МНС падвяло вынікі пашкоджанняў, якія прынесла ў Беларусь непагадзь 29 траўня.
Як паведамлялася, у сераду ў Беларусь прыйшлі залевы з навальніцамі і моцным парывістым ветрам да 13 метраў за секунду. Паводле звестак ратавальнікаў, у населеных пунктах былі паваленыя 11 дрэваў — шэсць у Мінску і пяць у Віцебскай вобласці. У выніку былі пашкоджаныя сем аўтамабіляў.
У Мінску па вуліцы Баграціёна, 51 вецер сарваў дах з будынка царквы "Гефсіманія", які належыць рэлігійнаму аб'яднанню хрысціян веры евангельскай.
У Мінску за гадзіну з 17:30 да 18:30 выпала 20 мм ападкаў пры сярэднямесячнай норме 65 мм — амаль траціна месячнай нормы. У выніку былі падтопленыя пяць участкаў дарог, 19 тралейбусных маршрутаў прыпынялі рух — у некаторых выпадках амаль на гадзіну.
У Валожынскім раёне дажджы размылі два ўчасткі асфальтавых дарог каля вёскі Першаі.