Яўген Ждановіч, planetabelarus.by
Касцёл, які фундаваў Язэп Корсак, не зачыняўся нават пры бальшавіках. Быў і застаецца важным паломніцкім месцам Віленшчыны.
Храм стаіць насупраць Сабора Раства Прасвятой Багародзіцы, іх агульныя выявы ўжо сталі візітоўкай Глыбокага.
«Планеце Беларусь» пра глыбоцкую святыню распавядае краязнаўца, настаўнік Глыбоцкай мастацкай школы Юры Калбасіч.
— Сучасны касцёл Святой Троіцы ў Глыбокім – гэта помнік позняга барока, помнік архітэктуры XVIII і XX стагоддзяў – у ХХ-м ён набыў два бакавыя трансэпты і два ярусы вежаў, — кажа Юры Калбасіч. — Але, як гэта бывае са старымі храмамі, пачаўся ён раней. У 1641 годзе ваявода мсціслаўскі і стараста дзісенскі Язэп (Юзаф, Іосіф) Корсак фундаваў будаўніцтва драўлянага касцёла ў сваёй частцы мястэчка. Дакладных звестак, дзе ён быў, няма, але ёсць ускоснае пацверджанне, што стаяў на месцы цяперашняга, бо тут падчас розных будаўнічых прац знаходзілі абгарэлыя бэлькі. Мураваная святыня паўстала ў 1783 годзе, у касцёле можна пабачыць шыльду ў гонар асвячэння.
У час Корсака у Глыбокім існаваў яшчэ адзін парафіяльны касцёл пад назвай Святога Міхала. Ён знаходзіўся ў частцы горада, што належыла Зяновічам і адносілася да тэрыторыі Віленскага ваяводства, касцёл Святой Тройцы – да ваяводства Полацкага. Такім чынам, у адным горадзе існавалі дзве парафіі.
Перабудову ў мураваны касцёл распачаў тагачасны пробашч ксёндз Антоні Яшчолт, ягоны наступнік ксёндз Міхал Федаровіч закончыў перабудову. Новы касцёл меў дзве вежы, галоўны алтар і два бакавыя алтары, мураваную падлогу і склеп з 12-ці катакомбаў, што цягнуліся пад усім касцёлам. У 1865 годзе пасля канчатковага скасавання кармеліцкага кляштара ў парафіяльны касцёл былі перанесены цудадзейны абраз Маці Божай Падхорнай і фігура Езуса Церпячага.
— У пачатку ХХ стагоддзя, прыкладна каля 1905 года, калі колькасць вернікаў была большая, чым умяшчальнасць касцёла, яго вырашана было рэканструяваць, — працягвае расповед Юры Калбасіч. — Былі разабраныя вонкавыя бакавыя сцены, паўднёвая і паўночная, з іх утварыліся бакавыя нэфы. Плошча візуальна павялічылася амаль напалову, быў перасунуты алтар разам з апсідай і нарошчаныя вежы, для таго каб захаваць прапорцыі, каб ён гарманічна глядзеўся. Замененая падлога. Для таго каб ацаніць маштаб перабудовы, дастаткова візуальна разгледзець калоны — можна пабачыць, што было раней, а што дабудавана. Працы па рэканструкцыі касцёла выкананыя пад кіраўніцтвам і па праекце архітэктара Антонія Дубовіка, ён жа з'яўляецца архітэктарам касцёла ў Задарожжы.
АЛТАР, КРЭСЛА ПРЫЁРА І СХАВАНЫ ЗВОН
З кляштару, адабранага ў кармелітаў, пераняслі сюды і шмат мэблі. Сярод якой і крэсла прыёра з выявай герба ордэна кармелітаў.
—Можна ўявіць, — кажа Юры Калбасіч, — што ў ім сядзеў імператар Францыі Напалеон Банапарт, бо яго ў Глыбокім у 1812 годзе прымалі як самага шаноўнага госця. Ці вось лаўка ў прэзбітэрыі — з выявамі гербаў беларускай шляхты.
Краязнаўца Кастусь Шыталь, што праўда, нязгодны з такім уяўленнем, бо «наўрад ці Напалеон мог сесці ў святарскае крэсла». Але ж Напалеон дакладна мог яго бачыць — у кляштары кармелітаў ён прабыў тыдзень.
Звяртае на сябе ўвагу алтар, аздоблены рэльефамі. Ёсць легенда, што яго выразаў сын Якуба Ясінскага, аднаго з кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1794 года. Нібыта Ясінскі, каб пазбегнуць наступстваў для сям'і, свайго сына адправіў у кляштар да кармелітаў у Глыбокае.
Зусім нядаўна ў касцёл вярнуўся звон, які знайшлі падчас падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства ў 2012 годзе – побач з касцёлам ставілі электрычную апору і бурам упёрліся ў нешта цвёрдае. З ямы дасталі звон, які сёння выкарыстоўваецца падчас набажэнства. Звон адліты ў 1882 годзе ў Варшаве.
