Найти тему

Узлёт, якога мусіла і не быць

Першая сустрэча ўраджэнца сучаснага Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці лётчыка-выпрабавальніка Пятра Стэфаноўскага з кіраўніком СССР Сталіным мусіла стацца апошняй. Правадыр проста мог расстраляць будучага Героя Савецкага Саюза за паклёп на дасягненні савецкіх авіяканструктараў.

Намеснік начальніка кіравання НДІ ВПС па лётнай частцы Пятро Стэфаноўскі. 1944 г. СМГГ КП-1862
Намеснік начальніка кіравання НДІ ВПС па лётнай частцы Пятро Стэфаноўскі. 1944 г. СМГГ КП-1862

Дыфірамбы для генсака

Але крывавы тыран Джугашвілі толькі раззлаваўся ды надоўга запомніў смелыя словы авіятара, а потым падчас Вялікай Айчыннай вайны прызначыў Пятра Стэфаноўскага кіраўніком заходняга сектара супрацьпаветранай абароны Масквы.

Як жа насамрэч Пятро Стэфаноўскі ставіўся да Іосіфа Сталіна? Савецкая цэнзура не дазволіла адкрыта аб гэтым сказаць лётчыку.

Першая сустрэча кіраўніка СССР Іосіфа Сталіна з лётчыкам-выпрабавальнікам Пятром Стэфаноўскім адбылася ў самых адказных абставінах: на пасяджэнні ЦК у Крамлі. Аб гэтай падзеі Стэфаноўскі напіша ў сваёй кнізе “Трыста невядомых”1.

У 1939 годзе кіраўніцтва СССР склікала спецыяльнае пасяджэнне, на якім абмяркоўвалася пытанне стану савецкай авіяцыйнай тэхнікі. Неабходнасць такога мерапрыемства дыктавала становішча, што склалася ў свеце. Вялікай моцы дасягнула гітлераўская Германія, якая заваявала амаль усю Еўропу. У пасяджэнні бралі ўдзел выбітныя савецкія генералы, лётчыкі-выпрабавальнікі, героі вайны ў Іспаніі і Манголіі. Упершыню на мерапрыемстве такога высокага ўзроўню прысутнічаў наш зямляк Пятро Стэфаноўскі – на той час лётчык-выпрабавальнік Навукова-даследчага інстытута Ваенна-Паветраных Сіл Рабоча-Сялянскага Чырвонага Войска (НДІ ВПС РСЧВ), на рахунку якога былі запісаны дзясяткі аблятаных самалётаў. Вось наш суайчыннік сядзіць на пасяджэнні, уважліва слухае выступоўцаў і... не верыць сваім вушам.

“Аратары няспынна выхвалялі нашы самалёты, – успамінае гэты момант Пятро Стэфаноўскі, – якія быццам бы ва ўсім былі самымі лепшымі ў свеце”(С.161).

Такую недаацэнку навінак замежнай авіятэхнікі Пятро Міхайлавіч лічыць небяспечнай. Асабліва хвалебнымі і аптымістычнымі яму падаліся даклады шэрагу камандзіраў, якія ваявалі ў Іспаніі і Манголіі. Пятро Стэфаноўскі не вытрымаў і папрасіў слова.

“Бо што атрымліваецца? – разважаў ён. – Калі выбітныя авіятары краіны з захапленнем адгукаюцца пра нашы самалёты перад самім Сталіным, перад Палітбюро, значыць, клапаціцца аб авіяцыі, яе далейшым развіцці няма патрэбы – усё дасягнута і іншаземцы пакінуты далёка за спіною, нашы паветраныя межы на самым надзейным замку. І калі вораг сунецца на СССР, савецкія бамбардавальнікі здзейсняць па яму сакрушальны ўдар”(С.161).

