Храмы лічацца асаблівым месцам прысутнасці Бога, інакш кажучы – ягоным домам. З гэтага пункту гледжання Шчучынскаму краю моцна пашанцавала. На тэрыторыі раёна знаходзіцца шмат святынь і большасць з іх з’яўляюцца гістарычнымі помнікамі. Самы стары – царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы, у магутных сценах якой на працягу амаль 500 год людзі шануюць Бога.
Нядаўна ў гэтым храме змяніўся настаяцель, на службу ў Мураванку быў накіраваны іерэй Алег Засім. Мы вырашылі пазнаёміцца са святаром і пагутарыць з ім аб перспектывах развіцця царквы, яе галоўных рэліквіях і, вядома, аб асобе новага настаяцеля.
Сярод рэліквій храма асобнае ганаровае месца займае цудадзейны абраз Маці Божай Ваўчынкоўскай, які мае складаную гісторыю.
– Высока ўшанаваны намі абраз Маці Божай Ваўчынкоўскай, ёй мы спяваем песні, ёй узносім малітвы, – кажа айцец Алег. – Молімся ёй, калі ў смутку, просім аб вылячэнні ад цяжкіх хвароб, разумеем, што Бог вылечвае пры заступніцтве Маці Божай. Па веры нашай аддасца нам: многія людзі сапраўды атрымалі вылячэнне ад хвароб.
З гісторыі мураванкаўскага храма вядома, што з 1863 года па 1926 год тут служыў протаіерэй Леў Савіцкі. Менавіта ён запісаў шмат сведчанняў аб цудатворнай сіле абраза.
Гісторыя гэтай іконы звязана з вёскай Ваўчынкі, якая знаходзілася недалёка ад Мураванкі. Калісьці там была капліца, у якой і знаходзіўся абраз. На жаль, святыня згарэла, і людзі думалі, што цудадзейная рэліквія была назаўсёды страчана. Аднак абраз знайшоўся ў мясцовага памешчыка і быў перанесены неабыякавымі прыхаджанамі ў храм Раства Прасвятой Багародзіцы. Ікона знаходзілася тут да 1915 года. У часы Першай сусветнай вайны каштоўнасці і царкоўныя рэчы з храма эвакуіравалі ў тыл, у Падмаскоўе. Пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны амаль усё, што было вывезена туды, назад не вярнулася.
– Магчыма, абраз і дагэтуль знаходзіцца ў якіх-небудзь запасніках, і мы верым, што рэліквія калі-небудзь вернецца да нас. А сёння ў храме знаходзіцца спіс, ён таксама стаў цудатворным. Некаторыя людзі дзякуюць за вылечванне каштоўнасцямі. Так, на іконе вісіць падвеска з пярсцёнкамі і ланцужкамі, – адзначае Алег Засім.
Як прызнаецца айцец Алег, ён прайшоў доўгі шлях да святарства. Сам ён паходзіць з Кобрына Брэсцкай вобласці. У шаснаццацігадовым узросце Алег Засім паступіў у Вольскае вайсковае вучылішча, якое скончыў у 1991 годзе і па размеркаванні аказаўся ў Латвіі. Потым будучы святар служыў у Оршы, Ляхавічах, Гродне, агулам аддаўшы войску 15 гадоў. Пасля чаго нейкі час шукаў сябе:
– Пасля службы ў войску я некаторы час гандляваў на рынку, займаўся будаўніцтвам. Але зразумеў, што ўсё гэта пустое, і воляй выпадку стаў панамаром. Прыслужваў пяць гадоў у царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Мількаўшчыне, адкуль быў накіраваны ў Гродзенскі кафедральны сабор. Там спачатку прыняў сан дыякана, а праз нейкі час быў рукапаложаны на святара, якім з’яўляюся ўжо трэці год. Я шчыра зачараваны мураванкаўскім храмам, тут прысутнічае вялікая Боская ласка. Стагоддзі гісторыі царквы не прайшлі дарэмна, тысячы і тысячы людзей маліліся ў гэтых сценах, шмат святароў дбалі пра гэтую царкву, таму месца тут намоленае.
