У 2,5-3 км на паўночны захад ад в. Снядзін Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Прыпяць размешчаны тры селішчы і грунтовы могільнік з матэрыяламі пражскай культуры [1, с. 27-35]. Адлегласць між паселішчамі складае 0,3-0,4 км, а могільнік прымыкае з захаду да селішча-1.
Паселішча Снядзін-2 займае паўночнае становішча адносна іншых аб’ектаў комплекса і знаходзіцца у 0,3 км ад селішча Снядзін-1 і аддзяляецца ад апошняга забалочанай нізінай. Размешчана ў заходняй частцы выцягну- тага з усходу на захад узвышша на вышыні 2,5-3,5 м над поплавам, ва ўрочышчы Дворышча, з поўначы абмежавана старычным возерам Ходнае (Входнэе), якое злучаецца з р.Прыпяць. Яго плошча дасягае прыкладна 150 х 270 м. У цэнтральнай частцы паселішча назіраецца паніжаная лагчына, без прыкмет культурнага пласта. Тэрыторыя помніка разворваецца, на яго паверхні сустракаецца ляпная кераміка, кавалкі балотнай руды, жужаль.
Раскопкі паселішча Снядзін-2 праводзіліся у 1994-1998 гг. экспедыцыяй Інстытута гісторыі НАН Беларусі пры сталым удзеле амерыканскіх студэнтаў пад кіраўніцтвам прафесара Мюленбергскага каледжа Волта Трымера (штат Пенсільванія).
Даследавалася паўднёва-заходняя частка помніка на плошчы звыш 400 кв.м. Культурны пласт дасягаў таўшчыні 0,35-0,7 м і складаўся ў верхняй частцы на глыбіню да 0,3-0,35 м з супеску цёмна-шэрага колеру, пашкоджанага ворывам на глыбіню 0,2-0,3 м. Ніжэй залягаў супесак бурага карычневатага колеру. Мацярык уяўляе сабою жоўты пясок. У раскопе выяўлены 36 слупавых і 79 гаспадарчых ям, 2 асобныя агмені, складзеныя з камянёў і кавалкаў ляпнога посуду і 5 развалаў гліняных металургічных печаў.
Печы размешчаны кампактнай групай. Паўночнае становішча займае печ 1, к паўднёваму захаду ад яе знаходзяцца печы 2 і 3, к паўднёваму ўсходу печы 4 і 5. Заходняя (2, 3) і ўсходняя (4, 5) пары печаў знаходзяцца на адлегласці каля 7 м ад печы 1. Адлегласць паміж печчу 2 і 3 складае крыху больш за 3 м і печамі 4 і 5 звыш 4 м.
Печ 1 выяўлена на глыбіні 0,22-0,25 м у выглядзе развала чырванавата- карычневай і шэрай гліны з уключэннем кавалкаў жужалю, невялікіх камянёў і абломкаў ляпнога посуду. Плошча развала дасягала памераў прыкладна 1,4 X 1,6 м, таўшчыня яго вагалася ў межах 0,1-0,2 м. У паўднёвай частцы развала прасочана амаль круглае ў плане дно печы дыяметрам 0,7 м, ca знешняга боку якога захавалася аснова сценак на вышыню 2-3 см. Унутраны дыяметр печы складае 0,6 м, таўпгчыня сценак дасягае 8-10 см. Дно ўяўляе сабою кола моцна абпаленай, парэпанай гліны, на якім прасочана тонкая праслойка чорнага пяску з попелам і два фрагменты ляпной керамікі. Само дно плоскае, яго таўшчыня даходзіць да 10 см, яго ніз залягае на вышыні каля 15 см ад мацерыка і на глыбіні 0,35-0,36 м ад дзённай паверхні. 3 паўночнага боку печы назіралася паглыбленне ў мацерыку да 0,1 м са слаістым запаўненнем. Адразу пад развалам гліны знаходзіўся пласт перапаленага пяску таўшчынёю 8-9 см, ніжэй залягаў пласт чорнай вуглістай зямлі з кавалкамі перапаленай гліны. Паміж ім і мацерыком прасочаны пласт бурага супеску таўшчынёю ад 2 да 10 см. На паўночным краю развала гліны знойдзена крыца. У развале печы і пад ім выяўлена 66 кавалкаў металургічнага жужалю, некаторыя з іх дасягалі 16-18 см у дыяметры, а таксама 67 фрагментаў ляпной керамікі. К поўдню ад дна печы, часткова пад скапленнем перапаленай гліны прасочана акруглая ў плане яма дыяметрам 1,2 м і глыбінёю ад узроўня мацерыка да 0,5 м. Яе запаўненне складалася з супеску бурага колеру з дамешкамі вуголля і попелу ў верхняй частцы. У яме знойдзена 4 кавалкі жужалю, 7 фрагментаў ляпной керамікі, 2 косткі жывёл і кавалкі балотнай руды. Вакол печы на глыбіні 0,3 м ад дзённай паверхні назіралася пляма чорнай зямлі з вуголлем і попелам. На ўсход ад печы яна распрасціралася на 3 м і на захад да 0,5 м.