Выступ Стэфаноўскага гучыць дысанансам ў хоры папярэдніх аратараў. Сітуацыя напружваецца. Наш зямляк гаворыць галоўным чынам аб недахопах савецкай авіятэхнікі. Якімі ж яны былі на той час? На думку Стэфаноўскага, гэта невыкарыстанне ў самалётабудаванні найноўшых трывалых металаў, адсталасць айчыннага маторабудавання ад шэрагу краін. І самае нечаканае для прысутных: шматлікія недахопы ў канструкцыях і прынцыпах канструявання дапаможнага спецыяльнага абсталявання самалётаў. Акрамя таго, наш зямляк выказвае пажаданне максімальна нарошчваць намаганні па ўдасканаленні айчыннай авіяцыі, каб “не апынуцца апошнімі ў будучых узброеных сутычках з капіталізмам”.

Пан альбо прапаў?

Выступ Стэфаноўскага гучыць шчыра, з запалам і доўжыцца 40 хвілін. Для пасяджэння такога высокага ўзроўню – гэта абраза для прысутных. Яны ў шоку. Безумоўна, сказанае Стэфаноўскім можа быць ацэнена як паклёп на апошнія дасягненні савецкага самалётабудавання. І не за такія смеласці людзі гінулі ў Сібіры, расстрэльваліся па загадзе Сталіна. Тым больш, акурат прайшлі 1937–1939 гады, якія запомніліся сталінскімі чысткамі Чырвонай Арміі: былі забіты звыш 75 тысяч афіцэраў, генералаў і палітработнікаў2. Сярод іх таленавіты ваявода маршал Міхаіл Тухачэўскі. А тут нейкі выскачка лётчык-выпрабавальнік Стэфаноўскі гаворыць тое, што не можа спадабацца кіраўніку СССР. Няўжо дыктатар Джугашвілі будзе трываць? Сталін не вымавіў ніводнага слова, пасяджэнне скончылася. Генсак застаўся вельмі абураным.

Гэты эпізод дазволіць Стэфаноўскаму наблізіцца да правадыра і нават выклікаць у яго давер. Сталін будзе памятаць лётчыка-выпрабавальніка і выкарыстае гэта знаёмства ў сваіх мэтах. А пакуль над Стэфаноўскім вісіць меч. Сталін даручае наркаму абароны Кліменцію Варашылаву высвятліць, хто такі гэты шчыры аратар: можа, ён шкоднік савецкай улады? Нагода выявіць яшчэ аднаго “ворага народа” ў савецкіх органаў ёсць дастатковая. Паводле біяграфіі са снежня 1928 года Пятро Стэфаноўскі быў кандыдатам у члены УКП(б) партарганізацыі Качынскай 1-й ваеннай авіяцыйнай школы лётчыкаў імя А.Ф. Мяснікова. У 1929 годзе паспяхова прайшоў сталінскую “чыстку”. Але ў жніўні 1930 года быў пазбаўлены кандыдацтва з фармулёўкай: “служыўшы ў Чырвонай Арміі, не кіраваў гаспадаркай бацькі, дапусціўшы перарастанне яе з сераднякоў ў заможныя”3. Сёння гэта гучыць смешна, а тады гэта мусіла быць падставай для смяротнага прысуду. Неверагодны факт: на пасяджэнні ЦК у Крамлі наш зямляк Пятро Стэфаноўскі прысутнічаў у якасці беспартыйнага.

На дыван выклікаецца непасрэдны начальнік Пятра Стэфаноўскага – камандзір брыгады НДІ ВПС РСЧВ І.Ф. Пятроў, які абараняе свайго падначаленага. Нават асмельваецца дакласці, што цалкам згодны з думкамі, выказанымі Стэфаноўскім. Варашылаў паведаміў Сталіну вынікі гутаркі і той змягчыўся, а потым рэзка змяніў свае адносіны да Стэфаноўскага. Пазней яшчэ не аднойчы Пётр Міхайлавіч будзе выступаць перад Сталіным, казаць аб недахопах савецкіх самалётаў, а генсак ужо не будзе адчуваць сябе няёмка і раздражнёна.

Першая сустрэча Стэфаноўскага і Сталіна стала вырашальнай для нашага земляка. Дзякуючы ёй краіна набудзе выдатнага лётчыка-выпрабавальніка, Героя Савецкага Саюза, а Светлагоршчына – славутага земляка. А мусіла скончыцца і зусім інакш: расстрэлам і забыццём.

