30 лістапада 1939 г. СССР напаў на Фінляндыю, якая паводле пагаднення паміж Сталінам і Гітлерам была аднесеная да савецкае сферы ўплыву. За папярэднія месяцы СССР здзейсніў анексію Заходняй Беларусі і Заходняй Ўкраіны, а таксама пачаў падрыхтоўку вайсковай акупацыі і анексіі краінаў Балтыі. У наступным годзе СССР таксама анексіраваў частку тэрыторыі Румыніі.
На памежнай з Фінляндыяй тэрыторыі бальшавікамі быў утвораны марыянеткавы фінскі савецкі ўрад, які абвесціў сябе законнай уладай і падтрымкай якога матывавалася савецкая ўзброеная агрэсія.
Савецка-фінская вайна працягнулася да сакавіка 1940 г. і скончылася захопам СССР часткі тэрыторыі Фінляндыі, у тым ліку гарадоў Выбарг і Сортавала. Дзякуючы гераічнай барацьбе фінскіх войскаў на чале з маршалам Густавам Манэргаймам, Фінляндыя засталася адзінай краінай у нашым рэгіёне, якая здолела абараніць сябе і на працягу Другой Сусветнай Вайны пазбегнуць і савецкай, і нацысцкай акупацыі.
СССР за вайсковую агрэсію супраць Фінляндыі быў выключаны з Лігі Нацыяў, арганізацыі-папярэдніка ААН.