Першы раз я, вясковае дзіця, убачыла сапраўдны горад ва ўзросце дзевяці гадоў. Да гэтага была малечай, таму ў Салігорск мяне ніхто не вазіў. І вось цяпер, да 65-гадовага юбілею горада, з якім я разам расла, напісала свае адчуванні ў замалёўках.
Замалёўка першая
Мне шэсць гадкоў. Ля нашага двара па вечарах збіраецца гурт вяскоўцаў. Гэта сябры маіх родных, суседзі. І размовы вядуць надта цікавыя, пра Салігорск, пра шахту… Што тычыцца горада, я разумею. Бачыла на малюнках у кніжках тыя гарады, хаця паглядзець на Салігорск вельмі хочацца. А вось што такое шахта — уцяміць ніяк не магу. Раз-пораз пытаюся: «Што гэта такое — шахта?» На мае пытанні суседзі ўсміхаюцца: «Падрасцеш — зразумееш!»
Замалёўка другая
Я ў другім класе Радкаўскай пачатковай школы. За нашым агародам пачынаецца будаўніцтва Другога калійнага камбіната — так мне сказаў тата. Што гэта значыць, я не разумею. Мяне болей уражвае другое: шматлікая тэхніка. Яна дзень і ноч працуе за агародамі. Уздоўж дарогі, што бяжыць да вёскі са Слуцка, стаяць нейкія хаткі, як мне здавалася. Татка патлумачыў, што гэта бытоўкі і вагончыкі. Пра вагончыкі я зразумела, бачыла ў кніжках, але што гэта за цуд — бытоўкі? Ніяк не магла асэнсаваць, колькі татка ні расказваў. А ўжо калі пачалі размяшчаць капры, майму здзіўленню не было канца. З роднай сядзібы гэта было добра бачна, і я сачыла, як іх чаплялі высачэнныя краны і ўсталёўвалі на месца. Пасля я кожную раніцу бегала на агарод, каб падзівіцца на тыя капры, на агні, што там гарэлі, на людзей, якія падымаліся наверх, на машыны, што снавалі пад капрамі.
Замалёўка трэцяя
Мне дзевяць гадкоў. З вечара матуля сказала, што мы паедзем у Салігорск, каб прыдбаць тканіны на школьную сукеначку. Я так хвалявалася, што мама паедзе без мяне (бо дагэтуль адна і ездзіла альбо з татам), што амаль не спала ноччу.
І вось ужо раніца. Я шпарка саскокваю з ложка і імчу да рукамыйніка, каб апаласнуць твар і вочкі пасля цяжкай ночы. У трапяткім чаканні снедаю, хуценька глытаючы гарачыя камякі з кіслым агурком, затым бягу да люстэрка, што вісіць на сцяне. Побач з ім ужо чакае матуля з грэбнем і каляровымі стужкамі ў руках. Праз некалькі хвілін у мяне заплецены дзве коскі і прыгожа завязаны банты. А калі апранула прыгожую сукеначку з белага ў кветачкі паркалю ды абула новыя басаножкі, ад шчасця захапіла дух: я ж мо ў сапраўдны горад еду! Праз хвілін колькі мы з мамай ідзём палявой сцяжынкай на дарогу да аўтобуснага прыпынку. Там чакаюць людзі, сярод якіх шмат мужчын. Пра іх неяк дзіўна кажуць — «шахцёры». Хто гэта такія, я не ведаю, але на ўсялякі выпадак хаваюся за маміну спадніцу… Неўзабаве пад’язджае вялікі аўтобус, той самы ЛАЗ, і людзі пачынаюць заходзіць у дзверы. Я ўскочыла самая першая і адразу ж села на пярэдняе месца, каб падчас паездкі пазіраць у шырокае акно. Так хацелася хутчэй убачыць той Салігорск!