Печ 2 выяўлена на глыбіні 0,2 м ад дзённай паверхні ў выглядзе скаплення чырвона-карычневай і шэра-зялёнай гліны плошчаю прыкладна 1,2 х 1,5 м з уключэннямі костак, кавалкаў жужалю, камянёў, фрагментаў ляпнога посуду. Таўшчыня развала складала 5-10 см. У яго цэнтры прасочана дно печы са знешнім дыяметрам 0,5 см і ўнутраным 0,3-0,35 м. Сценкі ў аснове мелі таўшчыню 7-9 см, а дно — 2-3 см і было выкладзена буйнымі і дробнымі фрагментамі ляпнога посуду. Аснова печы знаходзілася на глыбіні 0,3 м ад дзённай паверхні і на вышыні 0,1 м ад мацерыка. Паміж дном печы і мацерыком прасочаны пласт супеску чорнага колеру з уключэннямі вуголля і попелу і рэдкімі лінзамі жаўтаватага пяску. На дне печы знойдзена 52 фрагменты керамікі, а ў развале — 16. З усходняга боку развала печы назіралася пляма чорнай з вуголлем і попелам зямлі.
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!
Печ 3 знаходзіцца прыкладна ў 3-х метрах к поўдню ад печы 2. Выяўлена на глыбіні 0,2-0,23 м ад дзённай паверхні ў выглядзе скаплення гліны чырвона-карычневага і шэра-зялёнага колераў з уключэннямі невялікіх камянёў, кавалкаў жужалю, фрагментаў ляпной керамікі. Памеры яго каля 1,2 х 1,7 м. Праслойкі перапаленай чырванаватай гліны перамяжоўваюцца з праслойкамі чорнай з уключэннем вуголля і попелу зямлі. У заходняй частцы скаплення часткова прасочана падковападобнай формы аснова сценак са знешнім дыяметрам каля 60 см і ўнутраным дыяметрам каля 40 см. Дно адсутнічае. У развале печы знойдзена 58 фрагментаў ляпной керамікі, 23 кавалкі жужалю, 2 косткі жывёл. З заходняга боку, часткова пад развалам печы, у месцы, дзе прасочана аснова сценак, выяўлена яма 86, круглая ў плане, дыяметрам 0,7 м і глыбінёю 0,22 м ад узроўня мацерыка. У яе запаўненні, якое складаецца з чорнай зямлі з вуголлем і попелам, знойдзена 14 фрагментаў ляпнога посуду і 4 косткі жывёл. Пад паўднёвым краем скаплення гліны выяўлена яшчэ адна круглая ў плане яма дыяметрам 0,4 м і глыбінёю 0,2 м ад узроўня мацерыка. У яе запаўненні з чорнай зямлі з вуголлем і попелам выяўлена 2 фрагмента глянцаванага посуду, 2 грубаляпнога і кавалак пячыны.
