на заканадаўчыя акты.
«Мы пытаемся: у вас ёсць магчымасьць адукацыі на беларускай мове? А яны адказваюць — у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. З гэтых стандартных „балванак“ тры былі па-беларуску, 12 — на рускай мове», — дадаў Яўген Якавенка.
Пасля 15 кастрычніка адміністрацыі садкоў «апамяталіся» і пачалі збольшага адказваць па-беларуску. Прынамсі, 3/4 адказаў пасьля 15 кастрычніка прыйшлі на беларускай мове.
Чым «адбіваліся» садкі ад беларускай мовы
Паводле Яўгена Якавенкі, пераважная большасьць загадчыкаў садкоў спасылалася на нежаданне бацькоў, каб дзеці навучаліся на беларускай мове.
«Нібыта яны праводзілі апытанне, і 100% выказаліся за рускую мову. Дзіка, бо паўтара года таму 15% мелі жаданне вучыцца па-беларуску», — здзіўляецца сябра ТБМ.
Іншыя аргументы — няма выхавацеляў, якія валодаюць беларускай мовай, няма метадычнай літаратуры, няма памяшкання.
«Быў такі адказ, што ў садку ёсць і метадычная літаратура, і сцэнары святаў, і выхавацелі, якія валодаюць беларускай мовай, але няма жадаючых сярод бацькоў», — заўважыла Алеся Аўласевіч.
З садку № 34 Чыгуначнага раёну адказалі, што, паводле Кодэксу аб адукацыі (не спасылаючыся на канкрэтны артыкул) для стварэння беларускамоўнай групы патрэбна не менш за 20 чалавек.
«Гэта стопрацэнтная хлусня. Нідзе ў кодэксе аб адукацыі няма такой нормы. Гэта міф»,— кажа Яўген Якавенка.
Працяг матэрыяла чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.