Замалёўка чацвёртая
Аўтобус імчыць па дарозе. За акном праносяцца вёскі, палеткі, прыдарожныя дрэвы. А вось ужо нейкія будынкі і… Няўжо капры? Так-так, капры! Таксама тры, як і ў нас у Радкаве. Дзіву даюся, а матуля і кажа: «Гэта Першы калійны, а ля нашай вёскі — Другі…»
Замалёўка пятая
Першая сустрэча з Салігорскам. Уражваюць доўгая асфальтаваная гарадская вуліца і прыгожыя дамы з вялікімі вокнамі. І вось прыпынак. Мы выходзім з аўтобуса і накіроўваемся да вялікага магазіна на вуліцы Ленінскага камсамола. Мама кажа: «Першы ўнівермаг». Дзіўныя вітрыны, раскладзеныя тавары. Маладыя жанчыны ў белым за прылаўкамі. І чэргі пакупнікоў. «На гэтым паверсе — прадукты», — тлумачыць матуля. Яна бярэ мяне за руку і вядзе на другі паверх. Упершыню падымаюся па лесвіцы. Цуд! А там, на другім паверсе… Нават разгубілася: такіх вітрын, такіх тавараў я яшчэ не бачыла ніколі. Колькі ўсяго — вочы разбягаюцца! Ідзём за тканінай на сукенку. Пасля зноў спускаемся на першы паверх. І мама купляе мне марожанае! Тады я першы раз у жыцці яго паспрабавала. Вяртаемся на прыпынак, а вось ужо і аўтобус… Пераступіўшы парог роднай хаты, знясілена падаю на ложак. Перад вачыма мільгаюць карцінкі Салігорска: вуліцы, аўтобусы, прыгожы магазін, будынкі з лупатымі вокнамі…
Замалёўка шостая
Мне — дванаццаць. Прыгожая летняя раніца. Упершыню мяне матуля адпраўляе самостойна ў Салігорск, даручае купіць мыла і хлеба. Бягу знаёмай сцяжынкай да аўтобуснага прыпынку. У чаканні аўтобуса стаяць шахцёры, вяскоўцы, жанчыны, што працуюць на камбінаце. Я ледзьве ўціскаюся ў салон ЛАЗа: людзей шмат, а аўтобус невялікі. Горад я ўжо крыху ведаю, бо ездзіла з бацькамі. Спачатку накіроўваюся ў новы магазін з прыгожай назвай «Ландыш», каб падзівіцца на прыгожыя каралі і брошкі, а ўжо потым іду па хлеб.
Замалёўка сёмая
Са сваімі аднакласнікамі едзем у школу №3 Салігорска для ўдзелу ў раённай алімпіядзе па біялогіі. Будаўніцтва новай вуліцы ў Салігорску ў разгары. Будучая вуліца Леніна. Пакуль ідзём да школы, назіраем, як капаюць катлаваны пад дамы. А яшчэ бачым, як да новых дамоў пад’язджаюць бартавыя машыны з навасёламі. На грузавіках сярод рознай мэблі выдзяляюцца высокія жоўтыя шафы з вялікімі люстрамі — іх прытрымліваюць мужчыны. З боку выглядаюць фікусы з шырокім лапушыстым лісцем. Як прыемна адзначаць наваселле!.. Вяртаемся дахаты. Настрой у мяне не вельмі добры: алімпіяду не выйграла.
Замалёўка восьмая
Мне чатырнаццаць гадоў. Са сваімі аднакласнікамі едзем у камітэт камсамола, дзе нас урачыста прымаюць у камсамол. Ад хвалявання дрыжаць калені: «Хаця б прынялі…» Прынялі! На блузках ззяюць значкі. Шчаслівыя, бяжым на аўтобус, па дарозе купіўшы марожанае.
Замалёўка дзявятая
Я ўжо студэнтка медыцынскага вучылішча.Кожную суботу прыязджаю дамоў. А ў Салігорску ў гэты час адкрыліся дзве танцпляцоўкі, дзе граюць сапраўдныя музыкі, гучыць жывая музыка. І як бы цяжка ні працавала вясковая моладзь, вечарам збіраемся гуртам і спяшаемся на аўтобус. А як жа, патрэбна і патаньчыць!
Замалёўка дзясятая
Нас, маладых вяскоўцаў, прываблівае сваёй прыгажосцю кінатэатр «Салігорск». Сочым за афішай і часцяком наведваемся, каб паглядзець цікавы кінафільм. Білеты купіць цяжка, трэба спачатку адстаяць у чарзе. Бываюць моманты, калі тых білетаў няма. Гэта засмучае, але не надоўга: дружна ідзём гуляць па прыгожых вуліцах горада.
Замалёўка адзінаццатая
Ужо з дыпломам медыка ўладкоўваюся на працу ў Салігорскую раённую бальніцу.
Замалёўка дванаццатая
Замужам. Гадуецца маленькі сынок. Муж працуе ў аб’яднанні «Белкалій» інжынерам-электронікам. Ад працы яму выдзяляюць часовае жыллё ў інтэрнаце на вул Л. Камсамола, 31. Мы — сапраўдныя гараджане!.. Дзетак ужо двое. Ходзяць у дзіцячы садок №9. Адвячоркам, калі забіраем іх, з задавальненнем усёй сям’ёй гуляем па вуліцах горада.
