Вёскі Галяшонкі, Караваі і Глінна, што ў Каранёўскім сельсавеце, знаходзяцца побач адна каля адной. Іх жыхары заўсёды жылі ў міры і згодзе. Як быццам якасці душэўнай адкрытасці і добрасуседства перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Відавочна, што сёння насельніцтва ў трох вёсках значна скарацілася, але ўзаемаадносіны паміж суседзямі засталіся такімі ж цёплымі і шчырымі.
У мінулую нядзелю на свята вёскі ў Караваі прыйшлі жыхары і Гляшонкаў, і Глінна. Супрацоўнікі Бялкоўшчынскага дома культуры падрыхтавалі для вяскоўцаў цікавую забаўляльную праграму, а самі жыхары паклапаціліся пра тое, каб арганізаваць выставы ўсяго таго, што стварае сялянскі быт. Саматканыя ручнікі і посцілкі, посуд, сялянскія прылады працы. У гаспадыні дома, побач з якім ладзілася свята, Лідзіі Чыжэўскай, нават захаваўся старадаўні калаўрот, які гаспадыня і сёння выкарыстоўвае. Дарэчы, сама жанчына – старэйшы жыхар вёскі Караваі. Сёлета ёй споўніцца 86 гадоў. Як самаму паважанаму жыхару і проста цудоўнай жанчыне Лідзіі Мікалаеўне ўручылі падарунак і пажадалі доўгіх гадоў жыцця.
На свяце не абышлі ўвагай бадай што ўсіх жыхароў вёсак. Сувенірамі ўзнагародзілі Валянціну Змуршчык, якая 49 гадоў аддала саўгасу, Ірыну Шафаловіч, якая амаль 20 гадоў адпрацавала даяркай. На сцэну запрашалі таксама сямейныя пары, якія шмат гадоў пражылі разам. 54 гады споўнілася сямейнаму саюзу Ганны і Міхаіла Чыжэўскіх. На свяце сямейная пара падзялілася сваімі сакрэтамі трываласці шлюбу.
Падчас урачыстасці былі таксама падведзены вынікі конкурсу па добраўпарадкаванні. Першае месца заняла сям’я Аляксандра і Алы Вішнеўскіх. Падарунак дбайным гаспадарам уручыла старшыня Каранёўскага сельсавета Святлана Гаспадарова. Дарэчы, Аляксандр Вішнеўскі з’яўляецца ўнучатым пляменнікам Вікторыі Сінкевіч – ураджэнкі вёскі Караваі, удзельніцы рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, якая за рэвалюцыйную дзейнасць была арыштавана і прысуджана да двух гадоў зняволення. Сваю дзейнасць Вікторыя працягвала і пасля выхаду с турмы. З-за складаных умоў жыцця Вікторыя захварэла на сухоты і памерла ва ўзросце 25 гадоў. Сваёй знакамітай зямлячкай сёння ганарыцца кожны жыхар Караваяў.
Не забыліся на свяце і пра сям’ю, для якой Караваі сталі другой радзімай. Каля 20 гадоў таму ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства пераехаў Мехак Сцепанян. Сёння ён жыве у Караваях разам з жонкай Ганнай і двума сынамі. Сям’я трымае фермерскую гаспадарку і займаецца вырабам сыроў. Напэўна, няма ў вёсцы таго чалавека, які б не каштаваў сыра ад Мехака, або прыгатаваны па ўнікальнаму рэцэпту кебаб. Мясцовыя жыхары жартуюць: каля 400 год таму ў Караваях працавала сырніца, і тое, што мужчына аказаўся менавіта ў Караваях – нездарма. Сырныя традыцыі продкаў працягваюцца.
Жаданымі гасцямі на свяце былі не толькі мясцовыя жыхары трох вёсак, але і іх дзеці, унукі і праўнукі. Яны хоць і не жывуць у вёсках, але сувязь з малой радзімай не губляюць.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.