У сярэдзіне дзевяностых жыў у Гомелі адстаўны падпалкоўнік міліцыі — нестары яшчэ барбос з бездакорным паслужным спісам, прадстаўнічай постаццю і тварам, вартым начальніцкага даверу. Удзень былы мент працаваў у рэжымнай частцы завода «Крышталь», дзе пільнаваў, каб несвядомыя элементы не прыўлашчвалі штучныя дыяменты, што на тым «Крышталі» вырабляліся. Увечары падвышаў свой культурны ўзровень партызанскімі мемуарамі з завадской бібліятэкі. А па выходных натхнёна спяваў у самадзейным ветэранскім хоры.
I вось аднойчы рэжымнік заўважае, што на заводзе пачынаюць красці куды больш звычайнага. Паўсюдна панурая і пакорлівая галеча: зарплаты не плацяць, паўпразрыстыя бабулькі ў гастраномах сліняць ірваныя рублі… нават вулічныя гопнікі — і тыя пляскатыя, нібы выпілаваныя з дыкты!.. I толькі «крышталеўскае» начальства балюе, рыхтык д’яблы напярэдадні Страшнага Суда: шыкоўныя мерседэсы, трохпавярховыя катэджы, гламурныя дзеўкі…
Адстаўны падпалкоўнік настальгічна прыгадвае колішнія расстрэльныя артыкулы для раскрадальнікаў сацыялістычнай маёмасці: давялі краіну, Сталіна на вас няма!.. Але ж гнеўнае абурэнне спакваля трансфармуецца ў прафесійную цікаўнасць — а як жа тыя дыяменты раскрадаюць? Пільнуецца «Крышталь», нібы ракетная база: рота мянтоў, унутраная ахова, праца выключна ў казённых спяцоўках, татальнае распрананне супрацоўнікаў да змены і пасля… Дый рэжым па дзесяць разоў адсочвае рух каменьчыкаў нават усярэдзіне цэха!
Былы мент на колькі тыдняў закідвае чытанне і спевы, прафесійна прымае стойку лягавага сабакі. I спрактыкавана вынюхвае арганізаваную злачынную групіроўку абдзіршчыкаў і гранільшчыкаў; калі ўжо начальства такое бессаромнае, то пралетар і пагатоў не будзе спаць у шапку! У які спосаб крадзе начальства, ахоўніку нецікава: з тымі лепш не звязвацца, цалейшы будзеш. А вось гранілынчыкі з абдзіршчыкамі, аказваецца, дбайна ашчаджаюць сыравіну пры апрацоўцы, або замяняюць гатовыя дыяменты таннымі стразамі. Самі ж каменьчыкі рэгулярна выносяць ва ўласных анусах ці ў дуплах карыесных зубоў. Дыяменты на «Крышталі» не большыя за карат, так што цалкам прыдатныя для ўсіх адтулін чалавечага арганізма.
Рэжымнік прыціскае злачынцаў да сценкі, клацае зубным пратэзам і пырскае пафаснай слінай: ды я такой свалотай калісь цэлую зону ўкамплектаваў!.. за што вашы дзяды ваявалі?!. адшчапенцы без гонару і сумлення!.. Зараз вы ў мяне…
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў.
Ды заткніся ты, стары пёрд, адказваюць адшчапенцы. Ну, здасі нас у мянтуру, і што наўзамен? Ганаровая грамата да Дня прафсаюзаў і грашовая прэмія, якой нават на блок цыгарэт не хопіць. У нас і на адвакатаў, і на хабары бабла дастаткова, і адкупімся. Калі ж ты, дзядзька, не зусім ідыёт і не хочаш падохнуць сумленным жабраком, то давай лепш дамовімся: ты нам — бяспечны канал з завода, будзем дыяменты хоць кілаграмамі выносіць. А мы табе за тэта кожны чацвёрты скрадзены карат. Што скажаш?..
Хапальныя рэфлексы ў мянтоў, нават адстаўных, I увогуле развітыя звыш меры, а тут — бяры не хачу!..