Замалёўка трынаццатая
Расце вуліца Набярэжная. Між ёй і вадасховішчам высаджваюць малады бярозавы гай. Разам з маладым беразаком падрастаюць і мае дзеткі.
Замалёўка чатырнаццатая
Лодачная станцыя на вадасховішчы. Дзеці пастаянна просяць, каб мы арэндавалі лодку і паказалі ім родны горад здаля. І вось аднойчы іх мара здзяйсняецца. Прыгожым летнім дзяньком ідзём усёй сям’ёй на станцыю, бяром напракат лодку і пад радасныя воклічы дзяцей адплываем ад берага. Чым далей адплываем, тым больш прыгожым здаецца родны горад. Быццам адкрываецца нам з іншага боку. Віднеюцца капры Першага і Трэцяга калійных камбінатаў, ружовыя тэрыконы. Нават можна заўважыць капры Чацвёртага калійнага камбіната.
Замалёўка пятнаццатая
Малады горад сочыць за ўзвядзеннем высокага будынка кіравання «Беларуськалія». І вось нарэшце фініш. Муж з захапленнем расказвае пра новы цэнтр па кіраванні дзейнасцю ўсяго аб’яднання (назва — «АСУП»), пра новую вылічальную машыну, на якой будзе працаваць.
Замалёўка шаснаццатая
Горад расце. 1986 год. Будуецца новы мікрараён. Наш! Бо падыходзіць чарга на атрыманне кватэры на вуліцы Кастрычніцкай. Аўтобус да нашага дома яшчэ не ходзіць, навокал — будаўнічае бездарожжа. Аднак дабіраемся. Падымаемся на родны пяты паверх па лесвіцы (ліфт яшчэ не працуе). Дзеці радасна носяцца па пустой, але такой жаданай кватэры. Нашай!
Замалёўка сямнаццатая
Школа №10 стала роднай для дваіх маіх дзяцей. Вучацца выдатна, бо тут працуюць граматныя настаўнікі. Паступова і наш раён забудоўваецца, растуць дзевяціпавярховыя дамы. Можна заўважыць, як радуюцца навасёлы: з адчыненых вокнаў гучаць прыгожыя песні і танцавальная музыка. Горад расце і прыгажэе на вачах. Наш горад. Малады і самы родны.
Замалёўка васямнаццатая
Растуць новыя мікрараёны, сучасныя, камфортныя, прыгожыя. Горад шырокай стужкай цягнецца да вёскі Іздрашава. Разам з Салігорскам выраслі і мае дзеці. Вось ужо сын-праграміст вяртаецца на працу ў аб’яднанне «Белкалій». Вучыцца на інжынера-тэхнолага і дачушка.
Замалёўка дзевятнаццатая
За 65 год гарадок з будынкамі барачнага тыпу ў абрамленні малахітавых лясоў ператварыўся ў сучасны горад з прыгожымі вуліцамі і праспектамі, высокімі і прыгожымі дамамі, з сучаснай інфраструктурай. Гэта наш Салігорск…
Замалёўка дваццатая
І вось я, равесніца горада, уступіла ў сваю жыццёвую восень. А ён, наадварот, у самым росквіце. Я жадаю майму Салігорску і яго жыхарам мірнага неба, яснага сонейка і дабрабыту. У кожны дом, кожную кватэру. Моцнага здароўя ўсім, хто працуе на карысць роднага горада і роднай краіны ў гарадскіх структурах і шахце, на абагачальных фабрыках, заводах, прадпрыемствах лёгкай прамысловасці. Жадаю дабра тым, хто стаіць на варце здароўя жыхароў горада і раёна, хто беражэ спакой на нашых вуліцах, хто па першаму званку спяшаецца на дапамогу. Нізкі паклон, тым, хто забяспечвае нас хлебам паўсядзённым і тым, што да хлеба. Вялікі дзякуй тым, хто асвятляе ў перыёдыцы і на экранах розныя моманты жыцця горада і хто робіць прыгожымі нашых жанчын і мужчын у салонах. Вітаю тых, хто любіць свой горад, зберагае яго чысціню і прыгажосць, тых, хто забяспечвае ўтульнасць у кватэрах цяплом і святлом, а асабліва тых, хто яго будуе. Дзякуй усім, хто штодзённа працуе на малых і вялікіх прадпрыемствах горада. З юбілеем, Салігорск!
Аўтар: Валянціна Бабко-Аляшкевіч, пісьменніца, член Беларускага літаратурнага саюза «Полоцкая ветвь»