Распачатая ў мінулым годзе рэстаўрацыя ніяк не перашкодзіла выкарыстоўваць храм прыхаджанам, службы ў ім працягваюцца. Падчас абнаўлення фасадаў царквы некаторыя разбітыя пяцісотгадовыя цаглінкі замяняліся. Выкідваць такія каштоўныя з гістарычнага пункту гледжання прадметы было б няправільна. Таму ўзнікла добрая ідэя – нарэзаць гэтыя цаглінкі і рэалізоўваць іх у якасці сувеніраў. Дзякуючы рэстаўратарам знешні выгляд царквы значна палепшыўся, аднак унутры храма застаецца шмат нявырашаных пытанняў. Справа ў тым, што ў інтэр’еры царквы выкарыстана шмат элементаў з сучасных будаўнічых матэрыялаў, таму іх трэба замяніць на аўтэнтычныя з вапны. Гэта дапаможа вярнуць першапачатковы выгляд калонам і сценам храма. Ужо вядома, што рэстаўрацыя інтэр’ера царквы Раства Прасвятой Багародзіцы пройдзе сёлета. Такім чынам, у 2024 годзе храм прыгожым і абноўленым сустрэне пяцісотгадовы юбілей.
Унутры царквы ўсё нагадвае пра яе амаль пяцісотгадовую гісторыю. Наведвальнікі тут маюць магчымасць пазнаёміцца з невялічкай музейнай экспазіцыяй. На спецыяльных стэндах пад шклом размяшчаюцца розныя гістарычныя экспанаты. Ёсць тут гарматныя ядры, якімі шведскія войскі абстрэльвалі царкву падчас Паўночнай вайны. Вельмі важнай і цікавай рэліквіяй з’яўляецца старое напрастольнае Евангелле, якому ўжо больш за сто гадоў. Цікава паглядзець на кавалкі старажытнай тынкоўкі, керамікі і цэглы, што захавала на сабе адбіткі пальцаў майстроў-будаўнікоў.
Улічваючы абарончы характар царквы, будынак мае безліч таемных хадоў і тунэляў. Маецца тут падзямелле прыкладна на пятнаццаць метраў, падчас раскопак там былі знойдзены надмагіллі і косткі з чарапамі. Варта адзначыць, што гэтая частка мураванкаўскай царквы ўсё яшчэ даследуецца археолагамі і гісторыкамі. Час ад часу яны наведваюць падзямелле і, хто ведае, магчыма, яны знойдуць там яшчэ шмат цікавостак.
Акрамя падзямелля, тунэлі маюцца і ў тоўстых абарончых сценах храма. На жаль, яны былі замураваныя падчас рамонту ў XIX стагоддзі, аднак іх не заклалі цалкам.
Унікальнасці інтэр’еру царквы ў Мураванцы дадаюць незвычайныя скляпенні, якія называюць “Каралеўскай ліліяй”. Такое архітэктурнае рашэнне было распаўсюджана ў сярэднявечнай Францыі, там і дагэтуль можна сустрэць падобныя скляпенні ў гатычных храмах. Таму цалкам магчыма, што беларускім дойлідам пры ўзвядзенні царквы-крэпасці ў Мураванцы дапамагалі майстры з Заходняй Еўропы. Дарэчы, абрысы “Каралеўскай ліліі” сталі брэндавым лагатыпам храма.
А яшчэ ў мураванкаўскай царкве плануюць зрабіць асобны музейны пакой. На думку айца Алега, для старажытных экспанатаў ідэальна падыдзе паддашша царквы:
– На паддашшы працавалі рэстаўратары, там шмат чаго ўжо зроблена. Напрыклад, былі ачышчаны і ўмацаваны старыя балкі. Цалкам або часткова на тым узроўні плануецца ўзвядзенне падлогі. Такім чынам, на верхнім ярусе можна будзе размясціць экспанаты, якія ў нас ужо ёсць і якія мы знойдзем у будучым. Гэта будзе вельмі цікавая экспазіцыя.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота і аўтара.