ГЛЫБОЦКАЯ СВЯТЫНЯ
Цудадзейны абраз Дзевы Марыі Снежнай – гэта спіс з шанаванага ў Беларусі рымскага абраза Маці Божай. Назва тлумачыцца цудам, які адбыўся пры закладцы храма ў Рыме 5 жніўня 352 года. Дзева Марыя з’явілася ў сне фундатарам і сказала, каб храм будавалі там, дзе выпадзе снег – і ён выпаў у летнюю спёку на Эсквілінскім узгорку.
Каталіцкую святыню Глыбоччыны называюць яшчэ абраз Маці Божай Шкаплернай, больш знанай як Падхорнай.
—Вельмі шмат людзей пачало атрымліваць ласкі і дабрадзействы за прычынай Маці Божай Падхорнай, і такім чынам пачалі з’яўляцца ўсё новыя і новыя экс-воты ад удзячных веруючых за атрыманыя цуды і ласкі. Таму ўжо ў другой палове XVIII стагоддзя манахі зрабілі з выбеленай медзі спецыяльную шату, якаснай работы для гэтага цудадзейнага абраза. Акрамя таго, за ахвяры,складзеныя перад абразом, манахі зрабілі тры сярэбраныя кароны, дзве з якіх былі выкладзеныя дарагімі чэшскімі камянямі, а адна, якую трымалі над абразом два анёлы, была пакрытая золатам, гэтыя кароны былі прымацаваныя да абраза разам з шатай, — гаворыцца ў артыкуле, размешчаным на сайце парафіі Святой Троіцы - Акрамя гэтага ўжо пад канец XVIII стагоддзя каля абраза віселі вельмі і то вельмі каштоўныя воты, а менавіта: вялікі залаты пярсцёнак, вялікі сярэбраны пярсцёнак, каштоўны крыж з трыма дыямантамі (алмазамі) і шмат розных сярэбраных вотаў. Вісеў таксама каля абраза, як выраз ўдзячнасці і ордэр Белага Арла – найвышэйшай дзяржаўнай адзнакі ў Рэчы Паспалітай».
Воты (лац. votivus — ахвяра, прынашэнне па абяцанні) — ахвяраваныя рэчы рэлігійнага ўжытку, сасуды, статуэткі, зброя, таксама выявы частак чалавечага цела (сэрца, рука, нага, галава і г.д.) з каштоўнага металу, якія, як ахвяраванне, прымацоўваюцца да жывапіснай або скульптурнай выявы святога, за дапамогай да якога звяртаецца чалавек.
Культ вотаў усё больш развіваўся ў ХІХ стагоддзя, «Глыбокае за прычынай цудадзейнага абраза Маці Божай Падхорнай сталася важным паломніцкім цэнтрам амаль ўсёй усходняй часткі віленскай дыяцэзіі». Менавіта перад гэтым абразом паўстанцы 1831 года складалі прысягу на вернасць Айчыне і адраджэнне незалежнасці Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.
РАССТРАЛЯНЫЯ Ў БЕРАЗВЕЧЧЫ
Касцёл захоўвае памяць пра ксяндзоў, якіх расстралялі немцы ў 1942 годзе зусім недалёка ад храма – ва ўрочышчы Барок побач з Беразвеччам, тады прадмесцем Глыбокага. Ксяндзы Мечыслаў Багаткевіч, Уладыслаў Мацьковяк і Станіслаў Пыртак былі забітыя за сваю душпастырскую дзейнасць. Гэтыя пакутнікі былі ўзнесены да хвалы алтароў Святым Айцом Янам Паўлам ІІ у 1999 годзе разам з пакутнікамі іншых краін.
У 1993 годзе па ініцыятыве польскага боку была спроба ўсталяваць памятны знак у Беразвеччы ў гонар ахвяр палітычнай турмы НКУС, якая там існавала ў 1939-41 гадах, і ахвяр нямецкага канцлагера ў 1941-44 гадах. Мясцовыя ўлады такую ініцыятыву не падтрымалі, таму шыльда з'явілася ў касцёле Святой Тройцы.
АДНОЎЛЕНЫ ПАРТРЭТ
У 2014 годзе на святкаванне юбілею Глыбокага былі запрошаныя прадстаўнікі роду Корсакаў. Адзін з іх, Аляксандр Корсак з уласнай ініцыятывы за грошы, сабраныя прадстаўнікамі роду, замовіў партрэт Язэпа Корсака, які, згодна з апісаннем, знаходзіўся калісьці ў касцёле кармелітаў. Арыгінальны, так званы сармацкі партрэт Корсака, згублены ў віхуры войнаў мінулага стагоддзя. Апошняя згадка пра яго – гэта тое, што ў 1935 годзе партрэт трапіў на продаж у Салон Мастацтва ў Варшаве.
Язэп Корсак быў пахаваны ў 1643 годзе пад яшчэ драўляным касцёлам. Пасля пажару падчас «крывавага патопу» з Масковіі парэшткі фундатара перанеслі ў кармеліцкі кляштар. Пасля ліквідацыі кляштару дакладнае месца перапахавання выкінутага на вуліцу праха Корсака невядомае.