Надзейны шчыт Масквы

Нечакана гітлераўская Нямеччына зрабіла напад на СССР. Стэфаноўскі фармуе з лётчыкаў-выпрабавальнікаў 402-і знішчальны авіяцыйны полк. Ужо 30 чэрвеня 1941 года авіязлучэнне трапляе на фронт у раён Ідрыцы (Пскоўская вобласць, РСФСР). Не паспеўшы як след паваяваць (не прайшоў і месяц), Пятра Стэфаноўскага выклікае ў Крэмль сам таварыш Сталін. Цікавая размова адбываецца паміж імі ў Крамлі. На жаль, савецкая цэнзура не дазволіла Пятру Стэфаноўскаму падрабязна перадаць яе змест ў кнізе “Трыста невядомых”.

Пётр Міхайлавіч дакладвае Сталіну аб стане на фронце, баявых дзеяннях, як звычайна, не хаваючы праўды: “Сказаў і аб ценявых баках нашай авіяцыі, аб цяжкай абстаноўцы, што склалася да сярэдзіны ліпеня 1941 года”(С.214). Што гэта канкрэтна за “ценявыя бакі”, мы ўжо ніколі не даведаемся. Як успамінае наш зямляк, Сталін слухае даклад уважліва, моўчкі, потым вымаўляе, узважваючы кожнае слова: “Так. На жаль, усе гэтыя ненармальнасці маюць месца. Але мы прымаем захады”. Можна толькі здагадвацца, пра якія “ненармальнасці” ішла гаворка. Не апісвае Стэфаноўскі знешні выгляд Сталіна, яго паводзіны, але зразумела, што генсаку было несалодка слухаць свежыя навіны з фронту. Гэта не тыя сухія зводкі, якія штодня атрымліваў ад падначаленых генералаў, а жывы кантакт з чалавекам, які прыбыў з фронту. Безумоўна, Сталіну было вельмі цяжка ў гэтыя дні, бо яго союзнік Гітлер здрадзіў, парушыў падпісанае ў 1939 годзе пагадненне ад ненападзе. Але Сталін сам рыхтаваўся напасці на Германію, спяшаўся стварыць моцную авіяцыю і не паспеў. А зараз трэба думаць пра абарону Масквы. Разведка даклала, што праз тры дні вораг будзе бамбіць сталіцу СССР. Гэта і ёсць галоўная прычына сустрэчы Сталіна са Стэфаноўскім. Генсак убачыў у ім вопытнага практыка, які ў гэты цяжкі момант мусіць надзейна захіліць ад нямецкіх самалётаў Маскву. А яшчэ Джугашвілі ўбачыў у Стэфаноўскім чалавека, які сярод ягонага кола падначаленых не прэтэндуе на ўладу. Сталін прапаноўвае беспартыйнаму Стэфаноўскаму вельмі адказную працу: узначаліць заходні сектар супрацьпаветранай абароны сталіцы СССР. Генсак ведае, што той не адмовіцца. Выбар атрымаўся ўдалы. Стэфаноўскі 11 месяцаў самааддана бароніць сэрца савецкай краіны ад гітлераўцаў, нават сам вылятае на самалёце выконваць заданні.

Выпрабавальнік – гэта прызванне

У 1942 годзе Стэфаноўскі вяртаецца ў свой Навукова-даследчы інстытут, каб працягнуць выпрабаванні самалётаў, у якіх мае патрэбу Чырвоная Армія для перамогі над гітлераўцамі. Яго сагітавалі былыя калегі па працы. Адбываецца яшчэ адна сустрэча Стэфаноўскага са Сталіным на чарговым пасяджэнні Палітбюро ў прысутнасці кіраўнікоў ВПС, авіяцыйнай прамысловасці і канструктараў. Тэмай пасяджэння было абмеркаванне новай канструкцыі знішчальніка Як-1 неабходнага фронту для барацьбы з новым нямецкім самалётам Ме-109Ф. Сталін агучыў праект пастановы, якая тычылася асаблівасцей пілатавання Як-1 і папрасіў Стэфаноўскага выказаць свае меркаванні. Пятро Міхайлавіч унёс папраўкі наконт празрыстасці матэрыялу ў кабіне, каб у лётчыка быў добры агляд ззаду, і шэраг іншых. Сталін імгненна патэлефанаваў дырэктару прадпрыемства, дзе вырабляўся гэты матэрыял, і прызначыў месяц тэрміна выправіць сітуацыю. Канструктару Якаўлеву даручыў ліквідаваць недахопы згодна заўваг, выказаных Стэфаноўскім. Пастанова з папраўкамі Пятра Міхайлавіча была прынята.

