Каменны крыж, узрост якога можа дасягаць сотнi гадоў, захоўваецца ў Парыцкай царкве Святой Раўнаапостальнай Марыі Магдаліны. Ён быў перададзены храму ў лютым 2008 года супрацоўнікамі Светлагорскага музея гісторыі горада і ўсталяваны справа ад алтара.
Каменны крыж на тэрыторыі Светлагорскага раёна быў выяўлены ў 1993 годзе пры ўдзеле аўтара гэтых радкоў. Пра знаходку на могілках вёскі Здудзічы паведаміў мне адзін з жыхароў горада Светлагорска. Летнім днём я разам з гісторыкам Тэльманам Маслюковым адправіўся ў гэтую вёску ў выведку. Каменны крыж быў знойдзены ва ўсходняй часцы вясковых могілак [1]. Мы паведамілі пра яго старэйшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Наталлі Дубіцкай і ў Светлагорскі музей гісторыі горада.
Для Светлагорскага раёна каменны крыж – унікальны гістарычны і культурны помнік. Кожны музей жадае мець такую знаходку для экспазіцыі, а хрысціянскі прыход – у якасці святыні.
“Гэтая знаходка датуецца не пазней за ХІV стагоддзе – канчатковы час прыняцця хрысціянства ў ніжнім цячэнні ракі Бярэзіны, – лічыць археолаг Наталля Дубіцкая, якая таксама пабывала на тых могілках. – Лепшага месца для яго, чым у музеі, няма” [1].
У 2004 годзе супрацоўнікі Светлагорскага музея гісторыі горада Людміла Грабко, Ірына Заяц і аўтар гэтых радкоў паехалі ў вёску Здудзічы, каб высветліць: ці можна перавезці каменны крыж у горад? Я правёў апытанне мясцовых жыхароў.
“Мне 75 год, – распавёў селянін Мікіта Пішчала, – крыж гэты даўно тут стаiць, быў яшчэ да мяне і майго дзеда. Ён стары, старадаўні. Яму мо гадоў 300-500” [1].
Іншая жыхарка Здудзічаў, Ганна Дрозд, паведаміла: “Мой дзед яшчэ выбіваў каменныя крыжы сваім бацькам на магілы. Цяпер так ужо не робяць” [1].
Жыхар вёскі Пятро Дрозд запэўніў, што на могілках, дзе цяпер стаяць каменныя крыжы, калісьці была капліца.
У верасні 2004 года старадаўні крыж быў адкапаны на могілках Здудзіч і перавезены ў Светлагорскі музей гісторыі горада. Знаходку было вырашана ўсталяваць ля ўвахода ў новы будынак музея. Але крыж там так і не быў уладкаваны, бо рэканструкцыя будынка зацягнулася на доўгія гады.
У 2008 годзе гісторыя з каменным крыжам ХІV стагоддзя знайшла нечаканы працяг. Настаяцель царквы Святой Раўнаапостальнай Марыі Магдаліны іерэй Зміцер (Шылянок) звярнуўся ў Светлагорскі музей гісторыі горада з прапановай перадаць каменны крыж у Парыцкі праваслаўны прыход. Музейныя супрацоўнікі ініцыятыву падтрымалі [2]. 8 лютага 2008 года старажытны артэфакт быў перавезены ў Парыцкую царкву Святой Раўнаапостальнай Марыі Магдаліны [3]. 9 сакавіка 2008 года ў праваслаўнае свята Даравальнай нядзелі каменны крыж быў усталяваны ў храме справа ад алтара [4].
Вышыня крыжа – каля 1,5 м. Верхняя частка нагадвае трыліснік. На пярэдняй паверхні маюцца 2 вертыкальныя і 2 гарызантальныя рысы, якія былі нанесены, верагодна, для разметкі пры апрацоўцы валуна. Унізе адзін бок больш масіўны: магчыма, гэта было зроблена, каб надаць крыжу ўстойлівасці на адхіле берага ці ўзвышша.
У ліпені 2008 г. з помнікам азнаёміўся прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін (Мінск). Ён лічыць, што крыж мае паходжанне больш старажытнае за ХІV ст. і неабходна яго далейшае вывучэнне [5].
Віктар Раманцоў.
Перадрук без згоды аўтара забаронены. Дазваляецца частковае цытаванне. Спасылка на аўтара і матэрыял пры цытаванні абавязковыя.
Крыніцы:
1. Романцов В. Христианская святыня в Здудичах? // Ранак-плюс. 2004. №39. С. 4.
2. Лешкевич Н. Древний каменный крест времен раннего христианства будет установлен в Паричском храме. Сайт Светлагорскага райвыканкама [Электронны рэсурс]. Доступ праз Iнтэрнэт: http://svetlogorsk.by/index.php?option=com_content&task=view&id=2543&Itemid=99999999. Дата доступу: 23.09.2010.
Светлик. Сайт Светлогорска [Электронны рэсурс]. Доступ праз Iнтэрнэт: https://svetlik.net/incidents/21-svetlogorsk-news/ranak/2543-drevnij-kamennyj-krest-vremen-rannego-khristianstva-budet-ustanovlen-v-parichskom-khrame.html Дата доступу: 19.01.2020.
3. Лазарева Л. Обретение креста // Светлагорскія навіны. 2008. 14 лютага. С. 2.
4. Романцов В. Ещё одна святыня Парич // Ранак-плюс. 2008. № 11. С. 3; Средневековый поклонный крест установлен в Гомельской области. Русская православная церковь. Архив официального сайта московского патриорхата [Электронный ресурс]. Доступ через Интернет: https://mospat.ru/archive/2008/03/40031/ Дата доступу: 19.01.2020.
5. Здудзіцкі каменны крыж. ВікіпедыЯ. Свабодная энцыклапедыя [Электронны рэсурс]. Доступ праз Iнтэрнэт: https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%97%D0%B4%D1%83%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%86%D0%BA%D1%96_%D0%BA%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D1%8B_%D0%BA%D1%80%D1%8B%D0%B6 Дата доступу: 19.01.2020.
Першакрыніца:
Віктар Раманцоў. Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. – С. 43 – 45.