Так складаецца дзіўная крымінальна-гаспадарчая адзінка: дзесяць рабацяг крадуць, рызыкуюць j маюць кожны патроху, а адзін лайдак бавіць час у патрыятычным чытанні і самадзейных спевах, але ж атрымлівае куды больш за астатніх. Па хуткім часе скарумпіраваны рэжымнік разбіраецца ў коштах на дыяменты не горш за менеджара «Дэ Бірса». Сумуе караты, пераводзіць іх у долары, долары — у шляхетныя лімузіны, даўганогіх прыгажунь, злітную нерухомасць ды іншыя раскошы, якія ён за сваё панурае саўкова-мянтоўскае жыццё ніколі не каштаваў, і вынікам той няхітрай арыфметыкі становіцца самакрытычнае: «і якім жа дурнем я быў раней!..»
Але ж дыяменты трэба неяк канверціраваць у наяўныя. Прадаваць каменьчыкі ў Беларусі адстаўны падпалкоўнік баіцца, бо надта добра ведае, як працуе тутэйшая міліцэйская агентура. Намысліваецца, напружваецца, падымае старыя мянтоўскія сувязі і, нарэшце, знаходзіць вельмі сімпатычнага скупшчыка ў Адэсе. Кандыдатура па тых жа сувязях асцярожна прасвечваецца на прадмет супрацоўніцтва з «органамі», і праз пэўны час высокія дамоўныя бакі дасягаюць кансэнсусу: сустрэцца ў Кіеве. Адэсіт згодны купіць «на спробу» тры дыяменты па адным караце кожны, прытым прапанаваныя кошты цалкам задавальняюць былога мянта.
Застаецца перавезці каменьчыкі праз беларуска-ўкраінскую мяжу. Калючыя драты, паласатыя шлагбаумы, зялёныя пагоны… развалілі краіну, панаставілі меж паміж народамі!
Звычайны кантрабандыст напэўна бы пайшоў найпрасцейшым шляхам: дыяменты ў кішэню, квіток у зубы і цягніком у Кіеў. Але ж наш адстаўнік— беларус, а, значыцца, прыхаваны партызан. А партызаны выдатна ведаюць, што шлях па прамой не заўсёды бывае самым кароткім. Трэба прыдумаць нешта іншае і, пажадана, мудрагелістае…
І тут у ветэранскім хоры абвяшчаюць: праз колькі тыдняў акурат ва Україну выпраўляецца прадстаўнічая дэлегацыя самадзейных калектываў ромельскай вобласці — дэманстраваць дасягненні і дзяліцца досведам. Што вельмі дарэчна, бо на мяжы артыстаў-аматараў напэўна будуць шманаць не так пільна, як звычайных пасажыраў.
Пачынаюцца шчыльныя рэпетыцыі зводнага канцэрта. Вытанчаны эстэт ад той самадзейнасці неадкладна атрымаў бы інсульт. Спрытны дакументаліст кінуўся б здымаць фільм пра этнаграфію цэнтральнаеўрапейскіх плямёнаў. Але ж артысты-аматары рэпетуюць са шчырым імпэтам і натхнёным энтузіязмам: замежныя гастролі, духоўныя здабыткі… не зганьбім нашу Сінявокую!
Калектыў вясковых цётак у псеўданародных строях сувора спявае «Баладу пра Хатынь», прытым у самы драматычны момант залу ахутвае ядучы сцэнічны дым. Артыст «народнага цырка» дэманструе дрэсіраваных пацукоў, адгадаваных да памераў чаў-чаў; запрэжаныя цугам грызуны паслухмяна цягнуць маштабаваны макет бульбакапалкі з дзяржаўным сцяжком. Дзяўчаты ў стройчыках памідораў і цыбулі танчаць харэаграфічную сюіту «Свята Дажынак», дзе падчас кульмінацыі апырскваюць апранутых пустазеллем хлопцаў уяўнымі пестыцыдамі. Не стае толькі «Полечкі-трасухі» пад акампанемент пральнай дошкі і пілы-двуручкі, але ж выдаткі на культуру лімітаваныя, дый аўтобус, каторым пасланцоў культуры павязуць ва Украіну, не гумовы…
I вось — гомельскі вакзал, «Ікарус» з шыльдачкай «заказны». Пашпарты ва ўсіх ёсць? Рэквізіт і касцюмы не забыліся? А што гэта ў вас, мужчыны, У валізах бомкае? Проста зараз «за ад’езд», пакуль астатнія падцягнуцца? Ну, добра, толькі адразу не напівайцеся, нам яшчэ дзяржаўную мяжу пераязджаць!..