Найти в Дзене

У Навагрудку адбудзецца святкаванне 400-годдзя касцёла св. Арханёла Міхала

28 і 29 верасня, напярэдадні і ва ўрачыстасць святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, адбудзецца святкаванне юбілею 400-годдзя касцёла святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія).

У першы дзень святкаванне распачнецца супольнай малітвай і Навагрудскімі гістарычнымі чытаннямі. У другой палове дня будуць падведзены вынікі конкурса малюнка і анлайн-віктарыны для школьнікаў, пасля чаго адбудзецца выступ дзяцей і дарослых з Навагрудка, вечарына арганнай музыкі. Завершыцца праграма першага дня містэрыяй «Дамінікане Навагрудка».

Другі дзень збярэ вернікаў на ўрачыстую святую Імшу і прыём з уручэннем памятнага знака «400 гадоў касцёлу Міхала Арханёла».

Праграма

28 верасня, субота10.00 – даклад пра гісторыю касцёла і дамініканаў у Навагрудку12.00 – святая Імша14.00 – падвядзенне вынікаў конкурсу і віктарыны18.00 – вечарына арганнай музыкі20.30 – містэрыя «Дамінікане Навагрудка»29 верасня, нядзеля10.00 – святая Імша12.00 – урачыстая святая Імша з Эўхарыстычнай працэсіяй14.00 – урачысты прыём і ўручэнне памятнага знаку16.00 – вечарына духоўнай і класічнай музыкі18.00 – святая Імша падзякі

Пробашч навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала ксёндз Юрый Жэгарын ад імя парафіянаў шчыра запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел у святкаванні.

Да святкавання юбілею ўнікальнай навагрудскай святыні праводзілася вялікая падрыхтоўка: была ўрачыста адкрыта для наведвальнікаў крыпта святога Дамініка і біскупа Віта, адрэстаўраваныя капліцы ў Несутычах, Мількавічах, на старых могілках у Навагрудку і ў Гарадзечне.

Намаганнямі сяброў парафіі была зроблена копія «Келіха Ядзвігі», які быў знойдзены ў Навагрудку пры раскопках замкавага ўзвышша і вывезены ў музей Эрмітажа. Адбыліся сем вечарын класічнай арганна-інструментальнай музыкі ў межах фестываль Ars magna organi, а таксама арганізаваны выступ сімфанічнага аркестра з мастацкімі калектывамі на прыкасцёльным цвінтары.

На падставе ранейшых навукова-гістарычных даследаванняў была напісана рэпліка Замкавай Маці Божай з Навагрудка. Адбыўся пленэр вядомых беларускіх мастакоў, прысвечаны юбілею святыні, з прац якіх цяпер створана пастаянная экспазіцыя. Адноўлена і добраўпарадкавана прыкасцёльная плошча, усталявана калона святога Арханёла Міхала, зроблены касметычныя працы па аднаўленні фасаду і інтэр’еру касцёла. Рыхтуецца выданне юбілейнага фотаальбома, у межах Навагрудка і раёна адбываецца конкурс дзіцячага малюнка, а для старэйшых — анлайн-віктарына ведаў на тэму святыні.

Таксама і пасля заканчэння святкавання, да канца 2024 года будуць адбывацца мерапрыемствы з нагоды юбілейнай даты.