“Так проста і хутка вырашылася вельмі важнае пытанне барацьбы з новымі фашысцкімі самалётамі”, - падагульняе вынік пасяджэння Пятро Стэфаноўскі.

Памылкі правадыра

Можа здацца, што Пятро Стэфаноўскі вельмі паважаў Сталіна. Савецкая цэнзура не дазволіла нашаму земляку адкрыта напісаць ў кнізе “Трыста невядомых” свае сапраўдныя адносіны да кіраўніка савецкай краіны Іосіфа Сталіна, але ў адным з эпізодаў гэта атрымалася апасродкавана.

Пятро Міхайлавіч піша пра выпрабаванне ўнікальнага вынаходніцтва савецкага канструктара Уладзіміра Вахмістрава, які прыдумаў прычапляць да бамбардавальніка-маткі некалькі знішчальнікаў.

Авіяматка ТБ-3 са знішчальнікамі І-16 пад крыламі.
Авіяматка ТБ-3 са знішчальнікамі І-16 пад крыламі.

Бамбардавальнік дастаўляў самалёты да пункта прызначэння на вялікія адлегласці, дзе знішчальнікі адчапляліся, ляцелі бамбіць аб’ект, потым вярталіся “на базу”, прычапляліся, і ўся гэта канстукцыя вярталася дамоў. Гэта вынаходніцтва мела назву: паветраныя стартавыя пляцоўкі, а сярод лётчыкаў-выпрабавальнікаў – “цырк Вахмістрава”. Выпрабаванне такіх самалётаў-звенняў адбылася ў СССР у 1931 годзе. Усе работы былі пад сакрэтам і асабіста курыраваліся Міхаілам Тухачэўскім. У сярэдзіне 1930-х гадоў маршал даклаў Сталіну аб паспяховых выніках гэтых выпрабаванняў.

Фота wikipedia.org
Фота wikipedia.org

Генсак з дакорам паглядзеў на Тухачэўскага і з абразлівай усмешкай паведаміў: “Добры вы вайсковы спецыяліст, заслужаны маршал, а кажыце такія фантастычныя рэчы”(С. 212). Пасля гэтых слоў Сталіна ўся шматгадовая праца вялікага калектыва канструктараў-смалётабудаўнікоў, лётчыкаў-выпрабавальнікаў была змарнаваная. “А кампактны выпрабавальнік, пабудаваны ўжо на тры чвэрці, адпаведна адправіўся на... сметнік”, - шкадуе Стэфаноўскі.

У 1937 годзе Сталін расстраляў таленавітага маршала Міхаіла Тухачэўскага і ідэя стартавых пляцовак была канчаткова пахавана. Пра вынаходніцтва ўспомнілі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта “цырк Вахмістрава” разбамбіў порт і нафтабазу каля горада Канстанца (Румынія), Чарнаводскі мост праз Дунай і мост праз Дняпро каля Запарожжа, удзельнічаў у іншых аперацыях, і заўсёды меўся паспяховы вынік. Для немцаў такія налёты былі цалкам нечаканымі: савецкія знішчальнікі прымаліся за свае самалёты. “Дзякуючы” таварышу Сталіну, хоча сказаць Стэфаноўскі, таленавітае вынаходніцтва недаравальна было спіхнута ў адхон.

Віктар Раманцоў.

2008 г.

1. Стефановский П.М. Триста неизвестных. – М.: Воениздат, 1973. (Далей пры спасылцы на гэта выданне ў дужках ставіцца нумар старонкі).

2. Каваленя, А.А., Саракавік І.А. Беларусь напярэдадні і ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн. – Мн., 2008. – С. 70.

3. Светлагорскі музей горада. Выпіска з біяграфіі. НВ-1682.

Крыніца: https://dobramir333.livejournal.com/2628.html