» МУС 2 сакавіка прыняло рашэнне аб прызнанні «Вейшнорыі» «экстрэмісцкім фармаваннем», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». Як сцвярджаецца ў МУС, да праекту «Viejšnoryja | Вейшнорыя» мае дачыненне палітвязень Алег Ларычаў. Пра яго затрыманне стала вядома напачатку года. Алег — арт-менеджэр, арганізатар фестывалю Urban Myths, грамадскі дзеяч і стрыт-арт-мастак. «Вейшнорыя» — віртуальная дзяржава, якая з’явілася як элемент легенды сумесных стратэгічных вучэнняў «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі і выклікала шырокі, пераважна жартоўны, розгалас у інтэрнэце. Паводле сцэнарыя вучэнняў, выдуманая краіна ахоплівала большую частку Гродзенскай вобласці, а таксама паўночна-заходнія раёны Мінскай і Віцебскай абласцей.