Печ 4 выяўлена на глыбіні 0,2-0,22 м ад дзённай паверхні ў выглядзе скаплення чырвона-карычневай і шэра-зялёнай гліны з уключэннем невялікіх камянёў, кавалкаў жужулю, фрагментаў ляпнога посуду, костак жывёл, плошчаю прыблізна 1,2 х 1,6 м. Усяго знойдзена 91 фрагмент керамікі, 34 косткі і 8 кавалкаў жужалю. Амаль у цэнтры развала прасочана аснова сценак печы і падвойнае дно. Знешні дыяметр печы каля 70 см, унутраны — каля 50 см. Верхняе дно мела таўшчыню 9-10 см, на ім знаходзілася 27 фрагментаў ляпной керамікі. Паміж верхнім і ніжнім дном прасочана праслойка (2-4 см) перапаленага светлага пяску. На ніжнім дне таўшчынёю да 8 см выяўлена 8 фрагментаў ляпной керамікі. Пад дном печы і яе развалам да мацерыка залягаў пласт бурага супеску таўшчынёю 16-25 см з лінзамі жоўтага і чорнага пяску з уключэннем вуголля і попелу. На паўночным краю развала печы знойдзены 2 цэлыя гліняныя хлебцы дыяметрам 7,5 см і таўшчынёю 3,3 см. Непадалёк ад печы, у культурным пласце селішча выяўлена 14 фрагментаў падобных хлебцаў. У размешчаных на ўсход ад печы 4, запоўненых чорнай зямлёй з дамешкамі вуголля і попелу яме 67 знойдзена 59 кавалкаў жужалю і яме 65 — 22 кавалкі жужалю.
Печ 5 прасочана на глыбіні 0,16-0,2 м у выглядзе развала чырвонай і чырвона-карычневай гліны таўшчынёю 0,1-0,26 м і плошчаю прыкладна 1,6 х 2,5 м з уключэннем невялікіх камянёў, кавалкаў жужалю, фрагментаў ляпнога посуду і костак жывёл. У заходняй частцы скаплення гліны прасочана аснова сценак і дно печы. Знешні дыяметр печы роўны 0,65 м, унутраны — 0,4 м. Дно печы двухслойнае, верх яго выяўлены на глыбіні 0,25 м ад дзённай паверхні. Верхняе дно лінзападобнае ў разрэзе, на ім захаваўся тонкі пласт чорнай вуглістай зямлі, у якім знойдзена некалькі дробных каменьчыкаў, кавалкаў жужалю, 10 фрагментаў ляпной керамікі. На 10 см ніжэй знаходзілася другое дно, плоскае ў разрэзе. Паміж верхнім і ніжнім дном выяўлены перапалены, амаль развалены камень і вялікія абломкі верха гаршка пражскай культуры. На ніжнім дне выяўлены 14 фрагментаў ляпной керамікі і 4 косткі жывёлы. Аснаванне ніжняга дна ляжала на глыбіні 0,45 м ад дзённай паверхні, амаль на мацерыку, а ніз развала знаходзіўся на глыбіні 0,3-0,38 м ад дзённай паверхні. Пры даследаванні развала печы 5 знойдзена 144 фрагменты грубаляпной керамікі, 2 глянцаванай, 62 кавалкі жужалю, 53 косткі жывёл, 1 крамянёвы адшчэп. Пад развалам печы 5, к усходу ад яе асновы выяўлена яма 98, авальная ў плане. Яе памеры 0,25 х 0,9 м, глыбіня 0,45 м ад узроўню мацерыка. Запоўнена чорнай сажыстай зямлёй з уключэннямі вуголля і попелу. У ёй знойдзена 4 фрагменты сценак ляпнога посуду, 5 кавалкаў жужалю, кавалкі пячыны. Вакол печы на глыбіні 0,3 м ад дзённай паверхні назіралася пляма чорнай сажыстай зямлі плошчаю прыблізна 5 х 9 м.